Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Што будзе пасьля

Пратэст у Рыме, 24 лютага

​​​​​​​Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Нават калі ім удасца яе перажыць і яны некаторы час пасьля яе будуць рабіць выгляд, што яшчэ жывыя.

Мне сьмешна, калі я чую банальны выраз пра тое, што жыцьцё больш ніколі ня будзе ранейшым. Я чуў гэта ў сьнежні 1979-га, калі выпраўлялі ў Афганістан першых беларускіх хлопцаў. І ў красавіку 1986-га, калі ўсе ўцякалі ад Чарнобыля. І ў жніўні 1991-га, калі, агаломшаныя, мы назіралі апошнія канвульсіі камуністычнага рэжыму.

І вось цяпер амаль штодня чую цяпер. Але на двары вясна — як і дзесяць, і сто год таму. Сусед выкідвае з хлява гной і перабірае бульбу, бо хутка ў поле. Малы сын зьбіраецца ў школу, а па дарозе слухае першых жаўранкаў і назірае за бусламі, якія майструюць гняздо на старой ліпе. І чаму я павінен верыць камусьці, што гэтым разам усё канчаткова перакуліцца дагары нагамі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах

90-я гады як час надзеі

Як нейкі неймаверны страх, ледзь не як катаклізм і катастрофу эканамісты і палітолягі прадказваюць беларусам вяртаньне ў 90-я. А мне з дыстанцыі гадоў усё больш здаецца, што стэрэатыпнае ўяўленьне пра нейкія нечуваныя пакуты 90-х у значнай ступені — міт. Асабіста мне ўспамінаюцца 90-я як надзвычайнае адчуваньне надзеі і чаканьне пераменаў да лепшага пасьля бясконца доўгіх дзесяцігодзьдзяў аўтарытарызму, які падаваўся безнадзейна трывалым. Так, у крамах зьнікала то адно, то другое. Але хлеб, малако і масла былі заўсёды, і ад голаду ніхто не паміраў. Так, свабодна купіць тэлевізар альбо лядоўню было немагчыма. Памятаю, на пачатку 1990-га мне ў краме «Радыётэхніка» выдалі нумарок чаргі на тэлевізар, у якім была чатырохзначная лічба. На маё пытаньне: «І калі ж гэта чарга можа надысьці?» стомленая прадавачка адказала: «Пацікаўцеся гады праз два, не раней».

А праз два гады, як аказалася, ня стала ні гэтай чаргі, ні ранейшай краіны, ні прэзыдэнта — абсалютна ўсё памянялася да непазнавальнасьці. І толькі гэты нумарок застаўся сярод старых рэчаў як напамін пра мінулае.

Прычым цяжка тады жылі ўсе наўкол — Польшча, Літва, Украіна, Расея. Гэта не выглядала як драма. Стары сьвет разбураўся, на ягоных абломках узьнікаў новы — больш свабодны і больш справядлівы. Адкрываліся межы, зьнікалі старыя бар’еры, узьнікалі новыя магчымасьці. Адбываліся зьмены ў лепшы бок. Наперадзе была надзея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка цягам адной хвіліны прызнаў і зьняпраўдзіў удзел Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны

Сёньня надзею пакуль што цяжка разгледзець у смузе няпэўнай будучыні, але менавіта яна — тое, на што варта цяпер абапірацца беларусам. Недарэчна думаць пра тое, што два пажылыя 70-гадовыя дыктатары, разьвязаўшы вялікую вайну і супрацьпаставіўшы сябе ўсяму свабоднаму сьвету, маюць нейкі вялікі запас трываласьці. Акумулятарны зарад у гэтых дзьвюх дыктатур заканчваецца. І падсілкоўвацца ім няма адкуль. Хто іх падтрымлівае ў сьвеце? Эрытрэя, Паўночная Карэя ды Сырыя. З такім геапалітычным апірышчам можна разьлічваць на посьпех і на нейкую аптымістычную будучыню? Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Нават калі ім удасца яе перажыць і яны некаторы час пасьля яе будуць рабіць выгляд, што жывыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз двух тапельцаў. Ці выратуе Расея беларускую эканоміку, калі і сама ідзе на дно?

