Кіраўнік партыі ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры радыё «Комсомольская правда» заклікаў далучыць Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь і Ўкраіну да Расеі. Пра гэта ён заявіў у эфіры радыё «Комсомольская правда».
«Патрабаваць, настойваць, набраць туды іншых паслоў і сказаць, што ў выпадку абвастрэньня вялікай вайны мы вам дапамагчы ня зможам. І вы загінеце», — растлумачыў расейскі палітык сваю пазыцыю і дадаў, што ў адваротным выпадку гэтыя краіны «разьдзяруць на часткі».
«Палякі і літоўцы забяруць усю Беларусь, немцы, румыны і іншыя суседзі разьдзяруць Украіну, Турэччына і Іран разьдзяруць Паўднёвы Каўказ, і гэтак далей. Ад вас пер'е адно застанецца. Неадкладна ў Расею! Хутка дамоў!» — заклікаў Жырыноўскі.
Акрамя таго, ён прапанаваў адправіць расейскае войска на тэрыторыі гэтых дзяржаваў, а таксама прымусіць турэцкія войскі адысьці на тысячу кілямэтраў ад межаў Армэніі і Азэрбайджану, піша расейскі партал Lenta.ru.