60-гадовая Надзея прыгадвае, што трымала на «чорны дзень» яе маці не ў такіх ужо і далёкіх васьмідзясятых-дзевяностых, а таксама тлумачыць, чаму яна ніколі нічым не запасаецца.
«Соль — гэта стратэгічны прадукт. На ўзроўні генэтычнай памяці ў пажылых людзей»
«У маёй маці заўсёды дома стаяў мех цукру, было ў запасе шмат пачкаў солі. Я была яшчэ маладая і не магла разумець, навошта. Маці, якая ў дзяцінстве, падчас вайны, зазнала голад, казала, што гэта найперш кансэрванты. І што соль і цукар у вялікай колькасьці заўсёды трымала ейная маці, мая бабуля, у вёсцы.
Ну з бабуляй у вёсцы ўсё зразумела: заколюць кабанчыка, а няма солі — што рабіць? Соль была патрэбна, каб квасіць капусту і гуркі — бабуля „закаткамі“ тады не займалася, у пограбе стаялі бочкі з салёнымі гуркамі, шаткаванай капустай з качанчыкамі, а таксама невялікая бочачка з мочанымі яблыкамі. Так што соль — гэта стратэгічны прадукт. На ўзроўні генэтычнай памяці ў пажылых людзей. Што да мяне, тут іншая праблема: скончыцца пачак солі, я заўсёды забываюся купіць.
Навошта маці былі запасы солі ў горадзе, я так і не зразумела, — кабанчыка ж ужо не было.
Заўсёды былі ў вялікай колькасьці ў доме запалкі. І нават калі ўжо зьявіліся запальнічкі, электрападпал для газавай пліты, а потым і электрапліта, мама заўсёды казала, што запас запалак таксама абавязкова павінен быць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крызіс — нашмат горшая зьява, чым дэфолт». Што такое дэфолт і ці варта яго баяцца беларусам«Цукар у вёсцы трымаюць мяхамі, каб гнаць самагонку. А навошта ў горадзе мех цукру?»
«Навошта мая маці ў горадзе трымала мех цукру, я таксама не магу патлумачыць. Так, сочыва яна варыла, але ўсё ж не ў такой колькасьці, каб цукар скупляць мяхамі.
Прыгадваю сьмешную для мяне, падлетка, гісторыю, калі дэфіцытам былі мэталічныя накрыўкі для кансэрвацыі і слоікі. Пачынаўся новы „закатачны“ сэзон, а мы ня зьелі яшчэ леташніх запасаў. Слоікаў бракавала, і на пачатку лета мама прымушала нас усе кампоты, сочыва, гуркі-памідоры тэрмінова даядаць — трэба было вызваліць слоікі. Ня столькі шкада было саміх кансэрваў, якія прападалі, колькі шкада было працы і часу.
Калі я стала дарослай, у мяне з маці былі канфлікты — чаму ў мяне нічога няма, чаму я не трымаю запасаў таго ж цукру. Мае пярэчаньні, што цяпер сочыва мала хто ўжывае, што „скарміць“ яго каму-небудзь праблематычна, што цяпер па-іншаму захоўваюць ягады, замарожваюць, маці не ўспрымала і называла мяне кепскай гаспадыняй.
Ну калі ў вёсцы цукар трымаюць мяхамі, я яшчэ разумею — каб гнаць самагонку, якая заўсёды лічыцца „вадкім палівам“ ці „вадкай валютай“ — за каня з суседам разьлічыцца, за дровы. А навошта мех цукру ў горадзе? Рытарычнае пытаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея і Беларусь будуць адкінутыя на паўстагодзьдзя назад». Як беларусы ўжо сёньня застаюцца бяз працы і што будзе з эканомікай заўтраПачатак 1990-х: гарэлка, масла, мука, крупы
«У 1990-х былі талёны на гарэлку, і маці заўсёды выкупляла, колькі належала, хоць яе не піла ўвогуле. Навошта тая гарэлка было ёй патрэбна, я дагэтуль не разумею, але ў яе стаяла цэлая батарэя пляшак. Некаторыя бутэлькі былі з накрыўкамі, якія ў народзе называлі „бесказыркамі“, яны няшчыльна закрывалі тыя пляшкі, і гарэлка папросту вытыхалася. Што стала з той скрыняй назапашанай гарэлкі, я нават ужо і ня памятаю.
