«Уся адказнасьць за наступствы ў сувязі са згаданымі рашэньнямі ўскладаецца на палітычнае кіраўніцтва Расеі. Прызнаньне незалежнасьці акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей можа азначаць аднабаковы выхад Расеі зь менскіх дамоўленасьцяў і ігнараваньне рашэньняў у рамках Нармандыі», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінскага народу.
Зварот трансьлявалі ўсе ўкраінскія тэлеканалы а 2-й гадзіне ночы, пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што такія дзеяньні Расеі падрываюць мірныя намаганьні і зьнішчаюць перамоўныя фарматы. «Сёньняшнімі і заўтрашнімі магчымымі рашэньнямі Расея легалізуе свае войскі, якія фактычна знаходзіліся ў акупаваных раёнах Данбасу з 2014 году. Краіна, якая восем гадоў падтрымлівае вайну, ня можа падтрымліваць мір, як яна гэта заяўляе».
Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што правёў кансультацыі з кіраўнікамі Францыі, Нямеччыны, ЗША, Вялікай Брытаніі і ініцыяваў скліканьне Рады Бясьпекі ААН, правядзеньне спэцыяльнага пасяджэньня АБСЭ, а таксама саміту нармандзкай «чацьвёркі».
«Ад нашых партнэраў мы чакаем дакладных і дзейных крокаў падтрымкі. Вельмі цікава пабачыць цяпер, хто наш сапраўдны сябар і партнэр, а хто працягне палохаць Расейскую Фэдэрацыю словамі. Мы адданыя палітыка-дыпляматычнаму ўрэгуляваньню і не рэагуем ні на якія правакацыі. Нашыя межы надзейна абароненыя. Створана сыстэма тэрытарыяльнай абароны. Нашы партнэры нас падтрымліваюць. Адпаведна да артыкулу 51 Статуту ААН Украіна пакідае за сабой права на індывідуальную і калектыўную самаабарону. Мы добра адрозьніваем правакацыі і наступ войскаў агрэсара. За намі — праўда».
Уладзімір Зяленскі таксама паабяцаў ня ўтойваць ад грамадзян Украіны зьмены ў ваенна-палітычным становішчы краіны.
«Як толькі мы пабачым рызыкі, вы будзеце пра ўсё гэта ведаць. Цяпер няма ніякіх прычын для хаатычных дзеяньняў. Зробім усё, каб так было і далей. Мы адданыя мірнаму і дыпляматычнаму шляху, і будзем ісьці толькі па ім. Мы на сваёй зямлі! Мы нікога і нічога не баімося. Мы нічога і нікому не павінны. І мы нікому нічога не аддамо. І мы ў гэтым упэўненыя», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі і даручыў Савету Фэдэрацыі ратыфікаваць гэтае рашэньне. Пасьля гэтага тэлеканал паказаў падпісаньне ўказаў аб прызнаньні незалежнасьці і дагавораў аб дружбе і супрацоўніцтве з так званымі «Данецкай народнай рэспублікай» і «Луганскай народнай рэспублікай».
Як стала вядома празь некаторы час, расейскія ваенныя падразьдзяленьні будуць накіраваныя ў сэпаратысцкія «ЛНР» і «ДНР». Гэта вынікае з указаў аб прызнаньні дзьвюх «рэспублік» Данбаса за подпісам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: у ім сказана, што ён даручыў расейскім вайскоўцам «забясьпечыць падтрыманьне міру» ў «ДНР» і «ЛНР».
Колькі менавіта ваенных будуць уведзены ў «ЛНР» і «ДНР» — невядома. Расея засяродзіла на межах Украіны войска прыкладна ў 150 тысяч вайскоўцаў, уключаючы цяжкую тэхніку, ЗРК і баявую авіяцыю. Пры гэтым яна абвінавачвае Ўкраіну ў абстрэлах тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а таксама Расеі, што Ўкраіна катэгарычна адмаўляе.
Генэральная пракурора Ўкраіны распачала крымінальную справу пасьля заявы прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна аб прызнаньні незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР».