У сюжэт трапіў відэазапіс «апэратыўнага назіраньня», зь якога вынікае, што за мазыранамі сачылі нават ва ўласным гаражы аднаго зь іх.
Хто гэтыя затрыманыя і што зь імі цяпер, Свабодзе расказалі іхныя знаёмыя.
У сюжэце тэлевізіі — кадры зь нейкага памяшканьня, падобна, гаража, дзе двое мужчын абмяркоўваюць спосабы, як перашкодзіць перасоўваньню расейскай тэхнікі па чыгунцы. Магчыма, увагу спэцслужбаў адзін з затрыманых, Сяргей Пляшкун, прыцягнуў тым, што скінуў відэа з калёнай расейскай тэхнікі ў адзін з «дэструктыўных» каналаў. Пры ператрусе ў затрыманых забралі пустыя бутэлькі, салетру, біту, пнэўматычны пісталет. Сьцьвярджаецца, што яны маглі зрабіць «кактэйлі Молатава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядомаАдзін з затрыманых, 44-гадовы Юры Сельвіч, жанаты, мае траіх дзяцей. Двое дарослых сыноў цяпер у войску, адзін служыць у Мар’інай Горцы пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. Яшчэ ў сям’і выхоўваецца прыёмная дачка, ёй 10 гадоў. Па словах знаёмых, Юры працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі.
«Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, якія былі ў Мазыры пасьля выбараў. Яго двойчы затрымлівалі паводле 23.34, адзін раз былі „суткі“, другі раз штраф. Юры дапамагаў фінансава сваякам палітвязьняў. Ну гаварылі яны нешта, але ж дзеяньняў ніякіх не было», — патлумачыў сябар.
Сяргей Пляшкун мае жонку і дваіх дзяцей. Адзін сын ходзіць у першую клясу, другому няма і годзіка. Жонка ў дэкрэтным водпуску.
«Сяргей працаваў гандлёвым агентам. Ён добры муж, бацька і сябар. Сапраўдны, такіх вельмі мала. Ён і Юры ахвяравалі сабой дзеля свабоднай Беларусі», — зазначыла знаёмая затрыманага, таксама жыхарка Мазыра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Стоўпцах выязныя групы ГУБАЗіК і СОБР другі тыдзень тэрарызуюць мясцовых, - жыхары горадуУ справе аб «падрыхтоўцы акту тэрарызму» ў Мазыры затрымлівалі ня толькі Юрыя і Сяргея, але яшчэ двух чалавек. Адзін цяпер «пад падпіскай аб нявыезьдзе», другі — на «сутках» у адміністрацыйнай справе.
«Перад рэфэрэндумам і пасьля зьяўленьня расейскіх вайскоўцаў у Мазыры міліцыя і спэцслужбы праяўляюць пільную ўвагу да актывістаў. У дзень рэфэрэндуму 27 лютага затрымалі сем чалавек. Цяпер міліцыі ня трэба ані падставы, ані прычыны, каб затрымаць чалавека. Аднаго ўзялі, трое сутак прасядзеў у ізалятары, нічога не прыдумалі і выпусьцілі», — кажа жыхар Мазыра.
Мазыране, якія траплялі ў міліцыю за пратэсты, цяпер адчуваюць сябе ў небясьпецы.
«У Мазыры шмат расейскіх вайскоўцаў, цяпер стала яшчэ больш. Увесь час лятаюць самалёты, верталёты. Зьявіліся новыя аўтамабілі патрульна-паставой службы, прычым не мазырскія, а зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Заўважыў такую акалічнасьць — беларускія міліцыянты патрулявалі ў Мазыры разам з расейскімі вайскоўцамі», — дадаў мазыранін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дывэрсантаў у тэрарызьме