Безумоўна, па першым часе некаторыя несьвядомыя суграмадзяне могуць задаваць непрыемныя пытаньні. Маўляў, што гэта за перамога, калі Кіева не ўзялі, рэжыму «нацыстаў» не памянялі, Украіны не падзялілі? Да таго ж паклалі тысячы маладых жыцьцяў, увагналі Расею ў міжнародную ізаляцыю і пакінулі ва ўкраінскіх палях ці не палову свайго ранейшага вайсковага патэнцыялу.
Але прапаганда ў закрытым таталітарным грамадзтве можа пераканаць ачмуранае насельніцтва ў чым заўгодна. Пуцін можа абвесьціць, што ўся апэрацыя праведзена згодна з плянам, дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя цалкам ажыцьцёўленыя — можна адводзіць войскі і праводзіць парад перамогі. І што з таго, што Украіна (а разам зь ёй і ўвесь сьвет) у гэты час будуць сьвяткаваць уласную перамогу? Ці даведаюцца ўвогуле пра гэта жыхары Расеі, калі ў іх не засталося незалежных СМІ, амаль зьнішчаны інтэрнэт, а па ўсіх інфармацыйных каналах з раніцы да ночы іх пераконваюць, што «спэцапэрацыя ідзе згодна з плянам, як і задумвалася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася першая рэакцыя аднаго з расейскіх мільярдэраў на санкцыі за вайну: «Алігархі ня маюць уплыву на Пуціна»З уручэньнем мэдаля «За дэнацыфікацыю Украіны»
Дарэчы, у нядаўняй гісторыі падобнае (калі раптам пераможцамі сябе абвяшчалі абодва ўдзельнікі вайны) здаралася ня раз. Цяпер ужо амаль забытая ірана-ірацкая вайна цягнулася восем гадоў (1980–1988). Гэта быў адзін з самых буйных узброеных канфліктаў пасьля Другой сусьветнай вайны. Агульныя страты: каля 700 тысяч толькі забітымі (непараўнальныя лічбы з тымі, якія фігуруюць у цяперашнім расейска-ўкраінскім канфлікце). Пры гэтым ніводзін з бакоў не дасягнуў колькі-небудзь прыкметных мэтаў. Межы ў выніку засталіся там жа, дзе былі да вайны, ніхто нічога не заваяваў. Зьнясілеўшы, падпісалі мір. Пры гэтым уласным народам кожны з бакоў абвесьціў пра сваю бліскучую перамогу — з адпаведнымі парадамі і фаервэркамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане анархісты захапілі сядзібу, якая, паводле іх зьвестак, належыць расейскаму алігарху ДзерыпаскуКожны пра сваю перамогу абвесьцілі Эквадор і Пэру ўзімку 1995 года, калі распачалі баявыя дзеяньні з прычыны ўзаемных тэрытарыяльных прэтэнзій. Там, праўда, вайна была зусім кароткая і безь вялікай крыві.
«Фэйкавыя» перамогі здараліся ня толькі ў гарачых войнах. Напрыклад, у Паўночнай Карэі ў 2014 годзе ўлады абвесьцілі, што іхная футбольная зборная заняла першае месца на групавым этапе чэмпіянату сьвету: нібыта перамагла ўсіх супернікаў з разгромным лікам (Японію, ЗША і Кітай з лікам 7:0, 4:0 і 2:0 адпаведна). Папраўдзе яна прайграла ўсё што можна і ня трапіла нават у фінальную частку чэмпіянату сьвету 2014 году. Але хто і зь якіх крыніц унутры КНДР мог пра гэта даведацца?
«Расея ў гэтай вайне не прайграе», «Калі Зяленскі ня пойдзе на падпісаньне дамовы, яму давядзецца зь цягам часу падпісаць акт капітуляцыі», — катэгарычна заявіў 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію японскай тэлекампаніі. Відавочна, ён агучыў тое, што чуў ад Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін, Гулевіч, Дзенісенка: хто ў Мінабароны дапусьціў уцягваньне Беларусі ў вайну ва ЎкраінеПра дакладнасьць Лукашэнкавых прагнозаў наконт гэтай вайны шырока вядома: дастаткова згадаць ягоныя фразы першых дзён пасьля расейскага ўварваньня («гэта вайна працягнецца тры-чатыры дні», «Валодзя Зяленскі адразу збаяўся», «Напалеончык», «Зяленскі — аморфны чалавек, у яго няма стрыжня»). Прыкладна гэтак жа будзе і з апошнім прагнозам. Іншая справа, што афіцыйна і Масква, і Менск, вядома ж, абвесьцяць, што вайны не прайгралі. Зусім верагодна, што правядуць нават які-небудзь сумесны парад з уручэньнем мэдаля «За дэнацыфікацыю Ўкраіны». Тым, каму пашчасьціць выжыць. Хто не згарэў у танку пад Харкавам і ня трапіў у палон ля Марыюпаля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы разбамбілі Драматычны тэатар у Марыюпалі, нягледзячы на надпісы «Дети». Бомбасховішча вытрымала нападНа Ўкраіну не нападалі, вайны не прайгравалі
Міжнародная супольнасьць, зразумела, сустрэне гэта, разявіўшы рот ад зьдзіўленьня. А можа, уражаньні будуць і ня надта моцнымі. Бо пасьля таго, як міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 10 сакавіка абвесьціў, што «мы на Ўкраіну не нападалі», то чаму тут надта зьдзіўляцца, калі пераможаны і разгромлены раптам абвесьціць пра тое, што атрымаў бліскучую перамогу?
Калі асядуць пыл і дым, калі будуць аплаканыя ўсе палеглыя і пахаваныя, мы са зьдзіўленьнем выявім, наколькі далёкімі сталі ад нас украінцы. Галоўнакамандуючы гэтай «спэцапэрацыі» хацеў даказаць, што ўкраінцы з расейцамі — адзін народ. (Пра беларусаў ён не казаў: мелася на ўвазе, што гэта само сабой зразумела, Лукашэнка — саўдзельнік агрэсіі.) У рэчаіснасьці вынік будзе супрацьлеглым. Здаецца, яшчэ ніколі ў гісторыі Украіна і Расея не былі такімі чужымі і ненавіснымі адна адной. І беларусаў гэтая вайна таксама адасобіла ад «братоў», як бы Лукашэнка ні пераконваў, што мы з расейцамі ў адных акопах... Насамрэч акопы нават у гэтай вайне былі рознымі. Дакладней, гэта расейцы і ўкраінцы былі ў акопах па розныя бакі фронту. Беларусы ні ў якія акопы не хацелі і ня хочуць, як іх туды ні цягнулі ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка спрабуе пераканаць сябе і ўвесь сьвет, што Расея пераможа. Атрымліваецца кепскаЗа Харкавам і Сумамі (а таксама на поўнач ад Луцка, Роўна, Жытоміра і Чарнігава) вырасьце абарончы вал, сьцяна — нешта накшталт колішняй лініі Мажыно ў мінулым стагодзьдзі. Якая будзе аддзяляць ня проста краіны — цывілізацыі. І, баюся, мы яшчэ дажывём да таго часу, калі расейцы і беларусы будуць вучыць украінскую мову, каб паехаць ва Ўкраіну на заробкі, і стаяць у кансулятах у чэргах па ўкраінскія візы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.