Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бамбаваньні «Азоўсталі», працяг баёў на Данбасе, 5 мільёнаў уцекачоў. 56-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Украінскі вайсковец, Севераданецк, красавік 2022 г.
Украінскі вайсковец, Севераданецк, красавік 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, каля 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінскія памежнікі выйшлі на ахову ўсёй лініі мяжы зь Беларусьсю.
  • Колькасьць уцекачоў ад вайны ва Ўкраіне перавысіла 5 млн чалавек.
  • Расейцы скінулі вялікія бомбы на завод «Азоўсталь», пад заваламі знаходзяцца людзі, дакладную колькасьць вызначыць складана.
  • Расейцы вядуць інтэнсіўную атаку на Данбас.
  • Італія заявіла, што накіруе зброю ва Ўкраіну.
  • Адбыўся пяты абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй.
  • Сарваўся гуманітарны калідор з Марыюпалю

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 20 красавіка

Гуманітарны калідор з Марыюпалю «не спрацаваў так, як плянавалася»

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што заплянаваны на сёньня гуманітарны калідор з Марыюпалю «не спрацаваў так, як плянавалася».

«Праз адсутнасьць кантролю над уласнымі вайскоўцамі на месцах акупанты не змаглі забясьпечыць належнае спыненьне агню, — напісала яна. — Таксама праз уласьцівую ім неарганізаванасьць і халатнасьць акупанты не змаглі своечасова забясьпечыць падвоз людзей да месца, дзе чакалі дзясяткі нашых аўтобусаў і машын хуткай дапамогі. Заўтра раніцай мы адновім працу на Марыюпальскім кірунку».

Расейцы ўдарылі па лякарні ў Мікалаеўскай вобласьці

Акупацыйныя войскі Расеі нанесьлі ўдар па Баштанцы Мікалаеўскай вобласьці. Сярод іншага, яны разбамбілі шпіталь.

Пра гэта паведаміла кіраўніца Мікалаеўскай абласной рады Ганна Замазеева.

У выніку ўдару разбураныя дыялізнае і прыёмнае аддзяленьні, апэрацыйная засталася без шклопакетаў.

Данбас: 10 адбітых атак расейцаў за содні

У Данецкай і Луганскай абласьцях за мінулыя содні адбіта 10 атак расейскіх акупантаў, зьнішчана 20 танкаў, 28 адзінак бранятэхнікі і 2 адзінкі аўтатэхнікі, адна артылерыйская сыстэма, паведамляе зводка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны.

Вайскова-паветраныя сілы Ўкраіны за мінулыя содні нанесьлі ўдары па 9 паветраных цэлях, зьбіўшы: 1 самалёт, 1 гелікоптэр, 6 БПЛА розных тыпаў і 1 крылатую ракету.

У зводцы паведамляецца, што войскі захопнікаў вядуць атакі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, часткова блякуюць Харкаў, абстрэльваючы яго, а таксама імкнуцца прабіцца да адміністрацыйных межаў на выхад з Херсонскай вобласьці.

80% тэрыторыі Луганскай вобласьці знаходзіцца пад кантролем Расеі, — губэрнатар

Пра гэта 20 красавіка заявіў губэрнатар Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай у эфіры CNN. «Расея, вядома, не зьбіраецца спыняцца на дасягнутым і будзе спрабаваць рухацца далей», — дадаў ён.

Гайдай заклікаў мірных жыхароў, якія засталіся, пакінуць рэгіён. Паводле яго, з 350 000 чалавек, якія жылі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі вобласьці да вайны, сёньня засталося каля 70 000 чалавек.

Украіна: 500 тысяч украінцаў дэпартавалі ў Расею

«Паўмільёна грамадзян Украіны былі дэпартаваныя з Украіны ў Расейскую Фэдэрацыю бяз згоды зь іх боку», — заявіў кіраўнік Камітэту ў пытаньнях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мікіта Патураеў.

Паводле яго, Украіна лічыць гэтых грамадзян зьніклымі бязь вестак. «На жаль, пакуль няма ніякай магчымасьці нават наладзіць кантакт з гэтымі людзьмі», — сказаў Патураеў празь відэасувязь дэпутатам Эўрапарлямэнту.

Пад заваламі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі застаюцца сотні людзей

Напярэдадні расейцы скінулі на прадпрыемства цяжкую бомбу, паводле некаторых зьвестак — вагой да 3 тонаў. Абаронцы гораду заяўляюць, што ў раёне палявога шпіталя і месцах знаходжаньня мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, ёсьць абвалы. Пра гэта паведамляе ТСН.

