Дзьве дывэрсіі за тры дні. «Рэйкавая вайна» на беларускай чыгунцы працягваецца

Вакзал у Менску, ілюстратыўнае фота

За першы месяц баявых дзеяньняў ва Ўкраіне у Беларусі былі пашкоджаныя каля дзясятка элементаў чыгуначнай інфраструктуры.

Электронныя сыстэмы «Беларускай чыгункі», пашкоджаныя ў першыя дні вайны Расеі супраць Украіны, цалкам аднавілі працу прыкладна праз два тыдні пасьля 24 лютага. Аднак дывэрсіі на чыгунцы Беларусі, якую камандаваньне Ўзброеных сілаў Расеі надалей актыўна выкарыстоўвае ў лягістычных мэтах, працягваюцца і праз месяц пасьля расейскага ўварваньня. Нават нягледзячы на пільную ўвагу беларускіх спэцслужбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію

7 выпадкаў зьнішчэньня абсталяваньня ад пачатку вайны ва Ўкраіне

За апошнія тры дні на беларускай чыгунцы адбыліся адразу дзьве значныя дывэрсіі. У абодвух выпадках пашкоджана чыгуначнае абсталяваньне коштам у дзясяткі тысяч даляраў.

Першая дывэрсія адбылася на Дзень Волі 25 сакавіка. У першыя гадзіны пасьля поўначы невядомыя падпалілі адразу дзьве шафы СЦБ (з прыладамі сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня. — РС) на перагоне паміж Барысавам і станцыяй Навасады.

Яшчэ дзьве такія ж шафы былі падпаленыя ў ноч з 27 на 28 сакавіка на перагоне паміж Асіповічамі і станцыяй Вярэйцы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Паводле ведамства, зьнішчэньне аўтаматыкі на рух цягнікоў не паўплывала.

Гэта ня першыя падобныя выпадкі. Яшчэ ў канцы лютага на беларускай чыгунцы невядомыя зьнішчылі прынамсі дзьве такія прылады — ля Стоўпцаў і ля Астанкавічаў у Гомельскай вобласьці. У сярэдзіне сакавіка абсталяваньне было пашкоджанае на лініі, якая злучае Маладэчна з Полацкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хапалі праз чуткі аб магчымай дывэрсіі на МНПЗ». За што ў Мазыры затрымалі 33 чалавекі

Што такое шафы СЦБ і чаму дывэрсанты зьнішчаюць менавіта іх

Шафы СЦБ (іншая назва — рэлейныя шафы. — РС) можна пабачыць шмат дзе на чыгунцы. Звычайна шэрыя мэталічныя шафы вышынёй каля 2 мэтраў разьмяшчаюцца на перагонах побач са станцыямі. Унутры такой прылады — электратэхнічнае абсталяваньне, якое рэгулюе працу чыгуначнай аўтаматыкі: сьвятлафораў, сыгналізацыі, іншых кампанэнтаў, неабходных для рэгуляваньня руху цягнікоў. Бяз гэтага абсталяваньня альбо кіраваць рухам немагчыма, альбо яго неабходна наладжваць у ручным рэжыме, што непазьбежна запавольвае рух цягнікоў па магістралях, утвараюцца заторы. Праз пашкоджаньне шафаў СЦБ, напрыклад, на чыгуначных перагонах перастаюць працаваць сэмафоры. У выніку машыністы проста не разумеюць, ці можна ім працягваць рух, і вымушаныя зьвязвацца з дыспэтчарамі.

«Гэта вельмі непрыемная для чыгуначнікаў рэч, — патлумачыў наступствы зьнішчэньня шафаў у размове са Свабодай супрацоўнікаў БЧ. — Трэба зноў там усё наладжваць, рамантаваць, гэта займае шмат часу і каштуе грошай. Да сыходу цягнікоў з рэек такія пашкоджаньні не прывядуць, імавернасьць катастрофы невялікая. Але рух можа быць моцна запаволены. Асабліва калі аўтаматыка перастае працаваць ля чыгуначных вузлоў з ажыўленым рухам, як зрабілі зараз ля Барысава і Асіповічаў. Той, хто гэтым займаецца, добра ведае, што менавіта ён зьнішчае».

