Сёлета прафсаюзу РЭП споўнілася б 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў сягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.
Найстарэйшы незалежны прафсаюз, створаны 32 гады таму
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ўтварыўся ў лістападзе 1990 году. Заснавальнікамі прафсаюзу РЭП былі 93 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі з усёй Беларусі.
Прафсаюз аб’яднаў тады 275 тысяч сяброў і ўвайшоў у склад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).
Пры непасрэдным удзеле прафсаюзу РЭП у 1990-х гадах былі праведзены шматтысячныя акцыі пратэсту «Не — зьбядненьню народу» на плошчы Свабоды і каля Палаца спорту ў Менску, якія дазволілі стабілізаваць становішча на прадпрыемствах.
Пры прафсаюзе была створаная юрыдычная служба, якая давала бясплатныя кансультацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз РЭП агучыў «плятформу патрабаваньняў» да ўладаў
На знак пратэсту РЭП выйшаў са складу афіцыйнай ФПБ
У 2003 годзе пасьля прыходу ў кіраўніцтва ФПБ Леаніда Козіка, намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, прафсаюз РЭП — адзіны з 28 галіновых прафсаюзаў — на знак пратэсту выйшаў з ФПБ.
Для зьнішчэньня прафсаюзу РЭП стварылі прафсаюз прамысловасьці, куды бяз згоды работнікаў, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, перавялі пераважную большасьць пярвічных арганізацый.
Стала пытаньне аб ліквідацыі прафсаюзу. Аднак прафсаюз вытрываў і з 630 чальцоў вырас да 2000 чалавек.
У 2009 годзе прафсаюз уступіў у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. РЭП меў свае структуры ў 28 раённых цэнтрах, ва ўсіх абласьцях і ў сталіцы.
У 2017 годзе РЭП выступіў супраць падаткаў на «дармаедаў»
Увесну 2017 году па ўсёй краіне прайшлі шматлюдныя маршы недармаедаў, адным з арганізатараў якіх быў РЭП. Акцыі пратэсту прайшлі ў Менску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Віцебску, Воршы, Рагачове, іншых гарадах краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту аб «дармаедах»РЭП зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем разгледзець «дармаедзкі» дэкрэт на адпаведнасьць Канстытуцыі Беларусі. Адказу так і і не атрымаў. РЭП таксама патрабаваў скасаваць дэкрэт № 3 і «падатак на дармаедзтва», сабраў больш за 50 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту.
Улады адпомсьцілі прафсаюзу арыштам кіраўнікоў
2 жніўня 2017 году ў офісах прафсаюзу РЭП у Менску і Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску адбыліся ператрусы. Канфіскавалі кампутары і фінансавыя дакумэнты. Супраць прафсаюзнага лідэра Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка распачалі крымінальную справу аб фактах нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.
Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
Многія доказы падчас сьледзтва здабылі ў межах «таямнічых працэдураў». Як высьветлілася падчас суду, Фядыніча і Комліка пачалі праслухоўваць за 1,5 месяца да таго, як зьявілася санкцыя пракурора і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў на іх крымінальную справу. У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
Лідэраў прафсаюзу Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»
24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менску асудзіў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»Іх абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — на суму ў 23 тысячы рублёў (паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай. Пасьля суду, у сакавіку 2019 году судовыя выканаўцы наклалі арышт на адзіную кватэру, у якой пражываюць Генадзь Фядыніч і ягоная сям’я, і машыну, а таксама на аўтамабіль і прычэп, якія належаць Ігару Комліку.
Са жніўня 2020-га ў РЭП пачалі ўступаць людзі, якія выйшлі з афіцыйных прафсаюзаў
Увосень 2020 году прафсаюз РЭП падпісаў зварот праваабарончых ды іншых няўрадавых дэмактатычных арганізацый супраць гвалту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 праваабарончых арганізацый заклікалі беларускі бізнэс выступіць супраць гвалтуСа жніўня 2020 году шэрагі незалежнага прафсаюзу РЭП павялічыліся. Лідэр РЭП Генадзь Фядыніч тады расказаў: «Так, нас стала болей, прыкладна на 100 чалавек, цяпер у РЭП больш за 2600 сяброў. Але бачым, што людзі яшчэ асьцярожнічаюць з уступленьнем, нават калі выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу. Лепш ідзе працэс там, дзе ўжо ёсьць суполкі незалежных прафсаюзаў».
Падчас чарговага ператрусу ў канапе офісу прафсаюзу РЭП знайшлі патрон
29 сакавіка Беларускі прафсаюз РЭП выступіў з заявай «Спыніць рэпрэсіі».
Больш за 200 сяброў прафсаюзу прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, многія апынуліся ў турме.
16 лютага 2021 году ў офісе РЭП на вуліцы Кульман адбыўся ператрус, якія доўжыўся больш за 5 гадзін — шукалі пацьверджаньне фінансаваньня пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дакладна правакацыя». У канапе ў сядзібе прафсаюзу РЭП знайшлі патронПаводле старшыні прафсаюзу РЭП Васіля Завадзкага, былі канфіскаваныя ўсе сродкі сувязі, тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя і агітацыйныя матэрыялы, уласныя грошы.
Тады ў канапе на кухні знайшлі патрон ад паляўнічай зброі. Кіраўнікі прафсаюзу назвалі гэта правакацыяй.
25 сакавіка 2022 году затрымалі прадстаўніцу Беларускага прафсаюзу РЭП па Берасьцейскай вобласьці Зінаіду Міхнюк. Пры затрыманьні ў яе ў хаце выбілі шыбу і правялі ператрус. Таксама ператрус адбыўся ў берасьцейскім офісе РЭП. Цяпер актывістка незалежнага прафсаюзу знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Берасьці. Прафсаюз РЭП прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
11 красавіка Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці прызналі экстрэмісцкім фармаваньнемТакое рашэньне прыняў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. 11 красавіка прафсаюз дадалі ў «пералік фармаваньняў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.
Гэта першы выпадак, калі ў сьпіс «экстрэмістаў» трапіла зарэгістраваная дзяржавай юрыдычная асоба, дзе ёсьць афіцыйнае сяброўства.
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017-га. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.
Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць