Апроч самога Кірыла, відавочную антыўкраінскую пазыцыю з падтрымкай вайны занялі многія іншыя расейскія япіскапы і сьвятары. А якога меркаваньня прытрымліваюцца беларускія праваслаўныя герархі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 200 украінскіх сьвятароў Маскоўскага патрыярхату ініцыявалі міжнародны царкоўны трыбунал для патрыярха КірылаВеніямін заклікаў маліцца аб міры ва Ўкраіне
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін рабіў ужо дзьве заявы адносна сытуацыі ва Ўкраіне. Першая была зробленая 25 лютага, на другі дзень уварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну. Праўда, на сайце Экзархату заяву апублікавалі толькі 3 сакавіка. Яна даволі нэўтральная.
«Канфлікт на ўкраінскай зямлі пачаўся ня ўчора, але да апошняга захоўвалася надзея на яго вырашэньне мірным шляхам. Тыя, хто сёньня адзін супраць аднаго на баявых пазыцыях, — часта людзі родныя па крыві, па веры, па духу. З абодвух бакоў гінуць вайскоўцы, пакутуюць мірныя грамадзяне. Мы, адчуваючы сябе адной сям’ёй з расейцамі і ўкраінцамі, падзяляем боль нашых братоў і сясьцёр. БПЦ заклікае зрабіць крокі насустрач адзін аднаму. Заклікаю ўсіх верных чадаў нашай Царквы маліцца, каб мір вярнуўся на ўкраінскую зямлю і братэрскія народы знайшлі шлях да прымірэньня».
У сваім звароце з нагоды пачатку Вялікага посту мітрапаліт Веніямін таксама згадаў сытуацыю ва Ўкраіне.
«Мы ня можам пераадолець тыя супярэчнасьці, якія спарадзілі падзеі ва Ўкраіне. Але ў нашых сілах зрабіць усё магчымае, каб, не становячыся судзьдзямі іншых людзей, не памнажаць зло і нянавісьць, найперш у сваіх душах. Таму заклікаю ўсіх маліцца аб міры на ўкраінскай зямлі».
Архіяпіскап Гурый гаворыць пра кажаноў, што пераносяць біялягічную зброю
Адзіным япіскапам Беларускай праваслаўнай царквы, які адназначна выказаўся аб падзеях ва Ўкраіне, стаў уладыка Наваградзкі і Слонімскі Гурый. Ён вядомы сваімі антызаходнімі поглядамі, напрыклад, распаўсюджваў фэйкі пра помнік сатане ў ЗША, а таксама пра ювэнальную юстыцыю ў скандынаўскіх краінах.
У вялікім інтэрвію для сайта Наваградзкай япархіі Гурый выказаўся пра вайну ва Ўкраіне. Ён мяркуе, што Расея ня мела іншага выбару.
«У непасрэднай блізкасьці ад нас ажыцьцяўлялася распрацоўка (у рамках вайскова-біялягічных праграм Пэнтагону) кампанэнтаў біялягічнай зброі, а ў якасьці разносчыкаў эпідэмій выкарыстоўваліся кажаны, пералётныя птушкі (гэты фэйк актыўна распаўсюджваюць расейскія крыніцы, ніякіх доказам падобнаму не існуе. — РС). Яшчэ больш насьцярожвае той факт, што пад маркай барацьбы з каранавірусам Кіеў адпраўляў у Амэрыку тысячы ўзораў сыроваткі пацыентаў, якія адносяцца перш за ўсё да славянскага этнасу (гэта таксама фэйк. — РС). Для чаго? Для вывучэньня генэтычных дадзеных славян з наступнай магчымасьцю ўзьдзеяньня на нас, хутчэй за ўсё, сьмяротнага».
Гурый перакананы, што на тэрыторыі Ўкраіны Расея ваюе з Амэрыкай. Ён кажа, што ў парадак сьвету, які хоча стварыць ЗША, ніяк ня ўпісваюцца праваслаўныя народы.
«Наўрад ці людзі, якія абураюцца баявой апэрацыяй ва Ўкраіне, усё ж хацелі б, каб ля нашых межаў стаяла NATO зь яго апэтытамі на расейскія землі і іх багацьці. У выпадку ўварваньня ад нашых народаў засталіся б толькі тыя, хто прыдатны ў якасьці рабсілы для сусьветнай эліты. Ня будзем сьпяшацца меркаваць аб падзеях, якія адбываюцца. Час, паверце, расставіць усё на свае месцы. Наша ж з вамі справа, дарагія мае, маліцца Богу аб міры на ўкраінскай зямлі, вяртаньні нашым славянскім народам паразуменьня і брацкай любові, якую мы страцілі», — працягнуў Гурый.
«Праўда на баку расейскай арміі»
Родам з Украіны архіяпіскапы Берасьцейскі і Гомельскі — Іаан і Стэфан адпаведна, япіскап Тураўскі Леанід — усе яны маўчаць аб падзеях ва Ўкраіне.
Пры гэтым Стэфан і Леанід прынамсі сустракаліся з украінскімі ўцекачамі, якія знаходзяцца ў межах іх япархій. Пры храмах япархій зьбіраюць гуманітарную дапамогу для ўкраінцаў, якія страцілі свае дамы.
