Грамадзкі актывіст зь Бярэзані, якога затрымаў тыднем раней АМАП, пакінуў ліст на выпадак, калі яго пасадзяць. Праўдападобна, што Новы год Павал Вінаградаў, за сьпінай якога шмат сутак з палітычных матываў, будзе сустракаць за кратамі. Тэлевядоўца сатырычнай праграмы «Гэта ж Вінаград» напісаў зварот да ўсіх, хто можа дапамагчы яму і яго сям’і.
У сваім звароце Вінаградаў адзначыў, што ягоная сям’я не зьяўляецца беднай у клясычным разуменьні, аднак ягоная адсутнасьць з прычыны арышту істотна зьмяншае магчымасьць дапамогі сям'і. Таму ён прапаноўвае людзям аказаць якую-небудзь дапамогу жонцы і сыну, а яму самому пісаць лісты за краты, на якія ён паспрабуе адказаць.
Паводле Сьвятланы Вінаградавай, жонкі Паўла, на мужа завялі ажно тры крымінальныя справы.
- паводле арт. 130 КК (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
- арт. 367 КК (Паклёп на прэзыдэнта);
- арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
28 сьнежня Паўла Вінаградава прызналі палітвязьнем.
У 2010 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 14 верасьня 2011 году ён выйшаў на волю на падставе ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні, за ім быў уведзены прэвэнтыўны нагляд на 3,5 года. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў зь Менску ў Бярэзань, дзе жыве з жонкай і дзіцем.
28 сьнежня Вінаградава зноў прызналі палітычным зьняволеным.