Лукашэнка незадаволены «малым» маштабам рэпрэсій

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Лукашэнка правёў чарговую нараду ў пытаньні, як сказана на ягоным афіцыйным сайце, «забесьпячэньня законнасьці і правапарадку ў краіне». Тэма актуальная. Аднак дарэмна было б думаць, што ўлады сапраўды раптам заклапаціліся аднаўленьнем законнасьці ў краіне.

Сьцісла:

  • Нарада ў асноўным была прысьвечана барацьбе з палітычнымі апанэнтамі.
  • Змагацца з крамолай павінны ня толькі сілавікі, але і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты і ведамствы. Нават Міністэрства адукацыі.
  • Лукашэнка вельмі незадаволены «недастатковым» маштабам рэпрэсій. Ён абвінаваціў сілавікоў у самазаспакоенасьці і амаль што сабатажы, запатрабаваў узмацніць рэпрэсіўны ціск на грамадзтва.
  • Ствараецца сытуацыя, калі сілавыя ведамствы вымушаныя канкураваць паміж сабой і высьвятляць адносіны праз тое, хто больш зацята змагаецца з крамолай.

Увесь патас нарады быў скіраваны не на абарону насельніцтва ад злачынцаў, а на абарону ўлады ад незадаволеных грамадзян, на барацьбу з палітычнымі апанэнтамі. Вельмі паказальна, пад якім загалоўкам БелТА друкуе інфармацыю пра гэтую нараду. А ён такі: «Лукашэнка: мы зьнясём галаву любому, хто хоча парушыць мір і спакой у Беларусі». Словы «зьнясём галаву» неяк дрэнна стасуюцца з тэрмінамі «законнасьць» і «правапарадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыліся ператрусы ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і ў кватэрах прафсаюзных лідэраў. Людзей затрымалі

Насамрэч галоўнай тэмай нарады было «супрацьдзеяньне экстрэмізму і тэрарызму». Гэтымі паняцьцямі ў Беларусі даўно называюць усялякую апазыцыйную дзейнасьць і проста любыя праявы іншадумства. Менавіта па гэтай тэме найперш давалі справаздачу кіраўнікі сілавых структур.

Прычым змагацца з гэтай пагрозай павінны ня толькі сілавікі, але і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты і ведамствы. Вось, здавалася б, такая далёкая ад пытаньняў злачыннасьці сфэра, як адукацыя. Міністар адукацыі Андрэй Іванец дакладае, што зараз у гэтай сфэры «на першае месца выходзяць пытаньні выхаваньня». Заўважце, не аб’ём ведаў, навыкаў, разьвіцьцё творчых здольнасьцяў дзяцей, а «правільнае» выхаваньне моладзі. Лукашэнка запатрабаваў: «Я чакаю ад вас перавароту там... Вы павінны быць самым адданым чалавекам сваёй краіны. Ад вас, ад нашых дзяцей усё пачынаецца... Вы ведаеце, якія дзеці павінны вырасьці». Вядома ж, ведаем: быць ляяльнымі існаму рэжыму і любіць Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі за Данбас, атака на завод «Азоўсталь» у Марыюпалі. 55-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Апошнім часам было шмат камэнтароў наконт таго, што маштабныя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца, нягледзячы на адсутнасьць пратэстаў. І робіцца выснова, што рэпрэсіўная машына працуе на аўтамаце, яна заточаная на масавыя «пасадкі» людзей без усялякіх дадатковых імпульсаў з палітычнага верху.

Дык вось нарада ад 19 красавіка паказала іншую карціну. Высьвятляецца, што Лукашэнка вельмі незадаволены «недастатковым» маштабам рэпрэсій. Ён абвінаваціў сілавікоў у самазаспакоенасьці і амаль што сабатажы, запатрабаваў узмацніць рэпрэсіўны ціск на грамадзтва. Ён заявіў: «Я хачу, каб вы разумелі, што ў мяне гэтыя размовы аб тым, што „мы гераічна тут змагаемся, змагаемся“, не пракоцяць, як у народзе кажуць. Вы што, забыліся, што ў 2020 годзе было? Ці тут тры чвэрці людзей сядзіць, якія рады таму, што адбылося ў 2020 годзе, і хочуць паўтарэньня пройдзенага? Запомніце: гэта не атрымаецца. У мяне дастаткова сіл і сродкаў і тых хлопцаў, якія стануць побач, і мы зьнясём галаву любому, хто сёньня хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «300 рублёў за запіс на падачу дакумэнтаў — гэта яшчэ па-боску». Беларусы апавядаюць, як атрымліваюць візы

Больш за тое, ствараецца сытуацыя, калі сілавыя ведамствы вымушаныя канкураваць паміж сабой і высьвятляць адносіны праз тое, хто больш зацята змагаецца з крамолай. Вось генэральны пракурор Андрэй Швед зьвярнуў увагу на нізкую раскрывальнасьць экстрэмісцкіх злачынстваў. Ён фактычна абвінаваціў МУС і Сьледчы камітэт у нежаданьні ладзіць палітычныя рэпрэсіі. Швед адзначыў, што раскрываецца толькі паловы злачынстваў па артыкулах аб экстрэмізьме, «адменена амаль 1 тыс. незаконных рашэньняў аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальных спраў, прыпыненьні і спыненьні расьсьледаваньняў» у гэтай сфэры.

У выніку нарады варта чакаць новай хвалі «пасадак». Беларускі 1937 год яшчэ наперадзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі