Як скончыцца вайна? 4 сцэнары ад Юрыя Дракахруста

Акцыя пратэсту супраць расейскай агрэсіі ў захопленым расейскімі войскамі Мелітопалі, 7 сакавіка 2022 г.

Магчымыя чатыры варыянты: перамога аднаго ці другога боку, у нейкім сэнсе нічыя — кампрамісны мір, і працяг вайны ў агляднай будучыні.

Сьцісла:

  • На думку многіх экспэртаў, параза Расеі — гэта варыянт, пры якім яна не дасягае мэтаў, якія, хутчэй за ўсё, ставіў і ставіць перад сабой Пуцін.
  • Сталін ня здолеў скарыць Фінляндыю, як плянаваў, але і страту Фінляндыяй ладнай часткі сваёй зямлі не назавеш поўнай паразай агрэсара.
  • Многія экспэрты выказваюць думку, што ваенная параза Ўкраіны стане пасткай, «другім Афганістанам» для Крамля.
  • Разьлік Крамля на тое, што Ўкраіна пасьля расейскай перамогі стане такой жа ляяльнай Расеі, як Чачэнія пасьля дзьвюх войнаў.
  • Хуткі мір — ці ня самы малаімаверны сцэнар.
  • Для Беларусі найгоршыя сцэнары — другі (параза Ўкраіны) і чацьвёрты (зацяжная вайна).

Абстрактна кажучы, магчымыя чатыры варыянты: перамога аднаго ці другога боку, у нейкім сэнсе нічыя — кампрамісны мір, і працяг вайны ў агляднай будучыні. Праўда, прынамсі першыя два сцэнары маюць патрэбу ў расшыфроўцы.

Параза Расеі

Што можа азначаць параза Расеі, у якой форме практычна яна можа адбыцца? Наўрад ці ў той, што пераможная ўкраінская армія пройдзе парадам па Краснай плошчы ў Маскве. Расея — ядзерная дзяржава. Ня выключана, што яна ўжыве ядзерную зброю ці пагрозу ёй нават падчас баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ці каб вызваліцца з абцугоў санкцыяў.

Але калі баявыя дзеяньні перакінуцца на яе тэрыторыю, няма сумневаў, што яна ядзерную зброю ўжыве, калі ня зможа прадухіліць ваенную паразу іншымі сродкамі.

Расеі даводзілася прайграваць войны (Крымская ў ХІХ стагодзьдзі, расейска-японская, афганская), але ва ўсіх гэтых войнах яна альбо проста не дасягала мэтаў вайны, альбо несла тэрытарыяльныя страты на далёкім франціры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар ЗША ў Расеі Макфол — пра тры сцэнары завяршэньня вайны

Былы амбасадар ЗША Майкл Макфол вызначае сцэнар «поўная параза» як няздольнасьць Расеі захапіць буйныя гарады Ўкраіны. Амэрыканская дасьледчыца Эстэр Тэтруашвілі разглядае як магчымы варыянт толькі частковую паразу Расеі, «пры якой Данецкая і Луганская вобласьці былі б прызнаныя расейскімі тэрыторыямі або аўтаномнымі акругамі, а Крым — часткай Расеі». Амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма, аўтар знакамітага прагнозу аб «канцы гісторыі», лічыць, што «поўная параза ва Ўкраіне» Расеі ўжо непазьбежная, але не тлумачыць, што гэта можа азначаць практычна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Foreign Policy: Тры сцэнары заканчэньня вайны ва Ўкраіне

Некаторыя назіральнікі зьвязваюць паразу Расеі з магчымым пераваротам у Маскве, адхіленьнем Уладзіміра Пуціна ад улады яго атачэньнем. Але расейскія войскі ва Ўкраіне не адступаюць, шматлікія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што вайна Расеі ва Ўкраіне карыстаецца дастатковай грамадзкай падтрымкай, прынамсі пакуль. У такіх умовах імавернасьць перавароту ўяўляецца невысокай.

Да таго ж некаторыя экспэрты (напрыклад, Сяргей Чалы) мяркуюць, што нават адхіленьне ад улады Пуціна не азначае завяршэньня вайны і паразы Расеі.

