Паводле Багдана Плахатнюка, перад абстрэлам на ягоным доме ў Лясной Бучы (гістарычная назва мясцовасьці ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. — РС), зьявілася пазнака, а 17 сакавіка суседзі паведамілі, што ў будынак пацэліў снарад.
Калі Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, у многіх гарадах на асобных будынках пачалі зьяўляцца пазнакі сьвятлоадбівальнай фарбай. Ёсьць сьведчаньні, што такім чынам расейскія дывэрсанты пазначаюць будынкі для нанясеньня ўдараў.
«Учора ўдалося трапіць да сябе ў Лясную Бучу… Такім чынам, зьнішчаныя мае дзяцінства і юнацтва. Зьнішчаны часткова архіў майго дзядзькі, Героя Ўкраіны, Вячаслава Чарнавола. Зьнішчылі ўсе кнігі з былога Фонду Чарнавола і больш як 60 поўных камплектаў дзесяцітомніку Чарнавола, які ўклала маці», —напісаў Багдан Плахатнюк на сваёй старонцы ў Facebook.
Багдан Плахатнюк паведаміў, што зьнішчаны і архіў ягонага бацькі, палітвязьня савецкай сыстэмы Міколы Плахатнюка. «Толькі некалькі сшыткаў вылецелі ў момант выбуху», — дадаў ён.
Вячаслаў Чарнавол – украінскі палітычны дзяяч, дысыдэнт савецкага часу, журналіст, лідэр украінскага Руху, у 2000 годзе ўганараваны званьнем Героя Ўкраіны. У 1999 годзе трагічна загінуў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Вячаслаў Чарнавол загінуў у выніку ДТЗ, калі 25 сакавіка 1999 году яго аўтамабіль сутыкнуўся з КамАЗам з прычэпам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У генпракуратуры Ўкраіны правяраюць вэрсію забойства Чарнавола, зьвестак пра кастэт няма
Вячаслаў Чарнавол і ягоны кіроўца Яўген Паўлаў загінулі на месцы ДТЗ. Вэрсіі сьледзтва мяняліся. У 2017 годзе тагачасны генэральны пракурор Юрый Луцэнка паабяцаў парлямэнтарам расьсьледаваньне абставінаў сьмерці лідэра Народнага Руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавола, як толькі завяршыць справы экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча і Майдану.
Большасьць сяброў і сын, Тарас Чарнавол, перакананыя, што гэта было палітычнае забойства.
Згодна зь нядаўнім апытаньнем фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучарыва сумесна з сацыялягічнай службай Цэнтр Разумкова, украінцы лічаць, што Чарнавол зрабіў найболей сярод грамадзкіх дзеячаў для абароны і прадстаўленьня інтарэсаў грамадзян з часу абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны.
Мікола Плахатнюк (1936–2015) — украінскі дысыдэнт, мэдык, сябар Клюбу творчай моладзі ў 1960-я, грамадзкі дзяяч, палітвязень, ахвяра карнай псыхіятрыі ў савецкі час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бамбаваньні «Азоўсталі», працяг баёў на Данбасе, 5 мільёнаў уцекачоў. 56-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.