Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 сакавіка: На аўтара «Вікіпэдыі» Марка Бернштэйна завялі крымінальную справу


Затрыманьні пасьля пратэстаў у Менску, 12 верасьня 2020 году
Затрыманьні пасьля пратэстаў у Менску, 12 верасьня 2020 году

Пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту ён не выйшаў на волю.

Марк Бернштэйн адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак стала вядома, што ў дачыненьні яго завялі крымінальную справу па артыкуле 342 ч.1 («арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках).

Марк Бэрнштэйн – аўтар Вікіпэдыі і блогер. Уваходзіў у сьпіс топ-50 найлепшых аўтараў Вікіпэдыі ў расейскамоўным сэгмэнце.

Бэрнштэйна затрымалі 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў – на запыт ФСБ Расеі. Фатаграфія затрыманага была разьмешчана з прыпіскай «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».

Палітвязьню, якога ўтрымліваюць пад вартай ужо 7 месяцаў, прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі за некалькі камэнтароў у інтэрнэце

22 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэньне па справе палітвязьня Вадзіма Нікалаева, якога абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 1. арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы».

Вадзіма абвінавачвалі ў тым, што ў інтэрнэце ён заклікаў да гвалту над міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і судзьдзямі – у тэлеграм-чаце «Пинск 97%» разьмясьціў 4 паведамленьні, якія і сталі прадметам судовага разьбіральніцтва. Пра якія менавіта паведамленьні ідзе гаворка, не паведамляецца.

Затрыманьні ў Менску 25 сакавіка

Паведамляецца, што ў Менску ўчора быў затрыманы Данііл Асавелюк і Арцём Сабалеўскі. Таксама каля станцыі мэтро «Усход» затрыманы Станіслаў Базарнаў.

«Списки задержанных» таксама паведамляюць пра затрыманьне ў Менску Аляўціны і Віктара Бяляўскіх (іх даставілі ў Першамайскага РУУС, потым яе вызвалілі, а яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна), Вячаслава Загорскага (з Фрунзенскага РУУС яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна), Віктара Янушкевіча, Сяргея і Галіны Філіпавых.

Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», на пачатку лютага супрацоўнікі Карэліцкага РАУС затрымалі не менш за дзясятак чалавек

У сьпісе «нядобранадзейных» былі і прыватнікі, і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў. Ва ўсіх аглядалі тэлефоны, спрабавалі знайсьці прычыны, каб завесьці адміністрацыйныя справы. Вядома, што аднаго прадпрымальніка аштрафавалі на 800 рублёў за леташнюю актыўнасьць у «экстрэмісцкім чаце», а таксама забралі тэлефон.

23 сакавіка ў першай палове дня ГУБАЗіК на двух чорных бусах затрымаў супрацоўніка прыватнага прадпрыемства «Белтавіс» Віктара Пільжыса. Па словах відавочцаў, байцы АМАПу некаторы час стаялі каля крамы, чакаючы моманту, каб яго затрымаць, як толькі ён зьявіцца ў іх поле зроку.

Ператрусы прайшлі ў маці затрыманага і ў былой жонкі. Паводле інфармацыі крыніц, 25 сакавіка ў Карэлічах Віктару прысудзілі 10 сутак арышту па адміністрацыйным артыкуле.

Сына медсястры-анэстэзісткі ДХЦ Марыі Каржанеўскай арыштавалі на 12 сутак, а саму яе затрымалі

24 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Заслаўе затрымалі 21-гадовага сына медсястры-анэстэзісткі ДХЦ Марыі Каржанеўскай — Данііла. Перад гэтым у іх доме выбілі дзьверы, бо там нікога не было, і пачалі ладзіць ператрус да таго, як прыйшлі панятыя. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні).

На наступны дзень, 25 сакавіка, супрацоўнікі міліцыі запрасілі Марыю забраць ровар сына. З Цэнтральнага РУУС яе так і не выпусьцілі. Дзе цяпер знаходзіцца Каржанеўская — невядома.

Пакуль Марыя была ва ўпраўленьні, суд Цэнтральнага раёна Менска асудзіў Данііла Каржаўнескага па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне міліцыянтам) на 12 сутак арышту.

У Магілёве за плякат «Украіна, прабач» затрымалі сьвятара

У Магілёве 25 сакавіка затрымалі грэка-каталіцкага сьвятара Васіля Ягорава. Пра гэта стала вядома ад ягоных блізкіх.

Дзе мужчына зараз, невядома.

Васіль Ягораў — ураджэнец Магілёва, у 90-х скончыў мясцовы машынабудаўнічы інстытут, але праз некалькі гадоў паступіў у Івана-Франкоўскую тэалагічную акадэмію, адвучыўся, скончыў магістратуру і ў 2008-м там жа, у Івана-Франкоўску, быў пасьвечаны ў сьвятары. Пасьля айцец Васіль Ягораў працягнуў службу ў Магілёве.

Палітвязьня Андрэя Новікава 39 дзён утрымліваюць у ШІЗА

Па інфармацыі праваабаронцаў, Андрэя Новікава (https://prisoners.spring96.org/be/person/andrei-novikau) зьмясьцілі ў штрафны ізалятар яшчэ 12 лютага і будуць там утрымліваць да 27 сакавіка. Прычыны пакуль невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG