Куды пойдзе Беларусь пасьля вайны? Сцэнары ад экспэртаў

Якія варыянты разьвіцьця палітычных падзеяў адкрываюцца зараз перад краінай? Ці прывядзе беспасярэдні ўдзел Беларусі ў вайне да поўнай страты яе сувэрэнітэту? Ці назіраецца ў Беларусі ўтварэньне прарасейскіх сілаў, альтэрнатыўных Лукашэнку? Ці можна чакаць у краіне новага грамадзкага ўздыму?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Казакевіч

Андрэй Казакевіч

  • Прагнозы разьвіцьця сытуацыі пасьля рэфэрэндуму, якія рабіліся летась, рабіліся без уліку вайны. Вайна ва Ўкраіне ўсё памяняла. Гэтая вайна — гэта «чорны лебедзь».
  • З тых сцэнараў, якія прадказваліся летась, бліжэй да рэальнасьці сцэнар «акопнай вайны». Хутчэй за ўсё, напружаньне ў беларускім грамадзтве будзе захоўвацца, і эканамічны крызіс яго яшчэ больш узмоцніць.
  • Зараз унутрыпалітычная дынаміка ў Беларусі будзе вызначацца тым, як будзе разьвівацца сытуацыя ва Ўкраіне. Ёсьць тры варыянты. Першы — вайна прыме зацяжны характар. Тады вельмі малаімаверна, што ў Беларусі будзе нешта мяняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфолт Беларусі ў 2022 годзе не пагражае, — эканаміст Раманчук
  • Другі варыянт — гэта калі Расея ў пэўным сэнсе пераможа, калі здолее ўсталяваць ва Ўкраіне нейкі прарасейскі ўрад. Калі гэта адбудзецца, то ў Беларусі можна чакаць транзыту ўлады паводле сцэнару Крамля, пра што шмат гаварылі ў 2020 годзе.
  • Трэці варыянт — гэта ваенная ці палітычная параза Расеі. У гэтым варыянце, асабліва калі гэта будзе суправаджацца палітычным крызісам у Расеі, адчыняецца шырокае вакно магчымасьцяў для дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
  • Да вайны некаторыя беларускія экспэрты выказвалі меркаваньні, што Беларусь можа паўдзельнічаць у падзеле, пераўладкаваньні Ўкраіны. І цяпер ад іх можна пачуць меркаваньні, што Беларусь можа паўдзельнічаць у аднаўленьні Ўкраіны. Да вайны лічылася, што за 2–3 дні расейскія войскі дойдуць да Львова. Некаторым у беларускім кіраўніцтве тады здавалася лягічным паўдзельнічаць у падзеле Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Што будзе пасьля
  • Наўрад ці размова ішла пра тэрытарыяльнае пашырэньне Беларусі за кошт Украіны. Хутчэй меўся на ўвазе кантроль Беларусі над пэўнымі сэктарамі ўкраінскай эканомікі. Гэта б трактавалася як дапамога Ўкраіне. Гэта і цяпер ня выключана, калі Расея здолее ўсталяваць ва Ўкраіне прарасейскі ўрад. Але цяпер імавернасьць гэтага ўяўляецца вельмі нізкай.
  • У беларускім кіраўніцтве шмат фантазіяў — і пра Трэцюю сусьветную вайну, і пра адмову ад даляра і пераход на юань.
  • Большасьць прарасейскіх сілаў у Беларусі ў 2020–2022 гадах былі інтэграваныя ва ўладны дыскурс. Калі глядзець на наратывы беларускай прапаганды, то гэта нават не прарасейскія, а расейскія наратывы. Яшчэ застаюцца рэшткі беларускай сувэрэннай ідэалёгіі, ужо назіраецца пераключэньне на цалкам расейскія наратывы.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч

  • Звычайна прагноз — гэта працяг існых трэндаў. Калі прылятае «чорны лебедзь», разбураюцца ўсе трэнды і незразумела, на чым будаваць прагноз.
  • За 30 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі ўнутрыпалітычная і эканамічная сытуацыя так не залежала ад вонкавых фактараў. Ёсьць рэчы, на якія Беларусь можа мала ўплываць: гэта канфлікт Расеі з Захадам і канфлікт Расеі з Украінай. Ад вынікаў гэтых канфліктаў шмат у чым будзе залежаць разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле ЦВК, за новую Канстытуцыю прагаласавалі 65% выбарнікаў, а паводле апытаньня — 28%, — сацыёляг Вардамацкі
  • Лёс Беларусі будзе вельмі істотна залежаць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі ў Расеі. Калі рэжым Пуціна разваліцца, гэта будзе вельмі важным чыньнікам пераменаў для Беларусі.
  • Калі беларускія вайскоўцы будуць наўпрост удзельнічаць у вайне, гэта нашмат больш зьвяжа лёс Беларусі зь лёсам Расеі. Калі Беларусь ня будзе наўпрост удзельнічаць у вайне, у краіны пад кіраўніцтвам Лукашэнкі яшчэ захаваецца шанец, у нейкі момант яна тады зможа нават саскочыць з залежнасьці ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку далучыцца да вайны? Дыскусія экспэртаў
  • Падчас крызісу грамадзтва часта ўскладае свае спадзевы на ўладу, бо няма іншых інстытутаў, якія маглі б мікшаваць уплыў крызісу. Палітычны крызіс, які выявіўся ў 2020 годзе, ня вырашыўся, атмасфэра ў грамадзтве наэлектрызаваная. Калі на гэта накладаюцца новыя чыньнікі, гэта можа выклікаць кумулятыўны эфэкт.
  • Зараз дадаўся антываенны настрой, бацькі беларускіх салдатаў, якія ня хочуць, каб іх дзеці ехалі ваяваць і гінуць ва Ўкраіну. Гэты настрой закранае і частку прыхільнікаў Лукашэнкі.
  • Узьнікаюць праблемы з купляй валюты, са зьняцьцём сваіх банкаўскіх укладаў, у пэрспэктыве — беспрацоўе, зьніжэньне заробкаў і пэнсіяў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.