Нашэсьце выдыхнецца, захлынецца ў гэтай жорсткай схватцы, у якой аўтару крамлёўскай авантуры супрацьстаіць непахісная воля ўкраінцаў, памножаная на мала чым абмежаваную падтрымку цывілізаванага сьвету. Як гэта адбудзецца? Найбольш імаверна, што ў Масквы проста ня хопіць рэзэрваў. Ня стане «гарматнага мяса». Скончацца ракеты і снарады, пачнецца «снарадны голад», як у расейскай імпэрскай арміі ў 1915-м (можа, гэта будзе голад «ракетны» ці «танкавы», хто ведае, але ён здарыцца абавязкова, уся хада гэтай вайны пра тое сьведчаць) — і пакоціцца гэта армада назад на ўсход, залізваючы раны. І як ні ўзірайся ўдалячынь — у гэтых нечалавечых рэжымаў не праглядваецца ніякай сьветлай будучыні. Няма на што, няма на каго ім у той будучыні разьлічваць. Як ні хавай праўду, як ні адключай краіну ад сацсетак, як ні палохай усіх нязгодных вялізнымі турэмнымі тэрмінамі...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзе

У цені імпэрыі

Гісторыя — наравістая і непрадказальная паненка. Калі б у 2020-м мы нейкім цудам перамаглі і здабылі свабоду, калі б дыктатура тады была зрынутая, — зусім магчыма, сёньня расейскія эскадрыльлі бамбілі б ня толькі Кіеў і Харкаў, але і Магілёў і Віцебск, і Менск. Не было б палітвязьняў — але былі б разбомбленыя гарады і сотні тысяч уцекачоў. Ня хочацца нават параўноўваць і разважаць, што лепш, а што горш.

Вядома, крыўдна, што твой лёс вырашае хтосьці іншы. Але такая доля многіх маленькіх краін, якія існуюць у цені імпэрый. Ад беларусаў мала залежала тое, што станецца зь іх краінай пасьля крывавых войнаў і рэвалюцый пачатку ХХ стагодзьдзя. І пасьля Другой сусьветнай таксама. І ў 1991-м незалежнасьць фактычна ўпала нам у рукі, як сьпелы яблык. Можа, за тое і давялося плаціць потым амаль трыма дзесяцігодзьдзямі абсурднай дыктатуры.

І цяпер гісторыя рыхтуе нам нейкі іншы сцэнар. Ня той сьветлы, які мроіўся нам у жніўні 2020-га. Але і ня той змрочны, які так палохае цяпер, на тле папялішчаў і руінаў Марыюпаля, Харкава і Кіева. Вайна, вядома, зачапіла і апаліла нас. І ўсё ж гэта ня наша вайна. І ня нашы акопы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на ўтварэньне ва Ўкраіне беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага

...Сын маіх знаёмых — маладзенькі лейтэнант, першы год пасьля вайсковага вучылішча. У падпарадкаваньні мае дзясятак амаль такіх жа маладых салдатаў тэрміновай службы. Сям’я знаёмых у сьлязах і ў жаху: сына зь ягонымі салдацікамі толькі што выправілі з-пад Віцебска на паўднёвую мяжу, кудысьці пад Берасьце. Выправілі сваім ходам, на сваёй тэхніцы. А тэхніка тая — савецкі грузавік «Урал» 70-х (!) гадоў выпуску. Ламаецца ледзь не праз кожныя 10 кілямэтраў. Другія суткі ў дарозе — а канца яшчэ не відаць. Бацькі радуюцца кожнай паломцы і кожнаму шматгадзіннаму прыпынку. Вельмі спадзяюцца на тое, што, пакуль даедзе да Берасьця, ужо і вайна скончыцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.