Галоўнае на гэты момант
- У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях украінскае войска выйшла на межы зь Беларусьсю, расейцы адступілі.
- Украінская армія вядзе баі за вызваленьне Херсоншчыны.
- Расейцы ўдарылі па нафтабазе ў Днепрапятроўскай вобласьці, яна згарэла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 7 красавіка
Расейцы ранкам 7 красавіка атакуюць па чатырох кірунках
Расейскія войскі працягваюць актыўныя баявыя дзеяньні ў Слабажанскім, Данецкім, Паўднёвабускім і Таўрыйскім раёнах, паведамілі раніцай 7 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
Паводле паведамленьня:
- На Слабажанскім кірунку працягваецца блякада Харкава і артылерыйскія абстрэлы;
- На Данецкім і Таўрыйскім кірунках — абстрэл з артылерыі Папасной для аднаўленьня наступу на Рубежнае, Ніжнае і Навабахмутаўку. Спроба прарваць абарону Ўзброеных сіл у раёне Наватошкаўскага ня мела посьпеху.
- На паўднёвабускім кірунку расейскія войскі працягваюць праводзіць жорсткія фільтрацыйныя мерапрыемствы на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласьці.
Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі з 24 лютага пацярпелі 464 дзіцяці
Офіс генэральнрага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ад пачатку расейскай агрэсіі загінулі 167 дзяцей і яшчэ 297 атрымалі раненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: DER SPIEGEL: Нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у БучыМасавая эвакуацыя з усходу Ўкраіны
6 красавіка «Укрзалізниця» эвакуавала 14 тысяч чалавек з Лазавой, Краматорску, Славянску і Барвінкавага. Пра гэта заявіў старшыня праўленьня ўкраінскай чыгункі Аляксандар Камышын.
Прэм’ер Украіны: расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці
Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас сёньняшняга брыфінгу заявіў, што расейскія войскі пакінулі тры вобласьці: Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую.
«Мы можам з упэўненасьцю сказаць, што чарговы этап нашай вызвольнай вайны завяршыўся перамогай Украіны. Пляны ворага зламаныя. Расейскія тэрарыстычныя войскі выбітыя з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Але вайна далёкая аб свайго завяршэньня. Вораг не пакідае спробаў захапіць нашы землі на ўсходзе і на поўдні, працягвае наносіць ракетныя ўдары па ўсёй краіне», — сказаў Шмыгаль.
Мэр Бучы: 90% загінулых жыхароў горада былі застрэленыя
90% жыхароў, якія загінулі ў Бучы за час вайны, былі застрэленыя, сьцьвярджае мэр Бучы Анатоль Федарук у інтэрвію DW. Паводле яго, да 6 красавіка знойдзена 320 цел загінулых мірных жыхароў. «Практычна 90 адсоткаў — гэта кулявыя паразы, а не аскепкавыя».
Хведарук сказаў, што колькасьць знойдзеных целаў расьце з кожным днём, бо «іх выяўляюць у прыватных сядзібах, парках, сквэрах, дзе мелася магчымасьць, калі не было абстрэлаў, прыкопваць целы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: DER SPIEGEL: Нямецкая выведка перахапіла радыёперамовы, у якіх абмяркоўвалася забойства мірных жыхароў у БучыГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскі
Генпракурор Украіны: у Барадзянцы ўжо знойдзеныя 26 загінулых, ёсьць зьвесткі аб згвалтаваньнях і катаваньнях
Пад заваламі двух жылых дамоў у Барадзянцы знойдзеныя ўжо 26 загінулых, піша Руская служба ВВС са спасылкай на паведамленьне генпракурора Ўкраіны Ірыны Венедыктавай у эфіры «Нацыянальнага тэлемаратону».
Таксама, паводле Венедыктавай, пракуроры выявілі факты сэксуальных злачынстваў і катаваньняў мірных жыхароў у пасёлку.
Як сьцьвярджае Венедыктава, прычына, па якой пасёлак аказаўся цалкам зьнішчаны, у тым, што 26-27 лютага нехта закідаў кактэйлямі Молатава першыя танкі расейцаў, якія заходзілі ў Барадзянку. У адказ расейскія вайскоўцы выклікалі авіяцыю, якая разбамбіла пасёлак.
Абстрэлы ў Рубежным, загарэліся два жылыя дамы
Два жылыя дамы загарэліся ў горадзе Рубежнае (Луганская вобласьць) пасьля абстрэлу расейскімі войскамі, яшчэ пад адным заваліла людзей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, ратавальнікі апэратыўна вызвалілі людзей з-пад завалу. Усе жыхары жывыя.
Таксама ён расказаў, што раніцай 7 красавіка быў абстраляны горад Крамянная, у выніку чаго загінуў адзін чалавек.
Абстрэлы на Харкаўшчыне
7 красавіка ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў Харкава і раёну загінула жанчына, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаў.
