Якія наступствы будзе мець прызнаньне «ЛДНР» для Ўкраіны, Беларусі і сьвету? Ацэнка палітоляга Шрайбмана

Ці будзе Ўкраіна ваяваць за вызваленьне «ДНР» і «ЛНР»? Ці прызнае Беларусь самаабвешчаныя «рэспублікі» і калі так, дык калі? Калі расейскія войскі выведуць зь Беларусі? Чаму рэакцыя Захаду на рашэньне Крамля была ня самай жорсткай з магчымых?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Шрайбман

  • Незразумела, у чым быў плян Пуціна ў гэтай шматмесячнай кампаніі запалохваньня. Ён пакідае сабе прастору для манэўру, каб выкарыстаць прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» як для эскаляцыі, гэтак і для дээскаляцыі.
  • Для эскаляцыі гэта можна выкарыстоўваць з улікам таго, што «ДНР» і «ЛНР» абвяшчаюць сябе ў межах Данецкай і Луганскай вобласьцяў, а гэта прыкладна ўдвая больш, чым тое, што яны цяпер кантралююць. Можна заявіць, што на «нашай тэрыторыі» чамусьці прысутнічае ўкраінская армія і яе трэба адтуль выбіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аркадзь Мошэс: «Далучэньне Беларусі да Расеі без далучэньня Ўкраіны ня мае для Пуціна вялікага сэнсу»
  • Але мне падаецца больш імаверным, што гэта своеасаблівае ганаровае адступленьне Пуціна. Я лічу, што ўся камбінацыя з ультыматумамі, пагрозамі, сьцягваньнем войскаў была не падрыхтоўкай поўнамаштабнага ўварваньня, а спробай налякаць Захад.
  • Гэтага не ўдалося, Захад ня даў гарантыяў непашырэньня NATO, Украіна не пагадзілася ісьці за расейскай трактоўкай Менскіх пагадненьняў. Да поўнамаштабнай вайны Пуцін ня быў гатовы, і «ДНР» і «ЛНР» сталі трафэем, які ён здолеў атрымаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прызнаньне Пуціным «ДНР» і «ЛНР» паставіла Лукашэнку ў рызыкоўнае становішча
  • Растуць шанцы на тое, што мы ўбачым нейкую дээскаляцыю.
  • Заўсёды карысна заявіць больш сур’ёзную пагрозу, чым тое, што ты гатовы рэальна выконваць. У выніку Захад можа выдыхнуць і ня ўводзіць самыя жорсткія санкцыі. Гэта своеасаблівы гандаль. Крэмль кажа — гэтая вашая Ўкраіна наагул не павінна існаваць. Але мы пакуль абмяжуемся кавалкамі дзьвюх вобласьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: «Лёс Беларусі цяпер цалкам залежыць ад лёсу Пуціна»
  • Які можа быць альтэрнатыўны сцэнар такому «ганароваму» адступленьню? Вялікая, поўнамаштабная вайна, украінская армія налічвае шмат салдатаў. Такая вялікая вайна можа выйсьці з-пад кантролю. Пуцін да такіх сцэнароў не гатовы.
  • Ён і раней не ішоў на апэрацыі, якія несьлі сурʼёзныя рызыкі для Расеі. Ён гатовы пагражаць, але не гатовы сурʼёзна рызыкаваць.
  • Прызнаньне Беларусьсю зараз ня толькі «ДНР» і «ЛНР», але і Абхазіі, і Паўднёвай Асэтыі будзе відавочным «прагінаньнем». Лукашэнка ня любіць так «прагінацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск «з павагай і разуменьнем» адрэагаваў на прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»
  • У праўладнай аналітыцы бачныя два падыходы. Адны кажуць, што ня трэба сьпяшацца, што варта спачатку «дапрызнаць» Крым. А іншыя кажуць, што прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» трэба хутка.
  • Калі б мне давялося ставіць у казіно, я б паставіў на тое, што Лукашэнка прызнае самаабвешчаныя «рэспублікі», папрасіўшы за гэта кампэнсацыю санкцыяў за такі крок, у тым ліку і ўкраінскіх санкцыяў.