Іншымі словамі, на думку многіх экспэртаў, параза Расеі — гэта варыянт, пры якім яна не дасягае мэтаў, якія, хутчэй за ўсё, ставіў і ставіць перад сабой Пуцін. У сваёй дэклярацыі аб пачатку вайны ён назваў яе мэтамі забесьпячэньне бясьпекі «ДНР» і «ЛНР», а таксама «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» ўсёй Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўная параза Расеі ўсё бліжэй». Дванаццаць тэзісаў Фрэнсіса Фукуямы

Што азначаюць дзьве апошнія опцыі, дакладна сфармулявана не было; не было заяўлена, што гэтыя мэты прадугледжваюць ваенны разгром Украіны і поўнае яе палітычнае падпарадкаваньне Маскве. З праграмнага артыкула Пуціна пра расейска-ўкраінскія адносіны і яго прамовы аб прызнаньні «ЛДНР» можна зрабіць выснову, што мэтай зьяўляецца (ці зьяўлялася) зьнішчэньне Ўкраіны як дзяржавы. Але гэта дапушчэньне, а ня ўпэўненасьць.

Да таго ж часам пляны мяняюцца ў залежнасьці ад хады вайны. Многія параўноўваюць цяперашнюю вайну з савецка-фінскай. На першапачатковай яе фазе ў Маскве быў сфармаваны марыянэткавы ўрад зь фінскіх камуністаў з Ота Куусінэнам на чале, заяўлялася, што менавіта гэта — законны, легітымны ўрад Фінляндыі, зь якім СССР будзе мець справу. Што азначала намер узяць пад кантроль усю краіну. Аднак падзеі на полі бою, як і міжнароднае становішча СССР, складаліся такім чынам, што пра ўрад Куусінэна ў Маскве забылі, а зь дзейным «буржуазным» урадам у Хэльсынкі падпісалі мір, у выніку якога Фінляндыя, праўда, страціла 10% тэрыторыі.

Сталін ня здолеў скарыць Фінляндыю, што плянаваў, гледзячы па стварэньні камуністычнага ўраду для яе. Але і страту Фінляндыяй ладнай часткі сваёй зямлі не назавеш поўнай паразай агрэсара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нават прайграўшы вайну, Пуцін абвесьціць пра сваю перамогу. Паразы яму не даруюць

Параза Ўкраіны

Другі сцэнар завяршэньня цяперашняй вайны — гэта параза Ўкраіны. Многія экспэрты выказваюць думку, што гэта стане пасткай для Крамля; паводле іх, расейскае панаваньне над Украінай выкліча жорсткую і маштабную партызанскую вайну, і Расея атрымае другі Афганістан.

Хада вайны, рэакцыя на расейскіх акупантаў нават на збольшага расейскамоўным усходзе Ўкраіны сьведчаць на карысьць такога сцэнару. Украінскае войска не разьбягаецца перад «вызваліцелямі ад нацыстаў», а насельніцтва сустракае іх зусім ня кветкамі.

Разьлікі расейскага кіраўніцтва, магчыма, зыходзяць са спадзеву, які сфармуляваў расейскі пісьменьнік, адзін з ідэолягаў «русского мира» Захар Прылепін. Паводле яго, Расея ваявала ў Чачэніі, ваявала доўга і жорстка. А цяпер зь ляяльнасьцю Чачэніі ў Крамля няма ніякіх праблемаў. Тое самае, мяркуе Прылепін, адбудзецца і з Украінай.

Аднак сытуацыі ў Чачэніі і ўва Ўкраіне шмат чым адрозьніваюцца. Чачэнія ня мела досьведу працяглага незалежнага, міжнародна прызнанага існаваньня, Украіна мае такі досьвед на працягу 30 гадоў. Сьцерці народу памяць аб шматгадовым незалежным існаваньні даволі складана. Да таго ж Чачэнія ў часы вайны і пасьля яе ня мела і малой долі той міжнароднай падтрымкі, якую мае Ўкраіна цяпер і будзе мець нават у выпадку ваеннай паразы.