7 красавіка па гуманітарных калідорах было эвакуявана 4676 чалавек
Як паведаміла віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук, за 7 красавіка эвакуявалі 4676 чалавек:
- з Марыюпаля і Бярдзянска ўласным транспартам і аўтобусамі ў Запарожжа выехалі 3256 чалавек (зь іх 1205 з Марыюпаля і 2050 жыхароў гарадоў Запароскай вобласьці: Палогі, Васільеўка, Бярдзянск і Мелітопаль).
- з гарадоў Лысічанск, Севераданецк, Рубежнае і Крэмінна Луганскай вобласьці эвакуявалі 1420 чалавек.
У Львове 7 красавіка пачалі ўсталёўваць першы кантэйнэрны гарадок для вымушаных перасяленцаў
Па словах мэра горада Андрэя Садовага, мястэчка будзе складацца з 70 жылых кантэйнэраў, у іх змогуць жыць больш за 350 чалавек. Усяго плянуецца стварыць некалькі такіх месцаў.
Офіс генпракурора Ўкраіны арыштаваў 17800 чыгуначных вагонаў зь Беларусі і Расеі
Арышт накладзены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах (частка 3 артыкула 212 КК Украіны), паведамляецца на сайце ведамства. Па вэрсіі сьледзтва, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца вагоны, якія выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці і арыштаваныя судом як прылады злачынства.
«Вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі арыштаваных вагонаў у даход дзяржавы. Дасудовае сьледзтва ідзе і ажыцьцяўляецца Бюро эканамічнай бясьпекі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаў падчас вайны ва Ўкраіне
«Мы панесьлі значныя страты войскаў, гэта вялізная трагедыя для нас», — сказаў Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію Sky News.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаўУцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.
Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.
У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура Ўкраіны падлічыла колькасьць сканфіскаваных беларускіх і расейскіх чыгуначных вагонаўШто адбываецца ў Расеі
Intel пакідае Расею
Найбуйнейшы вытворца мікрапрацэсараў у сьвеце карпарацыя Intel заявіла, што неадкладна спыняе ўсе бізнэс-апэрацыі ў Расеі. У Расеі ў Intel 1,2 тысячы супрацоўнікаў.
«Intel працягвае разам з сусьветнай супольнасьцю асуджаць вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя апэрацыі ў Расіі. Гэта наступны крок за нашым папярэднім рашэньнем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У барацьбе з Пуціным Сэнат ЗША аднагалосна ўхваліў праграму, якая некалі дапамагла перамагчы ГітлераПуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма гораду, дзе не было б ахвяр». МУС Украіны аб ваенных злачынствах Расеі на акупаваных тэрыторыяхУдзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што ў перамовах па Ўкраіне павінен удзельнічаць ЛукашэнкаАГП прапануе беларусам правесьці акцыю супраць вайны ва Ўкраіне
Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе суграмадзянам накіраваць заяву ў дзяржаўныя органы з прапановай ініцыяваць пытаньне аб адпаведнасьці Канстытуцыі рашэньня ўладаў Беларусі аб вядзеньні агрэсіўнай вайны зь яе тэрыторыі.
«У вачах сусьветнай супольнасьці Беларусь — саўдзельніца агрэсіўнай вайны, за што ўжо пакараная ўведзенымі супраць яе санкцыямі. Беларусь усё больш становіцца краінай-ізгоем, а яе грамадзяне ўспрымаюцца нэгатыўна, як тыя, хто адказвае за дзеяньні свайго ўраду. Партыя прапануе задзейнічаць унутраныя мэханізмы ацэнкі дзеяньняў ураду», — гаворыцца ў заяве АГП.
Партыя прапануе кожнаму беларусу, арганізацыі і індывідуальнаму прадпрымальніку накіраваць заяву ў выглядзе электроннага ці пісьмовага звароту ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Савет Міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра расейскую агрэсію супраць Украіны: «Ня можа быць ніякіх перамоваў без удзелу Беларусі»Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею
Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.
Як рэагуе сьвет
ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin
ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на $ 100 млн. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму $1,7 млрд.
Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў SwitchbladeЭўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі
Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю. Таксама ў рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уезд у ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць РасеіЭўразьвяз выдзеліць яшчэ 500 млн эўра на ваеннае абсталяваньне для Ўкраіны
Пра гэта паведаміў 7 красавіка кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека
Рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» – 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавекаСэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў
Рашэньне Сэнату ЗША на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаўЛатвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне
Парлямэнт Латвіі 7 красавіка забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна.
Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэнне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаны выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньнеМалдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і V
Дэманстрацыя сьцягоў, літар, стужак і іншай атрыбутыкі пацягне за сабою штраф у памеры да 9000 леяў (450 эўра) для фізычных і да 18 000 леяў для юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і VМакрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбны новыя санкцыі»
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.
«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раўнду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.
Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.