Усе запасаліся і сьметанковым маслам — яго тады прадавалі пасьля працоўнага дня, а 18-й. Колькі давалі, столькі купляла, і ляжала яно ў маразілцы.
На пачатку 1990-х маці скупляла крупы, муку, макаронныя вырабы — у доме заўсёды быў стратэгічны запас. Хаця захоўваць іх было складана, часьцяком заводзіліся жучкі-павучкі. Я памятаю, як наша суседка абуралася, што давялося выкінуць шмат крупаў з чарвячкамі на сьметнік — у іх завялася харчовая моль.
Былі заўсёды ў запасе і бляшанкі мясной тушаніны, чамусьці пераважна зь ялавічыны. На чорны дзень. Ну, а некалькі бляшанак са шпротамі, пячонкай траскі ў лядоўні абавязкова захоўваліся на сьвяты, для гасьцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі забараніў вывозіць з краіны 254 тавары замежнай вытворчасьціАдрэзы тканіны і пасьцельная бялізна
«Што да іншага, у маці было вельмі шмат так званых „адрэзаў“ — кавалкаў тканіны, матэрыі на сукенкі. З гэтых адрэзаў рэдка штосьці шылася, яны проста ляжалі ў шафе. Потым давялося іх раздаваць, але ніхто не хацеў і дарма браць.
Пасьцельнай бялізны і рушнікоў у маці таксама быў цэлы склад. Белыя накоўдранікі былі зь вельмі прыгожымі карункамі-вышыўкай. Яны былі новыя, у пастаянным ужытку такой раскошай карысталіся рэдка. А потым мода зьмянілася, зьявілася каляровая бялізна, у кветачкі і гарошак, і я аддала гэтыя стосы пасьцельнай бялізны ў вёску.
А яшчэ я памятаю пэрыяд у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі скуплялі ўсё запар, каб проста не прапалі грошы. Жанчыны пажылога веку хадзілі па ГУМах-ЦУМах, і чакалі, што „выкінуць“ у продаж. Я потым доўга не магла пазбавіцца таго непатрэбнага барахла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падобна да краху эканамічнай сыстэмы ў выніку распаду СССР». Эканаміст Аляхновіч аб сытуацыі ў Беларусі«На ўсё жыцьцё не запасесься»
«Што тычыцца 2000-х гадоў, я ня памятаю, каб мы чымсьці запасаліся, штосьці скуплялі. Здаецца, дэфіцыту тады ўжо не было. Хіба што бегалі па зьніжках і распродажах. Нарвесься на туалетную паперу ці алей на зьніжцы — бярэш некалькі ўпаковак пра запас. Ці спрацуе вядомы рэклямны трук: два па цане аднаго. Купіш што-небудзь, потым палічыш і прасьлязісься.
Навошта цяпер народ скупляе цукар, я таксама не зусім разумею. Хаця мае ўнукі ўсё ядуць і п’юць зь вялікай колькасьцю цукру: кашы, тваражок, гарбату, какаву. Ня будзе цукру — праз пару дзён прывыкнуць абыходзіцца безь яго. Тым больш што гэта не такі ўжо і карысны прадукт. Цукар, на маю думку, самая меншая праблема.
Мая суседка, дарэчы, нядаўна пачала запасацца кормам для жывёлаў. А яна заўсёды ў курсе, што можа стаць дэфіцытам. Учора гаварыла пра сродкі гігіены, пракладкі. А таксама пральны парашок. Верыць ці не — ня ведаю. Аднак я ніколі нічога не купляю ў запас. На ўсё жыцьцё не запасесься».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна разбурае інтэграцыю постсавецкай прасторы