«Пад заваламі ёсьць хлопцы, якія загінулі, ёсьць байцы, якія параненыя, могуць быць мірныя жыхары, да якіх мы зараз ня можам дабрацца. Нашы палявыя шпіталі таксама імправізаваныя, таксама пад заваламі», — сказаў намесьнік камандзіра палку «Азоў» з пазыўным «Каліна».

Ён адзначыў, што ніхто ня ведае сапраўднай колькасьці пацярпелых.

«Бо ідуць пастаянныя бамбаваньні, пастаянныя завалы, а нармальнай сувязі няма. І мы ня можам трапіць у пэўныя месцы і назваць нейкія канкрэтныя лічбы. Мы дакладна ведаем, што там сотні людзей, у тым ліку вялікая колькасьць дзяцей, у тым ліку немаўлятаў, якія тут знаходзяцца, і яшчэ пацярпелі», — дадаў «Каліна».

Зяленскі гатовы абмяняць расейскіх палонных на бясьпечны выхад з Марыюпалю

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы абмяняць расейскіх ваеннапалонных на бясьпечны праход для мірных жыхароў і ўкраінскіх вайскоўцаў у Марыюпалі.

Паводле зьвестак украінскага прэзыдэнта, на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі цяпер хаваюцца каля тысячы мірных жыхароў.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах управы Высокага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН у пытаньнях міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч іншаземцаў.

Найбольш уцекачоў з Украіны выехалі ў Польшчу — звыш 2,7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны жыў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мінабароны Расеі вырашыла абмежаваць доступ да зьвестак аб сваяках вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне

Зьвесткі пра вайскоўцаў, што загінулі пры правядзеньні «спэцапэрацыяў», яшчэ з 2015 году сталі дзяржаўнай таямніцай, але льготы іхным сем’ям афармляюць цывільныя чыноўнікі раённых адміністрацыяў. Цяпер Міністэрства абароны РФ просіць урад перадаць гэтыя паўнамоцтвы вайсковым камісарыятам, што зробіць больш закрытай інфармацыю пра загінулых удзельнікаў вайны супраць Украіны, піша ВВС.

Кампанія Henkel абвясьціла, што сыходзіць з Расеі з прычыны вайны

Нямецкая кампанія — вытворца бытавой хіміі Henkel вырашыла спыніць дзейнасьць у Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі. У кампаніі паабяцалі, што 2500 яе супрацоўнікаў пакуль працягнуць працаваць і атрымліваць заробак, а плян выхаду Henkel з расейскага рынку яшчэ рыхтуецца.

У Henkel дадалі, што асуджаюць вайну Расіі супраць Украіны і гвалт у дачыненьні да бязьвінных мірных жыхароў.

Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»

Пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 дзён.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Лясы на поўдні пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хвойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хвойніках.

Як рэагуе сьвет

Літва заканадаўча забараніла дэманстрацыю сымбаляў «Z» і «V», а таксама аранжава-чорную стужку

Асобна ў дакумэнце адзначана забарона на аранжава-чорную («георгіеўскую») стужку, літары «Z» і «V». За дэманстрацыю такой сымболікі прадугледжаны штраф у памеры 300–700 эўра, а для юрыдычных асоб ён будзе даходзіць да 1200 эўра. Паўторнае парушэньне цягне за сабой штраф у памеры 500–900 эўра для фізычных асоб або 800–1500 эўра — для юрыдычных асоб.

Раней сымбалі, якія асацыююцца з расейскімі акупантамі, забаранілі ва Ўкраіне, Малдове і Нямеччыне.

Канада ўвяла новыя санкцыі супраць 14 расейцаў

19 красавіка Канада ўвяла санкцыі супраць старшыні расейскага Цэнтрабанку Эльвіры Набіулінай, бізнэсоўцаў Пятра Авэна і Міхаіла Гуцэрыева, сэнатара Аляксандра Торшына, віялянчэліста Сяргея Ралдугіна, дачок Пуціна Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, а таксама яшчэ семярых расейцаў.

Улады Грэцыі арыштавалі расейскі танкер ля паўднёвага ўзьбярэжжа вострава Эвія

Танкер Pegasus з нафтай, пад расейскім сьцягам і з 19 членамі расейскага экіпажу арыштаваны 15 красавіка каля гораду Карыстас у рамках апошніх санкцый Эўразьвязу, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства марскіх спраў і астраўной палітыкі Грэцыі.

Чыноўнік дадаў, што арыштавана само судна, але не яго нафтагруз, і міністэрства ня можа даць больш падрабязную інфармацыю на гэты момант.

Апошні пакет санкцый Эўразьвязу, абвешчаны на пачатку красавіка, прадугледжвае закрыцьцё портаў ЭЗ для расейскіх караблёў. Ад такіх абмежаваньняў абароненыя караблі, якія перавозяць энэрганосьбіты, прадукты харчаваньня і іншую гуманітарную дапамогу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG