Хроніка перасьледу 28 сакавіка: затрымалі байца MMA, засудзілі мэдсястру, завялі справу за артыкулы ў Вікіпэдыі

Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі надалей перасьледуюць грамадзян за выказваньне думак на палітычныя тэмы і аб вайне з Украінай.

Затрымалі байца ММА Навіцкага

На «пакаяльным відэа», якое зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах, Уладзіслаў Навіцкі расказвае, што ў жніўні 2020 году ўдзельнічаў у «ланцугах салідарнасьці» і пратэставых акцыях разам зь іншымі спартоўцамі. Таксама Навіцкі дадаў, што пэўныя яго знаёмыя зараз ваююць на баку Ўкраіны.

На праўладным тэлеграм-канале апублікавалі і здымкі з тэлефону Навіцкага, фота з пратэстаў і людзей у форме ва Ўкраіне, сярод якіх быў мужчына, які расказаў напярэдадні аб перамозе беларускага батальёну ў Лук’янаўцы.

Раней Навіцкі выступаў на спаборніцтвах паміж спэцпадразьдзяленьнямі сілавікоў Беларусі як баец «Альфы» КДБ. У 2020-м Навіцкі падтрымаў пратэсты супраць Лукашэнкі, аднак некаторыя зь яго знаёмых засталіся служыць у сілавых структурах.

Уладзіслаў Навіцкі — 5-разовы чэмпіён Беларусі ў ручным баі і 3-разовы ў ММА. Спартовец заваёўваў срэбра чэмпіянату Эўропы ў ММА і браў бронзу на чэмпіянаце Эўропы ў ручным баі.

Кіраўніцтва сілавога блёку Беларусі адкрыта займае прарасейскія пазыцыі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта сьведчаць, у прыватнасьці, масавыя затрыманьні ўдзельнікаў антываенных мітынгаў і пікетаў у розных гарадах Беларусі. На фатаздымку арыштаванага на 15 дзён грамадзкага дзеяча Зьмітра Дашкевіча, які зрабіў ГУБАЗіК, бачныя дзьверы аднаго з кабінэтаў з расейскімі плякатамі з выкарыстаньнем літар «Z» і «V».

Мэдсястру-анэстэзістку Марыю Каржанеўскую пакаралі 21-сутачным арыштам

24 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК у Заслаўі затрымалі 21-гадовага сына мэдсястры-анэстэзісткі Марыі Каржанеўскай — Даніла. Паколькі на той час у іх доме нікога не было, сілавікі выбілі дзьверы і пачалі праводзіць ператрус да таго, як прыйшлі панятыя.

25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі запрасілі Марыю забраць ровар сына. Але з Цэнтральнага РУУС Менска яе так і ня выпусьцілі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Пакуль Марыя была ў пастарунку, яе сыну прызначылі 12 сутак арышту па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

Ужо 26 сакавіка, у выходны дзень, у судзе Цэнтральнага раёна Менска над ёй адбыўся суд. Жанчыну пакаралі 21-сутачным арыштам. Пры гэтым, Вярхоўны суд не паведамляў, што на выходных будуць працаваць дзяжурныя судзьдзі, таму суд прайшоў таемна. Цяпер Марыя знаходзіцца ў менскай турме на Акрэсьціна.

Жыхара Берасьця будуць судзіць за артыкулы ў Wikipedia

У суд накіравалі крымінальную справу па абвінавачаньні 30-гадовага берасьцейца за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Сьледзтва сьцьвярджае, што з 29 сьнежня 2020 года па 30 красавіка 2021 года абвінавачаны «разьмясьціў недакладную інфармацыю» на сайце Wikipedia і міжнароднай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека». Паводле пракурора, берасьцеец сваімі дзеяньнямі «прадставіў грамадзкасьці загадзя ілжывыя зьвесткі аб дзейнасьці праваахоўных і дзяржаўных органаў Беларусі».
Яму прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), па якому пагражае да чатырох гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 сакавіка: На аўтара «Вікіпэдыі» Марка Бернштэйна завялі крымінальную справу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 сакавіка: затрымалі ксяндза касьцёла ў Лынтупах, «Жанчыны з парасонамі» абверглі сваё затрыманьне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманым на Дзень Волі ў Менску прысудзілі ад 7 да 15 сутак арышту