Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ў Беларусі — назаўжды? Аналіз экспэртаў


Расейскія С-400 у Беларусі. 9 лютага 2020 году
Расейскія С-400 у Беларусі. 9 лютага 2020 году

Што азначае той факт, што расейскія войскі пасьля вучэньняў застаюцца ў Беларусі на няпэўны час? Як гэта стасуецца з папярэднімі заявамі Лукашэнкі і міністра Макея? Ці вайна непазьбежная?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў, былы дыплямат Павал Мацукевіч.

Карбалевіч:

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Хутчэй за ўсё, нейкі сілавы канфлікт, хутчэй за ўсё на Данбасе ці вакол Данбасу. Вялікая вайна з удзелам беларускіх войскаў усё ж малаімаверная.
  • Усё, што зараз робіцца на Данбасе — эвакуацыя цывільнага насельніцтва, выбухі, абстрэлы — усё гэта робіцца для таго, каб знайсьці ваеннае рашэньне праблемы.
  • Я мяркую, што вынікам будзе прызнаньне Расеяй незалежнасьці ДНР і ЛНР, і гэта прывядзе да пэўнай разрадкі напружанасьці.
  • Расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі — гэта ўжо канстанта. Я мяркую, што тая групоўка, якая прыехала на вучэньні, будзе заставацца да таго часу, пакуль не адбудзецца разрадка цяперашняй напружанасьці — мірная ці ваенным шляхам.
  • Рэфэрэндум будзе адбывацца пры значнай прысутнасьці на тэрыторыі краіны замежных войскаў. Гэта вельмі нагадвае крымскі рэфэрэндум 2014 году.
  • Я думаю, што рэальная яўка на рэфэрэндуме будзе вельмі нізкая. Гэты рэфэрэндум нікому не цікавы і самае сьмешнае, што і ўладныя прапагандысты ўцямна не тлумачаць, навошта гэты рэфэрэндум патрэбны.
  • Раней, калі Расея давала Беларусі розныя даброты, многія экспэрты пыталіся — а чым заплаціць Лукашэнка? Але высьвятлялася, што адно сваёй палітычнай ляяльнасьцю Маскве, «пацалункамі». Цяпер ролі памяняліся. Лукашэнка плаціць Расеі, і вельмі шмат — плаціць стратай вайсковага сувэрэнітэту Беларусі, дазволам на сталую расейскую вайсковую прысутнасьць. А што атрымоўвае за гэта ён? Здаецца, што толькі палітычную падтрымку.

Мацукевіч:

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Я мяркую, што Уладзімер Макей на мінулым тыдні проста ня ведаў, якія рашэньні будуць прынятыя наконт расейскіх войскаў у Беларусі. Напэўна ўжо і Лукашэнка ня ўсё ведае. Ня выключана, што рашэньне пакінуць войскі ў Беларусі было прынятае літаральна ўчора.
  • Лукашэнка ехаў у Маскву за рашэньнем. У гэтых пытаньнях ад яго ўжо ня ўсё залежыць. Але ён сваімі заявамі спрабую абвастрыць сытуацыю, якая нібыта залагоджвалася. Магчыма, Лукашэнку працяг вучэньняў патрэбны падчас рэфэрэндуму, які адбудзецца на наступным тыдні.
  • Зараз ужо фактычна немагчыма вывесьці расейскія войскі зь Беларусі, ёсьць гэтыя вучэбна-баявыя цэнтры, дзе на сталай аснове знаходзяцца расейскія вайскоўцы і расейскія ўзбраеньні. Шойгу анансаваў 20 вучэньняў да канца году.
  • Ці азначае гэта вайну? Наўрад ці гэты інцыдэнт будзе вычарпаны мірным спосабам. Аднак я мяркую, што размова пакуль ідзе аб падвышэньні напружанасьці.
  • Лукашэнка з Масквы крэдыт не прывёз, а прывёз навіну, што расейскія вайскоўцы застаюцца ў Беларусі.
  • Каб Расея ўвяла ў Беларусь ядзерную зброю, павінна кардынальна памяняцца сытуацыя ў сьвеце і ў рэгіёне. Я сумняюся, што Крэмль на гэта пойдзе. Лукашэнку не даюць ніякія сур’ёзныя ўзбраеньні без расейскага кантролю. Ён і сам гэта разумее, калі просіць адкрыць новы вучэбна-баявы цэнтар зь «Іскандэрамі». Ён разумее, што інакш яму гэтыя ўзбраеньні ніяк не атрымаць.
  • Эўрапейскія лідэры езьдзяць да Пуціна, як на паклон, яны курсіруюць паміж Вашынгтонам і Масквой.
  • Прызнаньне незалежнасьці ДНР і ЛНР магчымае, ёсьць прэцэдэнт адносна Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Расейцы будуць спрабаваць прадставіць кожны свой крок, як адказ, рэакцыю на нешта.
  • Цяпер больш за ўсіх вайны баіцца не Ўкраіна. Украіна ўжо 8 гадоў ваюе. Найбольш вайны баяцца ў некаторых эўрапейскіх краінах. І ціск, напампоўваньне напружанасьці скіраваная найперш на іх.
  • Лукашэнка апошнім часам бяжыць наперадзе крамлёўскага «цягніка». Яму не падабаецца, што пытаньні Беларусі абмяркоўваюць наўпрост з Пуціным.

Што было раней

  • Міністэрства абароны Беларусі разам са сваімі расейскімі калегамі падвяло вынікі вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022». Але вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі ня будзе.
  • Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, падводзячы вынікі вучэньняў, заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы».
  • Таксама Хрэнін заявіў, што «Захад адмаўляецца ўспрымаць пазначаныя Расеяй „чырвоныя лініі“ ў архітэктуры бясьпекі Эўропы, якія актуальныя і для беларусаў».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG