Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку далучыцца да вайны? Дыскусія экспэртаў


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Пра што сьведчаць заявы Лукашэнкі і Пуціна на пачатку іх сустрэчы? Ці дапамогуць Лукашэнку і Пуціну супрацьстаяць санкцыям краіны ЭАЭС і АДКБ? Ці пашле Лукашэнка беларусаў на вайну?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Апошнім часам Лукашэнка і Пуцін часта размаўлялі праз тэлефон. Раптам Лукашэнка едзе ў Маскву. Гледзячы па ўсім, там ідзе вострая спрэчка, калі трэба сустракацца сам-насам.
  • Адзінае пытаньне, якое магло запатрабаваць паездкі Лукашэнкі ў Маскву, — гэта больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. Гледзячы па ўсім, Пуцін хацеў бы гэтага.
  • Сёньня былі абнародаваныя зьвесткі, што нібыта 16 тысячаў арабскіх добраахвотнікаў гатовыя паўдзельнічаць у гэтай вайне на баку Расеі. І Пуцін загадаў дазволіць ім гэты ўдзел. Гэта сьведчыць пра тое, што расейскіх войскаў не хапае.
  • Дык нашто шукаць на Блізкім Усходзе, калі побач ёсьць саюзьнік?
  • І Лукашэнка як бы абгрунтоўваў беларускі ўдзел у вайне, маўляў, украінцы зьбіраліся напасьці на Беларусь. І гэтае пытаньне застаецца адкрытым — ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку?
  • Лукашэнка адбіваецца аргумэнтамі, што калі Беларусь будзе наўпрост удзельнічаць у вайне з Украінай, то аголіць заходні кірунак.
  • Я не выключаю, што Лукашэнка пагодзіцца на ўдзел беларускага войска ў вайне. Магчыма, будуць абраныя нейкія прамежкавыя формы — скажам, беларускія войскі ў расейскай форме, ці ў складзе расейскіх падразьдзяленьняў, ці ў выглядзе «міратворцаў» для абароны Чарнобыльскай АЭС.
  • Беларусь на мяжы дэфолту. Ад Расеі залежыць, ці ўратуецца Беларусь ад гэтага.
  • Лідэры краінаў ЭАЭС і АДКБ мо ў Маскву і прыедуць, а вось падтрымаць Расею ў яе вайне — наўрад ці. Падчас галасаваньня ў ААН супраць асуджэньня РФ за агрэсію прагаласавала толькі сама Расея і Беларусь, больш ніхто з чальцоў ЭАЭС і АДКБ.
  • Лукашэнка аказаўся адзіным саюзьнікам Расеі ў гэтай вайне. Ён і раней гэтыя аб’яднаньні падштурхоўваў у антызаходнім кірунку, хоць і безь вялікага плёну.
  • Лукашэнка на фоне ненадзейных саюзьнікаў спрабуе паказаць, што ён надзейны.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Лукашэнка можа казаць усё што заўгодна, любую лухту. У яго ўжо няма праблемы рэпутацыі. Асабліва пасьля пачатку вайны ён ужо шмат разоў казаў абсалютна супрацьлеглыя рэчы.
  • Мэсыдж Лукашэнкі — вы, расейцы, малайцы, вы ўсё правільна робіце, але толькі бяз нас.
  • Лукашэнка сапраўды ў інтэрвію Салаўёву казаў, што ў выпадку канфлікту з Украінай беларускае войска будзе рабіць тое ж, што і расейскае.
  • Напэўна, ён думаў гэтак жа, як і многія ў Маскве — што вайна скончыцца паразай Украіны праз 3–4 дні. І, магчыма, Лукашэнка разьлічваў зьняць «вяршкі» хуткай перамогі, каб беларускія палкі ўвайшлі ў Кіеў.
  • У першыя дні вайны Лукашэнка называў Зяленскага «напалеончыкам», а ўкраінскіх вайскоўцаў — «мярзотнікамі». І як гэта зьмянілася ў апошнія дні, калі стала відавочным, што бліцкрыг праваліўся. Украіна змагаецца і, можа, нават пачынае перамагаць. І ўдзел беларускага войска ў вайне не прынясе перамогі, а толькі праблемы Беларусі і самому Лукашэнку.
  • Паводле ўскосных зьвестак, у беларускім войску вялікае нежаданьне ваяваць ва Ўкраіне. І гэта таксама чыньнік, чаму Лукашэнка дагэтуль не паслаў войска на вайну.
  • Лукашэнка кажа расейцам, што абараняе мяжу з Польшчай і Літвой і што нельга агаляць яе, што ён не дае магчымасьці нанесьці ўдар у сьпіну Расеі.
  • Лукашэнка заклікаў да салідарнасьці краінаў ЭАЭС і АДКБ з Расеяй, бо самому Пуціну казаць пра гэта было няёмка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG