За эмацыйны пост у фэйсбуку яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў: 130-га (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), 342-га (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 387-га (паклёп на прэзыдэнта).
Стала вядома, што суд зрабілі закрытым.
Блізкія Паўла напярэдадні суду расказалі апошнія навіны ад яго.
Як перасьледавалі Вінаградава
Павал быў асуджаны ў 2011 годзе на 4 гады, ён лічыцца рэцыдывістам. Таму на літасьцівы прысуд блізкія не спадзяюцца.
Летам 2021 году Паўла Вінаградава асудзілі спачатку на 15, потым яшчэ на 30 дзён арышту за эмацыйны допіс у фэйсбуку, у якім ён крытыкаваў ідэю выхаду на пратэст 9 траўня (але суд угледзеў у допісе заклік да несанкцыянаванай акцыі). За той жа допіс на яго завялі крымінальную справу аб паклёпе на Лукашэнку. Праз 48 дзён Павал Вінаградаў выйшаў на волю.
22 сьнежня яго зноў затрымалі, выставілі абвінавачваньні за той жа пост у Facebook паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Была прызначана экспэртыза, якая не знайшла складу злачынства. Аднак сьледчы прызначыў яшчэ адну экспэртызу.
28 сьнежня 2021 году праваабаронцы прызналі Паўла палітзьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Паўла Вінаградава прызналі «схільным да экстрэмізму», музыкантак з Irdorath перавялі ў гомельскую турму«Схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў»
У жодзінскай турме палітвязьня Паўла Вінаградава паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». У канцы студзеня ён правёў 7 дзён у ШЫЗА.
«Сьледзтва завершана, даволі хутка прызначылі суд. Павал жа ўлетку адседзеў 48 сутак, яго выпусьцілі, а сьледзтва ўвесь гэты час ішло. Яму не падабаецца сядзець у Жодзіне, таму ён хоча, каб хутчэй скончыўся суд і паехаць у калёнію. Лічыць, што там будзе лепей. Але як яно будзе, ніхто ня ведае», — разважае крыніца РС.
Паводле яе, на ўмовы ўтрыманьня ў жодзінскай турме Павал ня скардзіцца.
«Там ёсьць свае правілы ўнутранага распарадку, але ўсе з матрацамі, перадачы прымаюць. Больш-менш нармальныя ўмовы, гэта ня так, як на Акрэсьціна. У камэры палітычных няма. Ад таго, што Паша ўжо сядзеў у калёніі ў 2011 годзе, ён знаходзіцца ў камэры строгага рэжыму, а палітычныя там не сядзяць. Сядзіць са звычайнымі крымінальнікамі, якія трапілі за краты за крадзяжы, наркатычныя злачынствы. Нармальна трымаецца, там не зусім жорстка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Павал Вінаградаў просіць дапамагчы ягонай сям'і, пакуль ён у турмеСыну Павал шле малюнкі з забаўным тэкстам
Лісты да сям’і даходзяць, але ідуць даволі доўга. Паўтара-два тыдні лістоў можа наагул ня быць, а потым прыходзяць пачкамі, па пяць за раз, працягваюць блізкія зьняволенага.
«Дзіцяці ён шле прыгожыя малюнкі з забаўным тэкстам. Напрыклад, намаляваная нейкая жывёла, малпа Глафіра, яна прыносіць малому запісачку, пытаецца, ці ходзіць сын у садок, чым займаецца. Піша, што сумуе, пакуль ня можа вярнуцца, што любіць. Такія кароткія тэксты, дзіцяці ж толькі 3 гады, шмат не напішаш. А малодшы Пал Палыч памятае тату, вельмі радуецца вестачкам ад яго», — апавядаюць Паўлавы родныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне чым страшней, тым сьмяшней». Размова з Паўлам Вінаградавым«Я ня вельмі аптымістычна настроена. У 2011-м надзей, што хутка выйдзе, было больш»
У 2010 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 22 ліпеня 2011 году ў івацэвіцкай турме «Воўчыя норы», дзе ён адбываў пакараньне, ён пабраўся шлюбам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Вінаградава: "Адзінае, што нагадвала турму — краты, якія закрывалі неба ў дворыку"14 верасьня 2011 году Вінаградаў выйшаў на волю па ўказе Лукашэнкі аб памілаваньні, аднак за ім быў прызначаны прэвэнтыўны нагляд на 3,5 года. Вінаградаў — рэкардсмэн у прэвэнтыўных затрыманьнях, яго пастаянна затрымлівалі перад масавымі мерапрыемствамі, акцыямі. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў зь Менску ў Бярэзань, дзе жыве з жонкай і трохгадовым сынам Паўлам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіць