Сьпявачка расказала, што ніхто зь беларускіх эстрадных выканаўцаў, з кім яна разам выступала на фэстывалях ці супрацоўнічала, не зьвязаўся зь ёй і ня выказаў падтрымкі.
Оля Палякова была вымушаная выехаць з Кіева з дваімі дзецьмі, а яе муж застаўся ва Ўкраіне абараняць Радзіму. Сьпявачка, якая зьбірала аншлягі на канцэртах у Беларусі, вельмі эмацыйна зьвярнулася да беларусаў падчас інтэрвію.
— Самае галоўнае, што беларусы могуць зрабіць для Ўкраіны — не ісьці на гэтую вайну. Я заклікала ва ўсіх сваіх сацсетках, заклікаю беларусаў цяпер. Вы брацкі народ; калі вы пойдзеце на Ўкраіну, вы назаўсёды можаце застацца ў зямлі ўкраінскай, бо вы ідзяце на вайну. Я прашу маці, жонак не адпускаць сваіх мужчын — класьціся ўпоперак дарогі, кідацца на іх, калечыць іх, проста каб яны ня мелі магчымасьці ісьці на гэтую вайну.
Што я магу сказаць усяму беларускаму народу? Гэта будзе катастрофа. Гэта ўжо катастрофа, што з тэрыторыі Беларусі ідуць войскі, што з тэрыторыі Беларусі бамбяць нашы гарады. Гэта ўжо страшнае здрадніцтва. Але калі яшчэ і вайскоўцы пойдуць ваяваць, гэта разбурыць адносіны паміж нашымі народамі не на дзясяткі, а на сотні і тысячы гадоў. Ніхто не даруе.
У нас гінуць дзеці. У адным Марыюпалі столькі цывільных людзей загінула. Мірных людзей хаваюць у брацкіх магілах у цэляфанавых пакетах. Гэта страшная, несправядлівая вайна. Сапраўдная, з бомбамі і сьмерцямі. Цяжарныя жанчыны, жанчыны зь дзецьмі. Расстрэльваюцца «зялёныя калідоры». Гэтая страшная вайна. Вам ня трэба ў гэтым браць удзел.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр гурту «Океан Ельзи» Вакарчук: Беларусы, ня бойцеся, змагайцеся, мы дапаможам вам. ВІДЭАЯ зьвяртаюся да беларускага народу. Станьце ўсе разам і не пускайце сюды сваіх вайскоўцаў. Гэта ня ваша вайна. Не бярыце ў гэтым ніякага ўдзелу. Я пра гэта не стамлюся гаварыць. Які ж вы брацкі народ, калі ідзяце нас забіваць? За што? Мы на сваёй зямлі. Мы ў сваіх дамах, мы абараняем свой дом. Навошта вам гэта патрэбна? Каб што? Каб падтрымаць уладу вашага дыктатара?
Тое, што адбылося два гады таму, тое, што было волевыяўленьне беларускага народу, і тое, як гэта задушылі... У вас забралі шанец на свабоднае жыцьцё. Вы ж разумееце, што менавіта тады Лукашэнка дамовіўся з Пуціным у выпадку вайны з Украінай іх падтрымліваць. Вы павінны разумець, што Беларусь стала проста разьменнай манэтай у вайне Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны.
Гэта ня ваша вайна. За што вашы хлопчыкі будуць ваяваць? За якую ідэю? У нас кожны ўзяў у рукі зброю, усе хочуць міру, і ўсе хочуць абараняць сваю Радзіму. Зь якім пасылам беларусы пойдуць сюды ваяваць? За чые імпэрскія амбіцыі? За гэтых двух дыктатараў, якія вырашылі захаваць сваю ўладу? Яны яшчэ не нажэрліся ўладай больш як за 20 гадоў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч«Беларусы яшчэ маюць шанец спыніцца, пакінуць добрасуседзкія адносіны з нашай краінай»
— Вы неаднаразова выступалі ў Беларусі на розных пляцоўках і фэстывалях, сьпявалі разам зь беларускімі выканаўцамі. Ці падтрымаў вас хто-небудзь зь іх цяпер, ці напісаў вам, што мы ня хочам вайны, пацікавіўся, ці ў бясьпецы вы?
