«ZаПацаноV». Як нарадзіўся сымбаль расейскага ўварваньня ва Ўкраіну

Расейская вайсковая тэхніка на вайне супраць Украіны. На брызэнце відаць знак Z у квадраце

Лацінскія літары Z і V, якія былі заўважаны на расейскай вайсковай тэхніцы з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, сталі практычна афіцыйнымі сымбалямі гэтай так званай «спэцапэрацыі».

Выказваючы падтрымку расейскім вайскоўцам, у рарадах Расеі літарай Z выстройваюцца ўдзельнікі флэшмобаў, яе малююць на аўтамабілях і на грамадзкім транспарце, на білбордах і на футболках. Літару Z таксама пачалі выкарыстоўваць для застрашваньня тых, хто вайны не падтрымлівае, піша расейская служба Радыё Свабода.

У першыя дні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў сацсетках сталі зьяўляцца выявы расейскай вайсковай тэхнікі з нанесенымі на яе лацінскімі літарамі Z і V. Тады ж пачалі выказвацца розныя вэрсіі, што гэта можа азначаць. Гучалі думкі, што гэта азначае кірунак руху войскаў: Z — гэта значыць «Захад». Некаторыя лічылі, што V і Z — гэта адсылка да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў тлумачыць, што літара Z на вайсковай тэхніцы азначае Заходнюю вайсковую акругу, а V — Усходнюю вайсковую акругу. Тэхніка, адзначаная трыкутнікам, адносіцца да Паўднёвай вайсковай акругі, а дыяганальнай рысай — да Цэнтральнай. Такое тлумачэньне расьсьледніку далі крыніцы сярод расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маскуюць пад шкло і трубы». Як расейскія войскі могуць выкарыстоўваць беларускую чыгунку для падвозу боепрыпасаў

«Пры гэтым салдатам указаньні аб нанясеньні знакаў далі недакладныя — як наносіць, якога памеру і куды. Таму такі роскід у пляне таго, як менавіта яны намаляваныя на тэхніцы.

Ходзіць думка, што нібыта так тэхніка разьмячалася для вучэньняў. Нічога падобнага. Вучэньні былі толькі ў Беларусі, а тэхніка размалёўвалася ўсюды, уздоўж усёй мяжы з Украінай. Плюс ніхто і ніколі на вучэньнях не перафарбоўвае тэхніку менавіта так — гэта абсурд — потым змываць, фарбаваць зноў. На сапраўдных вучэньнях проста раздаюць чырвоныя, сінія сьцяжкі і стужкі і кажуць: вы каманда сініх, а вы каманда чырвоных», — кажа Левіеў.

Такая разьметка запатрабавалася, каб падчас баявых дзеяньняў было зразумела, якой групе камандаваньня належыць тэхніка, тлумачыць расьсьледнік.

«Празь дзесьці тыдзень пасьля пачатку вайны крамлёўскія прапагандысты вырашылі ўзяць сымбаль Z, які пасьпеў абрасьці мітамі, сабе на ўзбраеньне. Тады ж і прыдумалі даволі тупое тлумачэньне, што Z — значыць „За победу“, V — значыць „сила V правде“. І пачалі ствараць з гэтага брэнд па аналёгіі з георгіеўскай стужачкай. Да чаго ў выніку ўсё цяпер і прыйшло.

З прычыны таго, што з Z зрабілі прапагандысцкі брэнд, як мне здаецца, вайскоўцы на полі бою адмовіліся ад ранейшага значэньня гэтых маркіровак. І зараз ужо на ўсёй тэхніцы запар пішуць Z, калі раней на ёй ніякай сымболікі не стаяла. Напрыклад, калі гэта прыбыла з рэзэрвы тэхніка», — кажа Левіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Conflict Intelligence Team: расейскія самалёты скінулі ў Адэскай вобласьці касэтную авіябомбу

Міністэрства абароны Расеі якіх-небудзь тлумачэньняў гэтай сымболіцы не давала. У акаўнце ведамства ў інстаграме толькі пачалі зьяўляцца лёзунгі з выкарыстаньнем гэтых літар: «Zа мир», «Zа правду», «Zаканчиваем войны», «ZаПацаноV» і іншыя.

У выніку вакол літары Z пачала ладзіцца маштабная інфармацыйная кампанія. Расейскі дзяржаўны тэлеканал RT стаў называць вайну ва Ўкраіне «спэцапэрацыяй Z» і пачаў выпуск футболак з гэтай сымболікай. Падобныя футболкі і налепкі на машыны зьявіліся таксама ў адной з найбуйнейшых інтэрнэт-крам у Расеі Wildberries.

Праз тыдзень пасьля пачатку вайны губэрнатар Кемераўскай вобласьці Сяргей Цывілёў загадаў перайменаваць назву вобласьці ў «КуZбасс» у афіцыйных дакумэнтах. Ён заявіў, што Z — гэта «у першую чаргу знак падтрымкі нашых байцоў і сымбаль салідарнасьці нашага грамадзтва». Забайкальле таксама зьмяніла назву — цяпер у інфармацыйных матэрыялах ураду краю рэгіён называецца «Zабайкалье».

Неўзабаве выданьне SOTA апублікавала мэтадычку для лідэраў грамадзкай думкі, якую, як сьцьвярджаецца, распрацавалі ўлады Кемераўскай вобласьці. У ёй даваліся рэкамэндацыі, як правільна падтрымліваць расейскіх вайскоўцаў у сацыяльных сетках: можна запісаць зварот да вайскоўцаў, кліп на песьню, вершы ці нават запусьціць онлайн-эстафэты. У сваіх публікацыях блогеры абавязаны выкарыстоўваць хэштэгі ZаРоссию, ZаНаших, ZаПутина, СвоихНеБросаем. Па гэтых хэштэгах у сацыяльных сетках можна знайсьці тысячы публікацый з розных рэгіёнаў. Немалую частку зь іх апублікавалі ў акаўнтах адукацыйных устаноў, дзе ўдзельнікі — дзеці розных узростаў. Тут на Кузбасе, тут у Туве.

У Казані падобную акцыю арганізаваў госьпіс — літарай Z выстраіліся хворыя дзеці, іхныя бацькі і пэрсанал арганізацыі. «У левай руцэ мы трымалі ўлёткі са сьцягамі ЛНР, ДНР, Расеі і Татарстану, а правую сьціснулі ў кулак. Усё прайшло ўдала. Да здымкаў быў прыцягнуты квадракоптар, таксама прыехалі журналісты з фэдэральнага каналу», — расказаў старшыня праўленьня фонду, які стварыў госьпіс, Уладзімір Вавілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расею западозрылі ва ўжываньні забароненай зброі ў Чарнігаве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць». Крыніцы: з тэрыторыі Гомельшчыны ўжо вывезьлі ў Расею звыш 2 500 мёртвых вайскоўцаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.