Як паведаміў Свабодзе чыгуначнік, кошт адной шафы СЦБ можа даходзіць да дзясятка тысяч даляраў. Ва ўмовах пастаяннага недахопу грошай, у якія БЧ трапіла праз рэзкі спад грузавых перавозак, аднаўляць абсталяваньне яшчэ больш складана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дывэрсантаў у тэрарызьме

Перагоны пачалі патруляваць АМАП і САХР

Рэакцыя ўладаў на зьнішчэньне чыгуначнага абсталяваньня была ужо пасьля першых выпадкаў у лютым. Завялі некалькі крымінальных справаў па артыкулах «Акт тэрарызму», адбыліся паказальныя затрыманьні з прызнаньнямі на камэру і публікацыяй у праўладных тэлеграм-каналах. У Стоўпцах супрацоўнікі спэцслужбаў некалькі тыдняў запар правяралі усіх, хто нейкім чынам «засьвяціўся» ў пратэстах 2020 году, для часткі людзей гэта скончылася адміністрацыйнымі арыштамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Стоўпцах выязныя групы ГУБАЗіК і СОБР другі тыдзень тэрарызуюць мясцовых, - жыхары гораду

Аднак, паводле інфармацыі Свабоды, прынамсі выканаўцаў дывэрсіі на чыгунцы ў раёне Стоўпцаў пакуль так і не знайшлі. СК таксама афіцыйна не паведамляў пра раскрыцьцё гэтага злачынства. Жыхара раённага цэнтру Сяргея Глебку, якога спачатку падазравалі ў арганізацыі дывэрсіі, у выніку пачалі судзіць па іншым артыкуле і за іншае здарэньне.

Пры гэтым дзейнасьць чыгуначных дывэрсантаў прымусіла спэцслужбы патруляваць чыгуначныя перагоны. Такога на беларускай тэрыторыі не было з часоў «рэйкавай вайны», якую разгарнулі партызаны перад наступальнымі апэрацыямі савецкай арміі ў канцы Другой сусьветнай вайны. Пра «новаўвядзеньні» пачалі пісаць у групах аматараў чыгункі ў сацыяльных сетках. У сторыз інстаграм-каналу shults_rail, прысьвечанага беларускай чыгунцы, зьявілася паведамленьне пра небясьпеку быць затрыманым для кожнага, хто зьявіцца на чыгуначным перагоне. Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць і іншыя крыніцы.

«Дарагія падпісчыкі, не зьяўляйцеся на перагонах нават блізка, калі ня хочаце быць затрыманымі САХР, — гаварылася ў ім. — Не выходзьце на перагоны! Не зьяўляйцеся блізка чыгункі, асабліва з фотатэхнікай».

Вырасла ўвага спэцслужбаў і да чыгуначнікаў і іх сямейнікаў. Паведамленьне аб ператрусах у сувязі з дывэрсіямі зьявіліся ў спэцыялізаваным тэлеграм-канале @bel_zhd.

«Калі вы ці нехта з вашых знаёмых/сваякоў працуе ці працаваў на чыгунцы, то магчымыя ператрусы з мэтай знайсьці ахвярных казлоў за апошнія падзеі на «Беларускай чыгунцы», — гаворыцца ў ім. — Падобныя выпадкі ўжо ёсьць. Артыкулы ў пастановах, па якіх праходзяць ператрусы, 358 КК — «Шпіянаж», 356 КК — «Здрада дзяржаве», 289 КК — «Акт тэрарызму».

Чыгуначнікі таксама паведамляюць пра масавыя праверкі супрацоўнікаў у дэпо па ўсёй краіне. Вынікі такіх захадаў часам нават абмяркоўваюцца на сходах. Матэрыялы аднаго з такіх ідэалягічных мерапрыемстваў, якое магло адбыцца ў Лідзе, трапілі ў інтэрнэт.

Тымчасам рух эшалёнаў з расейскай вайсковай тэхнікай на беларускай чыгунцы не спыняецца. Іх рэгулярна заўважаюць як у руху, так і падчас прастою на вузлавых станцыях. Найчасьцей паведамленьні і фота з расейскай вайсковай тэхнікай на чыгуначных плятформах зьяўляюцца з Гомля, Мазыра і Рэчыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маскуюць пад шкло і трубы». Як расейскія войскі могуць выкарыстоўваць беларускую чыгунку для падвозу боепрыпасаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.