Вядомы ў праваслаўным сьвеце публіцыст, пісьменьнік, тэлевядоўца — архімандрыт Сава Мажука таксама адносіцца да Гомельскай япархіі. Ён рашуча падтрымаў расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
Падчас інтэрвію тэлеканалу «Спас» ён сказаў, што «праўда на баку расейскай арміі, якая хоча скончыць вайну, што пачалася ў 2014 годзе». У астатнім айцец Сава паўтараў шмат якія тэзісы расейскай прапаганды.
«Бандэраўцы спалілі Хатынь! І нікому гэта не было цікава. Увесь час казалі, што давайце гаварыць, што гэта былі немцы, давайце ня будзем сварыцца з брацкім народам. Ну, калі вы да гэтага часу заканадаўча не замацавалі, што вокліч: „Слава Ўкраіне. Героям слава!“ — ня проста нацысцкі вокліч, а за яго трэба атрымліваць рэальны тэрмін.[...] Я сёньня гутарыў са знаёмым сьвятаром, якому паўгадзіны спрабаваў патлумачыць, што ва Ўкраіне дзейнічае нацысцкая хунта. „Русский мир“ лепшы за рускую вайну! Хоць і тое, і другое мы робім па справядлівасьці».
За тыдзень да расейскай агрэсіі айцец Мажука напісаў іранічны вершык, лейтматывам якога было тое, што ніякай вайны ва Ўкраіне ня будзе.
Я спросил у Байдена:
«Где моё вторжение?»
Байден закивал в ответ
И забыл вопрос.
Я спросил у Джонсона:
«Как же там с вторжением?»
Джонсон, разлохматившись,
Обиженно молчал.
Я спросил у Меркель:
«Как тебе на пенсии?»
Меркель обнадёжила:
«Просто люто ржу!»
Побоялся только я
Вопросить Зеленского.
Он глядел с укором:
«Ты же обещал!»
«Уся надзея на Русь сьвятую»
Адзначыўся антыўкраінскімі выказваньнямі і настаяцель Сьвята-Елізавецінскага манастыра на ўскрайку Менску айцец Андрэй Лемяшонак.
Манастыр у Навінках — вялікі праваслаўны бізнэс-праект на прасторах былога СНД. Тут займаюцца арганізацыяй праваслаўных выставаў, продажам праваслаўнай атрыбутыкі, выданьнем духоўнай літаратуры. Калі пачалася эпідэмія каранавірусу, Сьвята-Елізавецінскі манастыр ладзіў вялізныя набажэнствы, дзе зьбіраліся сотні людзей.
У сьценах манастыра і раней здараліся сустрэчы з прарасейскімі дзеячамі, а сын настаяцеля Лемяшонка Дзьмітрый хадзіў па тэрыторыі манастыра ў майцы «ДНР».
«Мы молімся і за Лукашэнку, і за Пуціна, і за Шайгу, і за Лаўрова (сьмяецца) — я заўсёды памінаю на літургіі, а як жа — мы ўсе салдаты, нам ня трэба гэты „вольны сьвет“, дзе ўсё перакулена», — казаў Лемяшонак у адной з казаняў.
Ён лічыць, што цяпер уся надзея «на Расею, на Русь сьвятую», а ўвесь сьвет «супраць Хрыста, нават праваслаўныя, якіх купілі з трыбухамі — баўгары, румыны, сэрбы, грэкі».
У іншым відэа Лемяшонак кажа, што вайна сёньня ідзе «не з Украінай, а з праваслаўем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол улады13 сутак бацюшку за ўдзел у антываеннай акцыі
Хапае ў Беларускай праваслаўнай царкве і адваротных выпадкаў — калі сьвятары адкрыта выступаюць супраць вайны ва Ўкраіне. Праўда, гэта тычыцца найперш звычайных сьвятароў, а не царкоўнага начальства.
За ўдзел у антываеннай акцыі 28 лютага ў Менску на 13 сутак адміністрацыйнага арышту быў асуджаны клірык храму сьвяшчэннавызнаўцы Ўладзімера Хіраска Міхаіл Маруга.
На сайце Менскага Сьвята-Духавага катэдральнага сабору доўгі час вісела плашка «Мы супраць вайны». На яе былі вымушаныя адрэдагаваць нават на афіцыйным сайце БПЦ. Лёзунг «Мы супраць вайны» быў названы «палітычным», а яго зьмяшчэньне на сайце сабору — «хакерскай атакай». Праўда, празь нейкі час заява БПЦ была выдаленая.
3 сакавіка ў тым жа Сьвята-Духавым манастыры адбылася малітва супраць вайны ва Ўкраіне, падчас якой затрымали чатырох жанчын-ініцыятарак. Сьвятар сабору Ігар Латушка спрабаваў заступіцца за затрыманых, але плёну гэта не дало. У выніку той малітвы на 15 сутак зьняволеньня асудзілі журналістку Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру.
Беларускія сьвятары Георгій Рой, Павал Касьпяровіч, Аляксандар Кухта, Уладзіслаў Багамольнікаў падпісаліся пад патрабаваньнем спыніць ваенную агрэсію ва Ўкраіне.
Сьвятар Аляксандар Кухта (вядомы калісьці па ютуб-канале «Бацюшка ответит») шмат дапамагаў украінскім бежанцам на польскай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вайне пераможа той, хто захавае ў сабе чалавека». Як сьвятар-блогер зь Беларусі дапамагаў украінскім уцекачам