Ва Ўкраіне паведамілі пра гібель капітана расейскага крэйсэра «Масква»

Крэйсэр «Масква» да выбуху і пажару, архіўнае фота

Сьпікер Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук паведаміў пра гібель капітана першага рангу, камандзіра крэйсэра «Масква» Антона Купрына.

«Загінуў падчас выбуху і пажару на борце колішняга флягмана Чарнаморскага флёту Расеі», — паведаміў Сяргей Братчук.

Расея не паведамляе, якой колькасьці экіпажу крэйсэра ўдалося ўратавацца, а хто загінуў.

14 красавіка ўкраінскі журналіст Раман Цымбалюк і экс-дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Ільля Панамароў паведамілі, што ў Севастопаль даставілі 14 маракоў, у тым ліку начальніка мэдычнай службы карабля. Паводле іхнай інфармацыі, вайскоўцы прычалілі на хуткасным катэры да берагу, дзе іх чакалі машыны хуткай дапамогі. «Доля іншых 496 чальцоў экіпажу невядомая», — напісалі яны.

Пазьней Ільля Панамароў удакладніў, што ўратаваліся 58 чальцоў экіпажу крэйсэра «Масква».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі: крэйсэр «Масква» затануў

14 красавіка Міністэрства абароны Расеі прызнала, што крэйсэр «Масква» затануў. Але прычынай крушэньня свайго флягмана ў Расеі назвалі пажар, які стаў вынікам дэтанацыі боепрыпасаў.

Украінскія вайскоўцы і палітыкі пераконваюць, што расейскі крэйсэр зьнішчыла найноўшая распрацоўка кіеўскіх канструктараў — крылатая ракета «Нэптун».

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваяваў у Грузіі і Сырыі. Што вядома пра крэйсэр «Москва», пашкоджаны флягман расейскага Чарнаморскага флёту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскую ракету «Нэптун», якая, імаверна, патапіла расейскі крэйсэр «Москва»