«Не рабіцеся злачынцамі!» — беларускі дабраахвотнік «Курган» зьвяртаецца да беларускіх вайскоўцаў

Першая беларуская рота створаная пры тэрытарыяльнай абароне батальёна «Азоў»

Ва ўкраінскім войску створаная першая рота, якая складаецца з іншаземцаў, а менавіта зь беларусаў. Паводле зьвестак Свабоды, у яе ўжо ўвайшлі каля 40 чалавек.

З добраахвотнікам беларускай роты пры тэрытарыяльнай абароне батальёна «Азоў» з пазыўным «Курган» пагаварылі пра вайну і стаўленьне да беларусаў.

«Я — будаўнік. У „Белым легіёне“ з пачатку ХХІ стагодзьдзя. Маю досьвед тэрміновай службы», — ляканічна характарызуе сябе мужчына.

Ён лічыць, што сёньняшняе змаганьне за Ўкраіну — гэта і змаганьне за Беларусь будучыні. «Пуцін і Лукашэнка актыўна хочуць зацягнуць суседнія народны ў багну гніючай імпэрыі», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду ваяваць за Ўкраіну, бо нідзе больш не знайду такіх сяброў». Як беларусы дапамагаюць Украіне

«Курган» перакананы, што ўкраінцы, на жаль, маюць права зьмяніць стаўленьне да беларусаў.

«Разам з тым я перакананы, што трэба адрозьніваць беларускі народ і рэжым, які пануе ў краіне. Мне здаецца, што ўкраінцы з удзячнасьцю ставяцца да тых, хто робіць усё магчымае, каб спыніць вайну між Беларусьсю і Ўкраінай, хто дапамагае адбіваць расейскае ўварваньне».

Пакуль досьведу баявых дзеяньняў у беларуса няма, але ён актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў баях.

«Ва ўкраінскім войску намагаюцца як лепш падрыхтаваць байца, а не кідаць на фронт „мяса“. Падтрымка ад сяброў і сваякоў татальная. Ніхто не сумняецца ў слушнасьці майго выбару паміж сьвятлом і цемрай, паміж воляй і ГУЛАГам. Вядома, турбуюцца пра мяне, але жадаюць перамогі», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч

На думку «Кургана», вера ўкраінцаў у свае сілы не пакідае агрэсарам ніводнага шанцу на перамогу.
«Гэтыя людзі прыйшлі бараніць сваю радзіму і гатовыя загінуць у гэтай барацьбе. Як бы цяжка ні было, колькі б ні зацягнулася вайна, украінцы не здадуцца, будуць біцца да сьмерці і абавязкова адстаяць сваю бацькаўшчыну».

Беларускі добраахвотнік заклікае Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусі ня ўцягвацца ў канфлікт ва Ўкраіне.

«Не рабіцеся злачынцамі, не забівайце братні ўкраінскі народ. Калі ня змог адкруціцца і трапіў на вайну, то складайце зброю — і захаваеце жыцьцё, не апаганіце сумленьне. А яшчэ лепш, каб пераходзілі на бок Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я стаў больш вольным». Як беларус абараняе Ўкраіну

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.