Горад Славуціч удалося адстаяць, а расейцы пачалі «акопвацца» і ствараць фартыфікацыйныя спаруды ў найбольш небясьпечным у зоне адчужэньня месцы — у Рудым лесе, на які ў 1986 годзе выпала найбольш радыяактыўнага пылу.
Свабода сабрала інфармацыю пра тое, што адбываецца на станцыі і ў зоне адчужэньня пасьля адыходу расейскіх войскаў.
Расея выводзіць тэхніку з Чарнобыльскай зоны калёнамі
Увечары 31 сакавіка расейцы вырашылі пакінуць тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Дакладна невядомая колькасьць вайсковай тэхнікі, якую Расея перакідвала зь Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю зоны адчужэньня і станцыі.
Літаральна два дні таму віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук заявіла аб назапашваньні ў зоне адчужэньня вялікага арсэналу расейскай зброі і выказала занепакоенасьць тым, што яна можа здэтанаваць.
Як бачна з фотаздымкаў, зробленых са спадарожніка 16 сакавіка, тэхніку ўводзілі вялікімі калёнамі. На здымках расейская калёна перамяшчаецца за 4 кілямэтры ад ЧАЭС на поўнач ад Рудога лесу.
Цяпер, як сьцьвярджаюць супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС, такія ж калёны рухаюцца на выезд у кірунку беларускай часткі Чарнобыльскай зоны.
«Яны ўвогуле не разумелі, куды трапілі і як варта паводзіцца на гэтай тэрыторыі»
Сябра грамадзкай рады пры Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня Яраслаў Емяльяненка кажа, што ад моманту захопу станцыі і зоны адчужэньня расейцы не ўсьведамлялі небясьпечнасьць аб’екту.
«У Чарнобыльскай зоне можна перамяшчацца толькі асфальтаванымі дарогамі, адмыслова там пракладзенымі. Па дзеяньнях расейцаў мы бачым, што яны ўвогуле не разумелі, куды трапілі і як варта паводзіцца з гэтай тэрыторыяй. Яны сваёй браняванай тэхнікай разьмясілі радыеактыўную глебу з ужо стабілізаванымі радыянуклідамі ў чарнобыльскай зоне, забрудзілі тэхніку і самі гэтым надыхаліся», — паведаміў Яраслаў Емяльяненка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, сыстэма радыяцыйнага маніторынгу да таго, як расейцы яе адключылі і зламалі, фіксавала істотнае перавышэньне кантрольных паказьнікаў для гэтай тэрыторыі.
«А кантрольныя паказьнікі, паверце, там даволі высокія. Таму цяпер, як адыдуць усе гэтыя ваенізаваныя групоўкі ня толькі з самой атамнай электрастанцыі, як адбылося напярэдадні, але і з самой Чарнобыльскай зоны, дзе яны пакуль застаюцца, трэба будзе часткова рабіць такі самы працэс ліквідацыі, як у 1986 годзе, — змываць спэцыяльнымі рашчынамі дарогі, змываць увесь гэты бруд, часткова закопваць іхныя фартыфікацыйныя ўмацаваньні, якія яны зрабілі ў Рудым лесе», — удакладніў экспэрт.
Яраслаў Емяльяненка таксама будзе настойваць на тым, каб частку «расейскіх акопаў» захаваць для гісторыі — каб наведнікам чарнобыльскай зоны пасьля вайны можна было паказаць, што «вызваліцелі» рабілі, і дэманстраваць ім з дазымэтрам, у якіх узроўнях радыяцыі яны сядзелі.
«Яны наглыталіся гэтага радыяактыўнага пылу, ён трапіў у арганізм, і там ён іх цяпер выядае альфа- і бэта-часьцінкамі. А гэта ўжо просты шлях да анкалёгіі, інваліднасьці і да ўсяго іншага. Мяркую, што яны пра гэта ня думалі. У іх была задача захапіць гэта ўсё», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: у выніку пажараў у чарнобыльскай зоне вясной можа выгарэць увесь радыяцыйна забруджаны лес«Захапілі для аховы»
Перад выхадам з Чарнобыльскай АЭС расейцы прымусілі ўкраінскі пэрсанал станцыі падпісаць «Акт прыёму і перадачы аховы Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі». У ім падкрэсьлілі, што Нацыянальная гвардыя Расеі з 24 лютага па 31 сакавіка «забясьпечыла надзейную ахову і абарону» ЧАЭС і перадала ахову аб’екту пэрсаналу станцыі. Сярод падпісантаў быў і прадстаўнік кампаніі «Росатом».
«Гэта ўсё падпісвалася пад сілавым ціскам, умоўна кажучы, пад руляй аўтамата. І ўсе зьдзівіліся, што гэта быў не палон, а ахова. Цікава, што на гэтым дакумэнце ёсьць подпіс супрацоўніка „Росатома“, — гэта першы дакумэнт, які даказвае, што „Росатом“ удзельнічаў у тэрарыстычным акце, захопе Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, і гэта, я мяркую, будзе разглядацца ў эўрапейскіх судах. Бо дагэтуль няма ніякіх санкцыяў супраць „Росатома“, які непасрэдна ўдзельнічаў у захопе як Чарнобыльскай, так і Запароскай станцыі», — паведаміў Яраслаў Емяльяненка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне папярэджваюць пра «катастрафічныя наступствы» ад пажараў паблізу ЧАЭС. Дым ідзе ў бок Беларусі. ФОТА«Забруджаная расейская тэхніка едзе ў Беларусь»
Сябра грамадзкай рады пры Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня сьцьвярджае, што сыстэма бясьпекі на Чарнобыльскай станцыі функцыянуе нармальна.
«З радыяцыйным забруджаньнем, якое яны паднялі ў чарнобыльскай зоне, будзем разьбірацца пазьней, калі вайсковыя фармаваньні пакінуць тэрыторыю ня толькі станцыі, а і зоны. Пакуль яны там застаюцца, пакуль яшчэ ёсьць транзыт праз чарнобыльскую зону рашыстаў, якія адыходзяць і з Іванкава, і з Іванкаўскага раёну, яны ўсё роўна праходзяць на тэрыторыю Беларусі праз зону адчужэньня і нясуць з сабой пагрозу», — дадаў Яраслаў Емяльяненка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь больш ня зможа прадаваць сваю электраэнэргію зь БелАЭС ва Ўкраіну, — кіраўнік праўленьня «Укрэнэрга»Забралі палонных, а разам зь імі маёмасьць
Мэр Славуціча, гораду-спадарожніка Чарнобыльскай АЭС, Юры Фамічоў заявіў, што расейскія войскі, пакідаючы атамную станцыю, забралі з сабой як закладнікаў некалькіх вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
«З Чарнобыльскай АЭС забралі нашых хлопцаў, якія зь першага дня былі ў палоне на атамнай станцыі, якія яе ахоўвалі. Іх забралі ў аўтамабілі і вывезьлі. Гэта было прагназавана, і мы разумелі, што абмену непасрэдна на станцыі ня будзе», — сказаў Юры Фамічоў.
Мэр Славуціча разьлічвае, што ўкраінскіх гвардзейцаў змогуць вярнуць ва Ўкраіну ў межах «вялікага абмену».
Разам з палоннымі расейцы прыхапілі і маёмасьць. Спачатку ў Чарнобылі раскралі і зьнішчылі новую лябараторыю, якая мела ўнікальны комплекс для абслугоўваньня ўсіх этапаў абыходжаньня з радыяактыўнымі адыходамі — ад кандыцыянаваньня паветра да ўтылізацыі адыходаў, а таксама для дасьледаваньняў і распрацоўкі тэхналёгіяў. На яе стварэньне патрацілі 6 мільёнаў эўра, а пры дапамозе інструмэнтаў добрасуседзтва Эўразьвязу яе ўдасканалілі і абсталявалі найсучаснымі тэхналёгіямі.
Кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня Яўген Крамарэнка дадаў, што з гатэлю ў Чарнобылі расейскія «ахоўнікі» скралі сэрвізы, відэльцы, лыжкі, талеркі, а з Чарнобыльскай станцыі — чайнікі, кававаркі і тэхніку.
Папярэдне, паводле Яўгена Крамарэнкі, чуйнікі, якія мусяць перадаваць інфармацыю ў сыстэму маніторынгу радыяцыйнага фону, засталіся, але пакуль не працуюць.
«Пакуль чуйнікі не працуюць і не перадаюць інфармацыю ў агульную сыстэму. У ручным рэжыме супрацоўнікі правяралі [радыяцыйны фон], перавышэньняў няма, але сыстэму давядзецца аднаўляць. Пакуль незразумела, чаму яна не працуе. Магчыма, сэрвэрнае абсталяваньне вывезьлі, а мо яно проста адключана. Пазьней будзем гэта высьвятляць», — патлумачыў Яўген Крамарэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар МАГАТЭ наведаў адну з украінскіх АЭС, не захопленую расейскім войскамМАГАТЭ хоча накіраваць у Чарнобыль сваю інспэкцыю
Адразу пасьля паведамленьняў аб вывадзе расейскіх войскаў з Чарнобыльскай АЭС Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі пры ААН (МАГАТЭ) заявіла аб жаданьні накіраваць на гэтую станцыю сваю місію і пачала адпаведныя кансультацыі з украінскай уладай.
У той жа час генэральны дырэктар агенцтва Рафаэль Гросі заявіў, што МАГАТЭ пакуль не змагло пацьвердзіць паведамленьні, што расейскія войскі атрымалі высокія дозы ў Чарнобыльскай зоне.
«МАГАТЭ запытвае дадатковую інфармацыю для незалежнай ацэнкі сытуацыі», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі пакінулі Чарнобыльскую АЭС і вывезьлі з сабой украінскіх байцоў Нацгвардыі