— Гэта для мяне незразумела і непрыемна. Я многіх ведала ў Беларусі. Я блізка працавала з адным выканаўцам зь Беларусі, які ўдзельнічаў ва Ўкраіне ў X-factor. Гэта Георгі Калдун. У нас былі цудоўныя адносіны, тым ня менш я не атрымала ад яго ніводнага асабістага паведамленьня, на жаль. Ня ведаю, што рухае людзьмі, калі яны нават не пытаюцца, як вы, ці ў бясьпецы, як дзеці, ці патрэбная дапамога. Нічога такога не адбываецца ні зь беларусамі, ні з маімі расейскімі калегамі. Ёсьць сябры, якія разумеюць, што адбываецца, і яны непакояцца. З расейскіх калег ніхто не пазваніў, не напісаў і не запытаў, як мы.
Я знаходжу гэтаму тлумачэньне. Мне здаецца, яны баяцца даведацца праўду. Калі даведваесься праўду, зь ёй трэба неяк жыць і нешта рабіць. Я разумею, якая прапаганда нясецца і ў Расеі, і ў Беларусі. Людзям запудрываюць мазгі і расказваюць рознае глупства пра тое, што ва Ўкраіне нацысты і фашысты.
Я расейскамоўная сьпявачка. У мяне няма практычна ніводнай песьні на ўкраінскай мове. Да вайны была супэрзоркай у сваёй краіне. Я зьбірала стадыёны па ўсёй краіне. Два гады таму я сабрала аншляг на львоўскім стадыёне. Гэта самы ўкраінскамоўны рэгіён, і там расейскамоўная сьпявачка сабрала аншляг. Усе размовы, што прыціскаюць расейцаў і расейскую мову... А я сабрала стадыён на 35 тысяч чалавек у самым украінскім рэгіёне.
Як можа быць фашысцкай краіна, у якой прэзыдэнт габрэй? Якіх расейцаў яны там абараняюць, калі яны сьціраюць зь зямлі расейскамоўныя гарады? У Харкаве і Марыюпалі 90% людзей размаўляюць на расейскай мове. Расейскія войскі зьнішчаюць расейскамоўныя гарады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Украіны беларусам: Лукашэнка цяпер ніхто, завяршыце, што распачалі два гады таму— У 2014 годзе, калі Расея акупавала Крым, быў вельмі моцны верш Анастасіі Дзьмітрук «Ніколі мы ня будзем братамі». Сказалі б вы так цяпер у адносінах да расейцаў? А беларусам?
— Ці будзем мы зь беларусамі і з расейцамі братамі? Тое, што цяпер адбываецца, ужо моцна рассварыла нашы народы. Але ў беларусаў яшчэ ёсьць шанец спыніцца, ёсьць шанец пакінуць добрасуседзкія (пра брацкія ўжо не кажу) адносіны з нашай краінай. Беларусы, ня ўдзельнічайце ў гэтай вайне. Я заклінаю. Гэта сьмяротная вайна. У нас кожны чалавек на сваёй зямлі будзе абараняць свой дом. Вайскоўцы проста пойдуць у пекла, у мясарубку. Калі прыйдуць на нашу зямлю, іх чакае толькі сьмерць. Навошта? Дзеля чаго?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктар Камароўскі беларусам: Падымайце бунт у канцлягеры, інакш застаняцеся там надоўга ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму беларусы лічаць сябе закладнікамі, рабамі Лукашэнкі?». Дэпутат Вярхоўнай Рады Ганчарэнка пра адказнасьць за вайнуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.