24 лютага ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асобаў, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Санкцыі закранаюць прадпрыемствы абароннага сэктару і фінансавыя ўстановы — два сэктары беларускай эканомікі, цесна зьвязаныя з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць Хрэніна, Вальфовіча і беларускай вайсковай прамысловасьціЮрыдычныя асобы
Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі «Белінвэстбанк» — камэрцыйны банк, які больш як на 99% належыць дзяржаве. Займаецца ў асноўным абслугоўваньнем дзяржаўных праграм. Выдае крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам пад розныя патрэбы. 24 чэрвеня 2021 году ўжо быў унесены ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.
Банк «Дабрабыт» — былы банк «Масква-Мінск», 99,95% ягоных акцый належаць Нацбанку, яшчэ 0,25% — «Парытэтбанку». «Парытэтбанк», у сваю чаргу, належыць Саіду Гуцэрыеву — сыну расейскага мільянэра і сябра Лукашэнкі Міхаіла Гуцэрыева. У 2017 годзе «Парытэтбанк» хацеў выкупіць Віктар Пракапеня, аднак пазьней адмовіўся ад гэтай ідэі. Саід Гуцэрыеў да нядаўняга часу быў партнэрам Пракапені ў бізнэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад санкцыі ЗША супраць Расеі падпаў беларускі банк БелВЭБ. Гэта шосты беларускі банк пад заходнімі санкцыяміТАА «Белінвэст-інжынірынг» — даччыная кампанія «Белінвэстбанку», займаецца крэдытаваньнем і фінансаваньнем праектаў у сфэры нерухомасьці.
ЗАТ «Белбізнэслізінг» — яшчэ адна даччыная структура «Белінвэстбанку». Займаецца лізінгам для мэтаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў.
Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) — адно з асноўных прадпрыемстваў беларускага вайскова-прамысловага комплексу. Займаецца вытворчасьцю колавых цягачоў для расейскіх стратэгічных узбраеньняў і балістычных ракет, а таксама бранятэхнікі для беларускай арміі.
Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт — дзяржаўнае ведамства, займаецца вытворчасьцю і рамонтам розных відаў узбраеньняў для патрэб Узброеных сіл Беларусі, а таксама на экспарт.
«Белспэцзьнештэхніка» — дзяржаўнае прадпрыемства, уваходзіць у склад Вайскова-прамысловага камітэту. Займаецца навуковай, прамысловай і гандлёвай дзейнасьцю ў сфэры ўзбраеньняў. Мае інтарэсы больш як у 30 краінах сьвету.
ААТ «КБ „Радар“» — яшчэ адно прадпрыемства беларускага ВПК, галаўная кампанія холдынгу «Сыстэмы радыёлякацыі». Займаецца вытворчасьцю вайсковых лякатараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: SkyNet, дроны і выбухоўка. Пра што расказаў кіраўнік вайсковай прамысловасьціААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод» — адно з самых буйных авіяцыйных прадпрыемстваў, разьмешчаных на тэрыторыі краін СНД. Займаецца мадэрнізацыяй і рамонтам вайсковых самалётаў Беларусі і іншых краін, разьмешчаны ў Баранавічах. Мадэрнізуе старыя савецкія самалёты да сучаснага ўзроўню, усталёўваючы на іх сучасныя сыстэмы.
ААТ «Інтэграл» — дзяржаўнае прадпрыемства радыёэлектроннага сэктару. Акрамя цывільнай прадукцыі, на «Інтэграле» таксама займаюцца вытворчасьцю сыстэм і кампанэнтаў для розных відаў узбраеньняў.
ТАА «Абаронныя ініцыятывы» — таксама кампанія вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. Створана ў 2011 годзе, як гаворыцца на яе сайце, «з мэтай рэалізацыі інавацыйнай, навуковай і канкурэнтназдольнай навукова-тэхнічнай прадукцыі для задавальненьня патрэбаў прадпрыемстваў і арганізацый як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі». Асноўныя кірункі дзейнасьці кампаніі «Абаронныя ініцыятывы» зьвязаныя з вытворчасьцю вайсковага прызначэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джулі Фішэр: «Беларусь стала саўдзельніцай атакі Расеі на Ўкраіну»УП «Мінатор-Сэрвіс» — створанае ў 1991 годзе дзяржаўнае прадпрыемства. Займаецца распрацоўкай, вытворчасьцю і абслугоўваньнем баявых гусенічных машын, прызначаных для выкарыстаньня ў сухапутных войсках і падразьдзяленьнях марской пяхоты.
НВАТАА «АКБ ТСП» — навукова-прамысловае прадпрыемства, займаецца вытворчасьцю зброі і боепрыпасаў.
Кампанія Synesis — міжнародная ІТ-кампанія з офісамі ў Менску і Маскве, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій. Спэцыялізуецца на распрацоўцы плятформаў для кантролю грамадзкай бясьпекі і назіраньня за масавымі мерапрыемствамі. Займаецца ўласнымі дасьледаваньнямі ў галіне штучнага інтэлекту. 17 сьнежня 2020 году трапіла пад санкцыі Эўразьвязу за супрацоўніцтва з МУС і КДБ Беларусі.
ТАА «24×7 Паноптэс» — апэратар сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі ў Беларусі, якая аб’ядноўвае відэакамэры назіраньня па ўсёй краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol дасьледаваў, як у Беларусі зьявіўся KIPOD — сыстэма татальнага назіраньня, якая дапамагае рэжыму ЛукашэнкіФізычныя асобы
Міністар абароны Віктар Хрэнін — адзін з кіраўнікоў беларускай арміі (фактычна галоўнакамандуючым зьяўляецца Лукашэнка) і ключавая асоба ў арганізацыі вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» і перамяшчэньня на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў.
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч выконвае функцыі кіраўніка аднаго з самых галоўных дзяржаўных органаў Беларусі. Фактычным жа кіраўніком яго зьяўляецца Лукашэнка.
Старшыня Дзяржкамваенпраму Дзьмітры Пантус кіруе холдынгам, які аб’ядноўвае усе вайсковыя прадпрыемствы Беларусі.
Намесьнік старшыні Дзяржкамваенпраму Вячаслаў Расалай — намесьнік Пантуса.
Таксама ў новы санкцыйны сьпіс ЗША ўвайшлі ўладальнік Synesis Аляксандар Шатроў, набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Зайцаў, гендырэктар МЗКЦ Аляксей Рымашэўскі, намесьнік гендырэктара МЗКЦ Аляксандар Вецяневіч.
ОНЛАЙН-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ: Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага