Жырыноўскі неаднаразова наведваў Беларусь, і не заўсёды гэтыя візыты былі для яго прыемнымі.
У сьнежні 1991 году старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі прыехаў у Менск. Ён выступіў у жывым эфіры папулярнай тэлеперадачы «Крок», а 23 сьнежня прыйшоў у Дом ураду і паспрабаваў прарвацца да кабінэту старшыні ВС Станіслава Шушкевіча, аднак быў спачатку спынены, а затым спушчаны з другога паверха дэпутатамі Апазыцыі БНФ.
Аднак Жырыноўскага прыняў віцэ-прэм’ер Косьцікаў (мэта сустрэчы — выдзяленьне ягонай партыі дэфіцытных аўтамабіляў МАЗ па старых коштах).
Жырыноўскі даў у Менску прэс-канфэрэнцыю, на якой выступіў супраць незалежнасьці Беларусі і заявіў галоўны пункт сваёй праграмы: «Усе рэспублікі ліквідуюцца адным указам. Адна рэспубліка — Расейская Фэдэрацыя».
Патрабаваньні дэпутатаў Ніла Гілевіча і Апазыцыі БНФ спыніць антыканстытуцыйныя дзеяньні Жырыноўскага праваахоўныя органы Беларусі пакінулі без рэакцыі.
Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі пэўны час лічылася філіялам ЛДПР Жырыноўскага. Прыкметна, што Міністэрства юстыцыі РБ зарэгістравала яе адразу ж пасьля падачы дакумэнтаў, тады як для дэмакратычных апазыцыйных партый гэты працэс быў складаным і займаў доўгі час. Першым старшынём партыі быў Васіль Крывенка, ягоным намесьнікам — супрацоўнік апарату Савету міністраў Сяргей Гайдукевіч. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году партыя афіцыйна падтрымлівала Вячаслава Кебіча, пры тым што значная частка актывістаў працавала на Аляксандра Лукашэнку.
Увесну 1994 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Лукашэнка наведаў Маскву разам з членам сваёй каманды Валерам Цапкалам, і менавіта з дапамогай фракцыі Жырыноўскага Цапкала арганізаваў Лукашэнку выступ у Дзяржаўнай Думе.
У красавіку 1996-га Жырыноўскі падтрымаў падпісаную Барысам Ельцыным і Аляксандрам Лукашэнкам дамову аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі (у далейшым трансфармавалася ў так званую «саюзную дзяржаву».
Пасьля артыкула старшыні ВС Сямёна Шарэцкага «Людзі, будзьце пільныя! У рэспубліцы запахла фашызмам» у верасьні 1996-га Жырыноўскі напісаў да яго адкрыты ліст, у якім у абразьлівых выразах абвінаваціў у дзейнасьці супраць Лукашэнкі і здрадзе ідэі «збліжэньня Беларусі з Расеяй». Жырыноўскі таксама падтрымаў праведзеныя Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыі і роспуск Вярхоўнага Савету, якія дэмакратычная апазыцыя ацаніла як антыканстытуцыйны пераварот.
У наступныя гады стаўленьне Жырыноўскага да Лукашэнкі вызначалася паводле крытэрыю шчыльнасьці інтэграцыі з Расеяй і адносінаў з Захадам, і не ў апошнюю чаргу залежала ад узаемаадносінаў паміж Пуціным і Лукашэнкам у канкрэтны момант. У выпадку, калі, як здавалася Жырыноўскаму, Лукашэнка адыходзіў ад Масквы і адносіны з заходнімі краінамі рабіліся менш напружаныя, — Жырыноўскі ня стрымліваў сябе ў крытыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жырыноўскі заклікаў далучыць Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь і Ўкраіну да РасеіПасьля візыту ў верасьні 2019-га намесьніка дзяржсакратара ЗША Дэйвіда Гэйла ў Менск і сустрэчы яго з Лукашэнкам Жырыноўскі заявіў: «Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка можа зараз зрабіць гістарычны крок. Даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву. Навошта выдумляць: а давайце спачатку мытню або спачатку тарыфы. Беларусь расквітнее, калі мы зноў станем адной дзяржавай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жырыноўскі прапанаваў «ўзьяднаць Расею і Беларусь». Што пішуць у расейскіх СМІ пасьля візыту Дэйвіда Гэйла ў Менск10 верасьня 2020-га, да таго моманту, як Пуцін зрабіў заяву пра прызнаньне выбараў, Жырыноўскі прыехаў да амбасады Беларусі ў Маскве, выказаўся супраць фальсыфікацыі выбараў і прапанаваў ня «ўтрымліваць дармаеда», маючы на ўвазе фінансавую падтрымку з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жырыноўскі: Беларусы на рэфэрэндуме падтрымаюць «вяртаньне ў склад Расеі»У лютым 2021-га, камэнтуючы чарговы Ўсебеларускі народны сход, Жырыноўскі заявіў, што ад Лукашэнкі «стамілася нават вышэйшае чынавенства Беларусі». Адносна лёзунгу «Разьвіцьцё і незалежнасьць», які прагучаў на сходзе, Жырыноўскі сказаў: «Незалежнасьць ад каго? Ад Расеі? Тады адмоўся ад нашай матэрыяльнай падтрымкі!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі