Віктар Бабарыка
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 12 траўня 2020 году, а ўжо 20 траўня ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу больш як з 8 тысяч чалавек.
Ужо 11 чэрвеня 2020 году ў «Белгазпрамбанку» пачаліся ператрусы, затрымалі трох сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыки, а таксама 15 былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку».
18 чэрвеня затрымалі самога Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, іх зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. 6 ліпеня 2021 году Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за ўхіленьне ад сплаты падаткаў у буйным памеры і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры.
Віктар і Эдуард Бабарыкі прызнаныя палітзьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура хоча праз суд спагнаць з Паўла Латушкі каля $3 мільёнаўЗатрыманьне былых і дзейных банкіраў «Белаграпрамбанку» ў лютым 2021 г.
3 лютага 2021 году СМІ паведамілі пра затрыманьне некалькіх былых і дзейных банкаўскіх мэнэджараў зь «Белаграпрамбанку», а менавіта Генадзя Сысоева, Уладзіміра Падкавырава і Натальлі Шаўцовай.
Генадзь Сысоеў некаторы час працаваў у «Белаграпрамбанку» намесьнікам Сяргея Румаса. Таксама ён працаваў старшынём праўленьня «Белінвэстбанку», гэтую пасаду Генадзь Сысоеў пакінуў у 2016 годзе. Апошні час працаваў у «Беларускай лясной кампаніі». Пасьля навінаў аб затрыманьні інфармацыі пра ягоны лёс не было. На сайце «Беларускай лясной кампаніі» цяпер пазначаны кантакты намесьніка кіраўніка Дзьмітрыя Прыгары, кантактаў кіраўніка няма.
Тады ж паведамлялася аб затрыманьні Ўладзіміра Падкавырава — намесьніка старшыні праўленьня «Белаграпрамбанку». Таксама паведамлялася пра затрыманьне Натальлі Шаўцовай — яшчэ адной намесьніцы старшыні «Белаграпрамбанку». Цяпер на сайце банку няма інфармацыі пра кіраўніцтва.
Затрыманьне кіраўніка «Прыёрбанку»
6 сакавіка зьявілася інфармацыя аб затрыманьні кіраўніка «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнкі. Фармальнай падставай для арышту сталі падатковыя праблемы ў IT-кампаніі, у якой Касьцючэнка сузаснавальнік. Згодна з інфармацыяй у СМІ, Сяргея Касьцючэнку запрасілі на гутарку ў КДБ, пасьля чаго ня выпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: КДБ затрымаў кіраўніка «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнку9 сакавіка інфармацыю аб затрыманьні пацьвердзілі Інтэрфаксу ў Raiffeisen Bank International без падрабязнасьцяў.
Цяпер абавязкі дырэктара банку выконвае Вадзім Мацюшкін, які быў намесьнікам старшыні праўленьня.
Затрыманьне кіраўніка банку «БелВЭБ»
Пра затрыманьне Васіля Мацюшэўскага і яго намесьнікаў стала вядома 29 сакавіка. Сярод затрыманых былі таксама першы намесьнік Мацюшэўскага Тарас Надольны, намесьнікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзьмітрый Ляўданскі, сябра праўленьня Анатоль Паўловіч і дырэктар па разьвіцьці банку Аляксей Мазжухін.
Банк «БелВЭБ» — гэта даччыная структура расейскага «Зьнешэканомбанку». «БелВЭБ» уваходзіць у вялікую сямёрку беларускіх банкаў і крэдытуе ў асноўным дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы.
У лютым банк трапіў пад санкцыі ЗША. 30 сакавіка зьявілася інфармацыя, што Мацюшэўскі выйшаў на волю, а ягоных намесьнікаў пакінулі ў ізалятары.
На сайце банку Мацюшэўскі ўсё яшчэ пазначаны старшынём праўленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: Кіраўніка банку БелВЭБ Мацюшэўскага выпусьцілі з-пад варты«Такі ў Лукашэнкі спосаб вядзеньня дыялёгу зь людзьмі, якія маюць грошы»
Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, падобныя затрыманьні цалкам упісваюцца ў кадравую палітыку Лукашэнкі.
«Кадравая палітыка Лукашэнкі даўно вядомая: чалавека прызначаюць на пасаду, ён багацее, пасьля яго адпраўляюць ці то ў дыпляматыю, ці то ў турму, ці то ва ўтыль. Так было з Чыжом, так было зь людзьмі, якія былі каля Лукашэнкі ў 90-х гадах. Усе гэтыя людзі былі зьвязаныя з уладай, і проста прыйшоў час іх затрымаць. Альбо яны шмат ведалі, альбо не хацелі рабіць таго, чаго ад іх хацела ўлада, — тут могуць быць толькі здагадкі. Лукашэнка пацьвярджае тэзіс, што толькі ён і ягоная сям’я нешта вырашае, а іншых выкарыстоўваюць і выкідаюць. Такі спосаб вядзеньня дыялёгу зь людзьмі, якія маюць грошы. Можа быць шмат прычын, але фундамэнтальна: ваенны камунізм не цярпіць багацеяў», — кажа Яраслаў Раманчук.