  • Расейскія войскі будуць выведзеныя зь Беларусі тады, калі Пуцін палічыць гэта палітычна мэтазгодным. Адвод войскаў зь Беларусі — гэта дакладны сыгнал, што Крэмль выбраў дээскаляцыю. І ўсё, што ён будзе рабіць далей, будзе ўспрымацца як блеф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «ЛНР» заявілі, што прэтэндуюць на ўсю Луганскую вобласьць. Што на гэта адказаў Крэмль
  • Я ня думаю, што Пуцін прыняў рашэньне, ці паглыбляць эскаляцыю далей. Калі рэакцыя Захаду будзе млявая, калі санкцыі будуць сьмешныя, магчыма, на гэтым інцыдэнт будзе вычарпаны. Калі рэакцыя Захаду будзе больш жорсткай, магчыма, гэтыя войскі затрымаюцца на тыдні і нават месяцы.
  • Трымаць войскі ў Беларусі доўга — гэта прыніжаць Лукашэнку. Прыніжаць саюзьніка, які табе дапамагае і робіць нават больш, чым ты ад яго хочаш, — гэта крыху «не па-пацанску». Магчыма, выведзе, калі будзе прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» з боку Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцінскі сцэнар для Лукашэнкі. Камэнтар аналітыкаў
  • Пуцін у Расеі дэкамунізацыю не праводзіць. Пакуль Лукашэнка ляяльны, хай ён гуляе ў свой савецкі наратыў. Гэта не сучасны расейскі наратыў, для Крамля Ленін — не герой. Калі б Украіна была камуністычнай дзяржавай, Пуцін бы не выкарыстоўваў антыкамуністычную рыторыку супраць яе.
  • Заходнія санкцыі за прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» — прыкладна такія ж, якія былі за далучэньне Крыму. Зараз, напэўна, прыпыняць «Паўночны паток-2». Але ў Захаду абмежаваны набор інструмэнтаў, яны ня могуць яго ўвесь скарыстаць, пакуль Расея не скарыстала цалкам свой запас эскаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ў Беларусі — назаўжды? Аналіз экспэртаў
  • Чаму Захад не спыняе Пуціна самымі жорсткімі мерамі да таго, пакуль той не дайшоў да канца ў эскаляцыі? Праз надзвычай высокую цану жорсткага адказу.
  • Бязь Мюнхэнскага пагадненьня 1938 году Гітлера можна было спыніць толькі вайной, вайной за Судэты. Тады заходнія лідэры да гэтага не былі гатовыя. А цяпер на вайну яны тым больш не гатовыя. Цяпер ніхто ня лічыць, што калі ўвесьці ўсе санкцыі, то расейскі рэжым разваліцца. Наадварот, тады ў Крамля рукі будуць цалкам разьвязаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя зь Беларусьсю зьмянілася радыкальна». Шрайбман і Марозаў пра вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»
  • Пра сябе заходнія палітыкі ведаюць, што яны не гатовыя плаціць вялікую цану, каб караць Расею.
  • Пакуль Захад не пераканаецца, што Пуцін завяршыў гэты этап эскаляцыі, павялічваць колькасьць вайсковых дарадцаў ва Ўкраіне і колькасьць вучэньняў там Захад ня будзе. Калі мы прыйдзем да грузінскай сытуацыі — «ні міру, ні вайны», то вайсковае супрацоўніцтва Захаду будзе працягвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскія вучэньні ў Беларусі могуць стаць няспыннымі», — польскі аналітык
  • Скажу цынічную рэч: калі ўсё спыніцца на цяперашнім узроўні, гэта даволі выгадны вынік для ўкраінскай улады. Гэтыя тэрыторыі ўкраінцы дагэтуль прызнавалі акупаванымі. Яны казалі, што расейскія войскі там з 2014 году былі ўвесь час. Цяпер іх там проста будзе больш.
  • Зараз над Украінай не вісіць дамоклавы меч Менскіх пагадненьняў, і не яна іх разарвала. Расея атрымае нейкія санкцыі, Украіна атрымае нейкую падтрымку. Адказнасьць за гуманітарнае забесьпячэньне насельніцтва на гэтых тэрыторыях Украіна зараз не нясе наагул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Мы на сваёй зямлі! І мы нікому нічога не аддамо»
  • Украіна на доўгія гады разьвітваецца з гэтымі тэрыторыямі, як з Крымам. Маральна гэта вельмі цяжка прыняць. Я ведаю ўкраінцаў, якія адтуль родам.
  • У Крамлі можа ўзьнікнуць спакуса выкарыстаць гэты новы «балькон» для правакаваньня новай эскаляцыі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.