Расейскі палітык, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі заявіў, што Беларусь павінна ўвайсьці ў склад Расеі, калі хоча нізкіх цэнаў на газ.
Вось што Жырыноўскі напісаў у сваім афіцыйным Telegram-канале:
«Мы ніколі не прапаноўвалі гвалтам дзяліць Беларусь на вобласьці і „ўпіхваць“ у Расею. Усё толькі добраахвотна. Але трэба зразумець: альбо нашы ўзаемаадносіны рынкавыя, альбо ўваходзьце ў склад Расеі і атрымлівайце нізкія цэны.
А Аляксандр Рыгоравіч хоча ўсядзець на дзьвюх табурэтках. І сувэрэнітэт зьберагчы, і атрымаць унутрырасейскія цэны на газ, каб зарабляць на перапродажы. Так не бывае. Савецкі Саюз ўсе рэсурсы накіроўваў на ўскраіны, будаваў заводы, мэтро, касмадромы, праводзіў газ у кожную вёску, а ў 1991 годзе расейцы сталі ворагамі ў 14 рэспубліках. Больш мы на гэтыя граблі не наступім.
Я ўпэўнены, калі цяпер правесьці ў Беларусі рэфэрэндум пра вяртаньне ў склад Расеі — абсалютная большасьць падтрымае гэта. У 1990 годзе за захаваньне СССР прагаласавалі 82% беларусаў, больш чым у сярэднім па СССР».
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня заявіў, што Беларусь «застаецца пасьлядоўнай прыхільніцай інтэграцыі». Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, пад «глыбокай інтэграцыяй» Масква мае на ўвазе ўключэньне Беларусі ў склад Расеі.
«Для нас, запомніце, сьвятое — гэта сувэрэнітэт, я ўжо пра гэта казаў, — цытавала Лукашэнку БелТА. — Гэта адносная незалежнасьць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаваў няма. І вы таксама не настолькі незалежныя, але сувэрэнныя. Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі. І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расеі думае — гэта на шкоду самой Расеі».