У адным з чатырох турніраў тэніснай сэрыі «Вялікага шалома» — Уімбэлданскім — сёлета зьбіраюцца забараніць удзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі. Прычына ў агрэсіі супраць Ўкраіны. Пра гэта ананімна заявіў высокапастаўлены міжнародны тэнісны чыноўнік, інфармуе The New York Times. Пазьней на сайце турніру зьявілася адпаведаня заява.
Уімбэлданскі турнір пачынаецца 27 чэрвеня і стане першым, дзе абмежаваны ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі. Гэта адбудзецца ўпершыню з часоў ІІ Усясьветнай вайны, калі гульцам зь Нямеччыны, Японіі і іншых краін не дазвалялі ўдзельнічаць у турніры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя запатрабавала зьняць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі з вышэйшых пасад у міжнародных спартовых фэдэрацыяхЖурналісты NYT мяркуюць, што на арганізатараў Уімбэлдану паўплываў урад Вялікай Брытаніі, які займае жорсткую пазыцыю што да агрэсіі Расеі. Найджэл Гадлстан, брытанскі міністар спорту, заявіў у мінулым месяцы на парлямэнцкіх слуханьнях, што расейскім гульцам, такім як Данііл Мядзьведзеў, магчыма, спатрэбіцца даць «гарантыі» таго, што яны не падтрымліваюць Пуціна, каб згуляць на Ўімбэлдане. Забарона ўдзелу ў турніры ў такім выпадку выглядае як абарона спартоўцаў. Асуджэньне вайны можа паставіць іх і іх сем’і ў небясьпечнае становішча на радзіме.
Праз забарону Ўімбэлданскі турнір з высокай імавернасьцю прапусьцяць дзьве вядучыя беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Сабаленка расплывіста выказвалася супраць вайны і раней падтрымлівала Лукашэнку, Азаранка ў апошнія гады ўнікае шырокіх палітычных выказваньняў.
Раней стала вядома, што ўкраінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева стаў на абарону Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Домрачава асудзіла адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIDE дыскваліфікавала расейскага гросмайстра Сяргея Каракіна за падтрымку вайны ва Ўкраіне