Як толькі ўлады пачалі заспакойваць насельніцтва, што цукру (солі, мукі, крупаў, алею, запалак), нягледзячы на вайну, хопіць на ўсіх, — людзі масава рушылі ў крамы і пачалі скупляць менавіта гэтыя тавары. Моладзь пасьміхаецца са сваіх бацькоў і дзядуль-бабуль:
—Ну, навошта вам мех цукру? Што вы зь ім будзеце рабіць? На ўсё жыцьцё ўсё роўна не запасесься. Наіўная моладзь!
На ўсё жыцьцё — напэўна, не запасесься. А на пару гадоў назапасіць можна дакладна. (Войны звычайна працягваюцца некалькі гадоў, рэдка — даўжэй. Прынамсі, так было ў мінулым стагодзьдзі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна разбурае інтэграцыю постсавецкай прасторыЗапас бяды ня чыніць
Памяць пра рэаліі вайны і пра голад, які любую вайну суправаджае — у нас на генэтычным узроўні. Памятаю, дзецьмі мы таксама пасьміхаліся з бабулі, якая, пачуўшы, што СССР уварваўся ў Афганістан, тут жа на ровары прыцягнула мех солі і вялізную ўпакоўку запалак. Проста бабуля памятала, як падчас Першай сусьветнай вайны соль была вельмі дарагая: мех збожжа аддавалі за невялікі карабок. А бяз солі якое сала, якія кумпякі ды паляндвіцы? Яшчэ яна расказвала, як падчас Другой сусьветнай, жывучы у акупацыі, расшчаплялі кожную запалку на чатыры часткі — каб ашчаджаць. Няўжо нельга было купіць? Можна — выменяць на сала, на муку, на яйкі. Калі яны, вядома, у вас ёсьць.
Іранічна-грэблівае стаўленьне да праяваў гэтага глыбіннага народнага інстынкту — у пакаленьня, якое ня ведае, што адчувае маці, у якой няма чым пакарміць уласнае дзіця. Ім здаецца, што «Эўраопт» з поўнымі паліцамі быў і будзе заўсёды, а калі няма цукру, дык можна ж купіць цукерак ці апэльсінаў. Гэта як у старым анэкдоце пра францускую каралеву Марыю-Антуанэту, якая не магла ўцяміць, чаго не хапае французам, што яны бунтуюць:
— У іх няма хлеба, ваша каралеўская мосьць.
— Няма хлеба? Дык няхай ядуць пірожныя.
Вайна — гэта тады, калі няма ня толькі «Эўраопту» ці «Кароны», але і сяльпо. А ёсьць які-небудзь «блышыны рынак». Дзе вашы папяровыя грошы ня будуць вартыя нічога. А мяшэчак цукру ці кавалак сала вы там зможаце выменяць хіба што на залаты пярсьцёнак ці завушніцы.
Пералік запасаў «на выпадак вайны» зь цягам часу мяняўся. Нашы продкі ў першай палове мінулага стагодзьдзя абавязкова ўключалі ў яго яшчэ і ґазу (керасін) і сьвечкі. Цяпер пра гэта задумваюцца рэдка: відаць, лічаць, што электраэнэргія — гэта штосьці незьніштажальнае. (А калі зьнікае электрычнасьць — можна ж уключыць ліхтарык на смартфоне.) А я вось старую керасінавую лямпу ня выкінуў, на ўсялякі выпадак трымаю ў спраўным стане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз двух тапельцаў. Ці выратуе Расея беларускую эканоміку, калі і сама ідзе на дно?«И откуда у тебя, Петюня, такой изумительный сахар?»
Цукар у «ваенным» наборы зьявіўся параўнальна позна. Наколькі каштоўным прадуктам ён лічыўся? Згадайце культавы савецкі фільм пра пасьляваенную Маскву «Места сустрэчы зьмяніць нельга» — сюжэт пра тое, як капітан Жаглоў (актор Уладзімір Высоцкі) заўважае, што гаспадарлівы калега па службе недзе разжыўся цукрам: «И откуда у тебя, Петюня, такой изумительный сахар? Будь человеком, не жадись, и нам маленько сахарку отсыпь....Сыпь, сыпь, не тряси». Рэжысэр Станіслаў Гаварухін сам перажыў вайну і добра ведаў рэаліі пасьляваеннага побыту.
Цукар — у пэўным сэнсе сымбаль. Зьнікнуць з паліц крамаў заўтра можа што заўгодна (мука, крупы, гігіенічныя пракладкі, мыла, канцылярская папера...). Ня факт, што зьнікне надоўга — неўзабаве ўсё гэта можа зноў зьявіцца. Але зусім па іншых цэнах. І той, хто ўклаў учора грошы ў нешта рэальнае, — у кожным разе застанецца ў выйгрышы. Тыя, хто перажыў гады перабудовы, добра памятаюць, як гэта бывае.
...Ні соль, ні запалкі ў 80-я гады, на шчасьце, ня зьніклі. Але і тое, што прыкупіла тады бабуля ў запас, не прапала. Яшчэ і празь дзясятак год (ужо і бабулі не было сярод жывых), калі нечакана канчаліся запалкі, мы звыкла адчынялі дзьверы ў старую камору, дзе была схованка, кожны раз добрым словам успамінаючы запасьлівую бабулю.
Трохі сьмешна чытаць і слухаць паўсюль: «Як такое магчыма ў ХХІ стагодзьдзі!». А што такое надзвычайнае адбылося, каб лічыць гэтае стагодзьдзе нейкім выключным? Чаму ў ХХІ стагодзьдзі ня можа адбыцца тое ж, што ў ХХ ці ХІХ? Нешта моцна зьмянілася ў чалавеку ад таго, што замест папяровай кнігі ён чытае тэксты з дысплею, а замест таго, каб пісаць чарнілам і гусіным пяром, набірае словы, націскаючы на кнопкі? А зайздрасьць, сквапнасьць, славалюбства — засталіся тымі ж. І спадарожнікі вайны — тыя ж: людзкое гора, сьмерці, разбурэньні, уцякацтва, голад. Усё як і сто, і дзьвесьце год таму.
Лукашэнка на працягу ўсіх амаль 28 год свайго прэзыдэнцтва час ад часу любіць хваліцца сваімі «дасягненьнямі» — паўтарае, што калі толькі яго абралі, нібыта «мукі ў Менску заставалася на тры дні». Насамрэч, у 1994 годзе справы з запасамі харчаваньня ў Беларусі былі зусім не такімі кепскімі, і сьцьвярджэньне Лукашэнкі — у значнай ступені міт. Няхай, дапусьцім, час той і сапраўды быў ня самым стабільным. Але вось мінулі амаль тры дзесяцігодзьдзі «стабільнасьці» і «росквіту». Якія вынікі? Кола замкнулася. Мы імкліва вяртаемся ў той жа стан, якім ён так любіў палохаць людзей. Дзе дыктатура — там рана ці позна мукі застаецца «на тры дні». (А не мукі — дык цукру, ці солі, ці паперы, ці чаго заўгодна.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што чакае эканомікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны ў часе вайны і санкцыяў?І вось ужо незьмяняльны правадыр, пры якім амаль усе суседнія дзяржавы абвешчаныя ворагамі Беларусі, а сама Беларусь ператварылася ў пляцдарм для агрэсіі супраць братняга народу, называе «цукар, хлеб, соль і пару-тройку іншых харчовых пазыцый стратэгічнымі таварамі, за якія ідзе вайна». І абяцае, што ў Беларусі перабояў зь імі ня будзе. Што зрабіла б мая бабуля, калі б пачула такое? Правільна, схапіла б мех і пабегла б у краму — па цукар, па соль, па запалкі ды іншае — што доўга не псуецца. І не памылілася б.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.