А гэта робіць вельмі імаверным сцэнар «другога Афганістану» для Масквы ў выпадку яе ваеннай перамогі.

Заходняя дапамога ўкраінскай партызанцы будзе матываваная ня толькі сымпатыямі да ўкраінцаў, але і меркаваньнямі бясьпекі самога Захаду — калі расейская акупацыйная ці марыянэткавая адміністрацыя Ўкраіны будзе скаваная партызанскім супрацівам, Крамлю будзе не да новых заваёваў у Эўропе.

Кампрамісны мір

Трэці варыянт — гэта ў пэўным сэнсе нічыя, кампрамісны мір. На нейкую формулу кампрамісу, а значыць, саступак прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі гатовы. Ён ужо заяўляе, што сяброўства Ўкраіны ў NATO зьнятае з парадку дня. Ён таксама кажа, што ўмовы міру павінны быць ухваленыя на рэфэрэндуме. Калі б умовы кампрамісу не былі цяжкімі і балючымі, то ідэя выносіць іх на рэфэрэндум і ня ўзьнікла б.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне кампрамісаў з Расеяй будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі

Ня вельмі зразумелы і практычны шлях рэалізацыі гэтай ідэі. Праводзіць рэфэрэндум пад бомбамі, ракетнымі і артылерыйскімі абстрэламі немагчыма. Аднак Расея не зьбіраецца выводзіць свае войскі і спыняць вайну да заключэньня міру, што выключае прыняцьцё ўмоваў міру на рэфэрэндуме.

Да таго ж Зяленскі — гэта ня ўся Ўкраіна і ня ўся ўкраінская палітычная эліта. Украінская нацыя зараз згуртаваная вакол яго як лідэра супраціву, змаганьня. Але ня факт, што яна будзе настолькі ж згуртаваная вакол яго, калі ён прапануе, а тым больш прыме фундамэнтальныя саступкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за палову грамадзян Украіны назвалі зьнішчэньне ўкраінскага народу галоўнай мэтай агрэсіі Расеі

У сваю чаргу, і Ўладзімір Пуцін ня можа дазволіць сабе паразу. І таму хуткі мір уяўляецца ці ня самым малаімаверным сцэнарам. Абодва бакі маюць падставы спадзявацца на паляпшэньне свайго становішча на полі бою і, адпаведна, на лепшыя ўмовы міру ў будучыні.

Дасягненьне мірнага пагадненьня ўскладняецца і тым чыньнікам, што для Расеі ці ня большай праблемай, чым вынікі ўласна вайны, зьяўляюцца драконаўскія санкцыі, уведзеныя краінамі Захаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць сцэнараў вайны Расеі з Ўкраінай ад Al Jazeera

А іх лёс толькі ўскосна залежыць ад украінскага кіраўніцтва. Зяленскі, калі паразуменьне з Масквой будзе дасягнутае, можа папрасіць Захад скасаваць ці зьмякчыць санкцыі. Але просьбу могуць і не задаволіць. І яе нават можа і ня быць наагул, Кіеў можа трактаваць санкцыйнае пытаньне як пытаньне адносінаў Расеі з Захадам і параіць Маскве з Захадам яго і вырашаць.

Зацяжная вайна

І, нарэшце, яшчэ адзін магчымы сцэнар — гэта працяг вайны, сытуацыя, якую экспэрты з амэрыканскага Institute for the Study of War называюць «крывавым патам» . Варта нагадаць, што тыя ж войны ў Чачэніі працягваліся шмат месяцаў (першая — паўтара года, другая — 8 месяцаў). Ня менш працяглай можа быць і цяперашняя вайна Расеі з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды пойдзе Беларусь пасьля вайны? Сцэнары ад экспэртаў

Для Беларусі найгоршыя сцэнары — другі (параза Ўкраіны) і чацьвёрты (зацяжная вайна). Чацьвёрты асабліва небясьпечны пэрспэктывай прамога ўцягваньня беларускага войска ў вайну. Як другі, гэтак і чацьвёрты могуць прывесьці да страты нават фармальнай незалежнасьці Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.