19 красавіка вобшукі прайшлі ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў на вуліцы Серафімовіча ў Менску, а таксама ў кватэрах кіраўнікоў БКДП Аляксандра Ярашука і Сяргея Антусевіча. Пра гэта Свабодзе паведамілі некалькі крыніц.
Пакуль невядома, дзе і ў якім статусе цяпер Ярашук і Антусевіч.
БКДП аб‘ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ) і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Агулам яны маюць каля 12 тысяч сябраў.
- Вацлава Арэшку, рэдактара бюлетэню прафсаюзу РЭП, таксама схапілі, дома ў яго ператрус.
- Як паведамляе выданьне «Саліданасьць», таксама адбыўся ператрус у кватэры супрацоўніцы офісу БКДП, пасьля чаго яе павезьлі на допыт. Ператрусы былі і ў старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха ў Полацку. Спачатку сілавікі прыйшлі да яго дадому, а потым — у кватэру дачкі прафсаюзнага лідэра.
- Газэта «Народная воля» таксама паведаміла пра затрыманьне Генадзя Фядыніча, былога кіраўніка Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.
- Тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія» паведаміў, што сёньня ў Менску прайшоў ператрус і забралі тэхніку ў пастара баптысцкай царквы «Сьвятло Надзеі» Віталя Чычмарова. Сам пастар быў затрыманы. Чымараў працаваў інжынэрам на адным з менскіх прадпрыемстваў. У 2020 годзе пастар быў актыўным удзельнікам прафсаюзнага руху за сумленныя выбары і годныя ўмовы працы. Чычмароў уваходзіў у незалежны прафсаюз мэталістаў, сяброў якога сёньня затрымлівалі ў Менску, піша «Хрысьціянская візія».
- Раней 19 красавіка ў праваабаронцаў зьявілася інфармацыя пра ператрус у офісе Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на вуліцы Аранскай у Менску. Яго праводзілі каля 10 чалавек у балаклавах.