Вось некаторыя ягоныя кароткія паведамленьні 3 сакавіка і днём раней:
- «Гэтым разам уначы ўдалося паспаць. Увечары былі абстрэлы, а ноч прайшла адносна спакойна. Паўгадзіны таму расейскія „Грады“ білі па нашым раёне. З вакна відаць дым».
- «Учора і сёння езьдзіў на працу. Аказваецца, чалавек да ўсяго прывыкае. Да выбухаў таксама. Ды і няма ніякай гарантыі, што дома бясьпечней. Як ні дзіўна, многія харкаўчане ўсьміхаюцца і жартуюць. Я ў захапленьні ад нашых людзей. Калі будзе час, абавязкова падрабязна пра ўсё напішу... Зноў гучыць сырэна. Дзесьці кілямэтраў за 10 выбухі, разрывы «Градаў».
- «Мяне вельмі хвалюе, ці наважыцца ваш „незгінальны“ адправіць сюды беларускіх хлопцаў, ці ўсё ж спалохаецца. Ён жа праўду ня можа ня ведаць — колькі тут расейцаў палягло і яшчэ загіне. Гэта зразумела, што Пуцін на яго цісьне. Паводле прынцыпу „Я ж адзін сядзець ня буду, я і цябе за сабой пацягну“. Усё як у звычайных злачынцаў».
Кожную раніцу мой сябар — немалады ўжо чалавек 60 гадоў, беларус з украінскім пашпартам — перачакаўшы расейскі налёт, ідзе на сваю інжынэрскую працу на адзін з абаронных заводаў Харкава. Каб дапамагаць сваёй новай радзіме Ўкраіне абараняцца ад агрэсіі. Каб абараняць сваю жонку-ўкраінку і сына, напалову ўкраінца і напалову беларуса. У іхнай сям’і ўсё жыцьцё гаварылі пераважна па-расейску (як і большасьць жыхароў Харкава). Відавочна, менавіта іх і такіх, як яны, Пуцін лічыў тым «русским миром», вызваляць які паслаў свае танкавыя дывізіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «дэнацыфікацыя» па-расейскуХто штурхае Лукашэнку?
Мне цяжка ўявіць, што ў таго, хто пашле на гэту вайну беларускіх хлопцаў, можа быць нейкая палітычная будучыня.
Лукашэнка яўна прадчувае, якія наступствы могуць яго чакаць, калі ён наважыцца пераступіць яшчэ і гэтую рысу.
Майстэрства палітычнай эквілібрыстыкі: 3 сакавіка Лукашэнка заявіў (цытата з афіцыйнага сайту), што «Беларусь хочуць запхнуць у вайну ва Ўкраіне, і робіцца гэта спэцыяльна. Каб мы агалілі астатнія нашыя межы. А потым з намі разьбяруцца хутка, мы нават з Украіны не пасьпеем вярнуцца, каб вас абараніць. Гэта тактыка. А стратэгія ў іх — разабрацца з Расеяй і з намі заадно, каб потым зноў не пачынаць, як у жніўні 2020-га. Мы разгадалі іхныя задумы, ня проста разгадалі: маем дастаткова для гэтага інфармацыі».
Дык хто хоча «запхнуць» Беларусь у вайну, далучыць яе да расейскай агрэсіі? Заходнія ці ўкраінскія лідэры, якія пры кожным зручным выпадку спрабуюць папрасіць, папярэдзіць, прыгразіць: уварваньне ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі і так будзе мець для Менску цяжкія наступствы? Маўляў, ня ўводзьце свае войскі, не пераходзьце гэтую рысу: адказ будзе значна больш жорсткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст FT лічыць, што Лукашэнка выдаў пляны Пуціна падзяліць Украіну на чатыры часткіЦі гэта ўсё ж завуаляваны пераказ дыскусіі, якую зараз Лукашэнка вядзе з Крамлём? Каб і ўнутры Беларусі, і на Захадзе ведалі: маўляў, мяне штурхаюць ва Ўкраіну. Супраціўляюся як магу. Ужываю вось такія аргумэнты. Пакуль трымаюся...
Не зьдзіўлюся, што настане такі момант, калі зможам пачуць, як Лукашэнка будзе апраўдвацца тым, што бараніў Беларусь і беларусаў ад Пуціна і пуцінізму, што толькі дзякуючы яму захавалася незалежнасьць Беларусі, а інакш беларускія хлопцы гінулі б пад Кіевам і Харкавам... Гэта — у выпадку, калі зусім ужо прыпрэ, калі Пуцін пацярпіць паразу і перад міжнародным трыбуналам давядзецца адказваць: чаму зь беларускіх аэрадромаў узьляталі расейскія самалёты, каб бамбіць Украіну; чаму зь беларускай тэрыторыі адбывалася ўварваньне?
Хоць насамрэч для ўсіх відавочна: да такога выбару і такога фіналу Беларусь давёў ня хто іншы, як сам Лукашэнка. І пералік тых краін, зь якімі ён цяпер апынуўся ў адной лодцы, быў названы ўчора, на Генэральнай Асамблеі ААН падчас галасаваньня рэзалюцыі, якая асуджае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і заклікае Маскву неадкладна вывесьці з Украіны ўсе сілы. Акрамя Расеі і Беларусі, супраць рэзалюцыі галасавалі Сырыя, Эрытрэя і Паўночная Карэя. Зусім магчыма, што гэта — вычарпальны пералік краін, дзе цяпер гатовыя прымаць Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная Асамблея ААН заклікала Расею вывесьці ўсе войскі з Украіны«Абмежаваны кантынгент» і «спэцыяльная апэрацыя»
Калісьці, на пачатку 80-х гадоў, калі савецкія грамадзяне не маглі зразумець, навошта было распачынаць афганскую авантуру і пасылаць на пагібель дзясяткі тысяч сваіх сыноў, камуністычныя ідэолягі прыдумалі такі аргумэнт: гэта Захад ва ўсім вінаваты. Маўляў, калі б мы першымі не ўвялі свае войскі, дык амэрыканцы ўвялі б свае. А так мы вось якія малайцы — апярэдзілі.
Гэтаксама зараз Лукашэнка, аргумэнтуючы запуск ракетаў зь беларускай тэрыторыі, заяўляе: гэта ўкраінцы вінаватыя. Яны падцягнулі свае войскі да нашай мяжы. Калі б мы ня ўдарылі першымі, яны б на нас напалі. Гэтаксама Гітлер у 1939-м апраўдваўся, што гэта нібыта Польшча сама напала на Нямеччыну. А Сталін сьцьвярджаў, што Фінляндыя першай атакавала Савецкі Саюз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія школы атрымалі інструкцыі наконт «міратворчай апэрацыі» ва ЎкраінеІ яшчэ адзін адметны момант. У савецкай прэсе на пачатку 80-х гадоў таксама забаронена было называць савецка-афганскую вайну вайной, толькі «выкананьнем інтэрнацыянальнага абавязку абмежаваным кантынгентам савецкіх войскаў у Афганістане». Гэтаксама як цяпер у расейскіх і беларускіх СМІ братазабойчую вайну супраць Украіны загадана называць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». Пад пагрозай закрыцьця СМІ і крымінальнага перасьледу рэдактара, які прапусьціць слова «вайна». Агрэсар ва ўсе часы спрабуе прыменшыць памер уласнага злачынства і сьпіхнуць віну на сваю ахвяру.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ОНЛАЙН-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ: Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне