Лукашэнка ператвараецца ў «містэра Ніхто», ня здольнага кіраваць самастойна
Сьцісла:
- Міністэрства замежных справаў ёсьць, але замежных справаў даўно няма.
- Калі савецкага міністра замежных справаў Грамыку называлі «містэрам Не», то Макея цяпер можна назваць «містэрам Ніхто».
- Лукашэнка ўжо не кіруе тым, што адбываецца зь Беларусьсю, не кантралюе працэсаў, якія ідуць вакол краіны.
16 лютага Ўладзімер Макей нечакана і бяз бачнай прычыны склікаў прэсавую канфэрэнцыю, на якой даволі адназначна сказаў важную фразу:
«Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасьля гэтых вучэньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў. Лукашэнка казаў іначайНагадаем, што здарылася пасьля гэтага. Лукашэнка паехаў у Маскву, дзе «разам з Пуціным» яны вырашылі, што расейскія войскі пасьля вучэньняў пакуль застануцца ў Беларусі.
Спадзяюся, нікому не прыйдзе ў галаву, што Макей выдаў нейкую «адсябечыну», не параіўшыся ў такім стратэгічным пытаньні з Лукашэнкам. Хутчэй за ўсё, выконваў ягоны прамы загад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паказаць, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ існуе»,— Карбалевіч пра прэс-канфэрэнцыю МакеяЯк трапна заўважыў калега Валер Карбалевіч, «прэсавая канфэрэнцыя Макея закліканая была паказаць, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ існуе і ў яго ёсьць кіраўнік».
Не атрымалася. Міністэрства ёсьць, але замежных справаў даўно ўжо няма.
Міністэрства ператварылася ў нейкі аддзел адміністрацыі прэзыдэнта ў справах прапаганды і ідэалёгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер залежыць ад кіраўніцтва БеларусіІ калі савецкі міністар Грамыка быў «містэрам Не», то Макея цяпер можна назваць «містэрам Ніхто».
Але ладна Макей. Сам Лукашэнка ператвараецца ў такога незразумелага Ніхто, які на любое пытаньне цяпер адказвае: «Мне трэба параіцца з шэфам»... То бок, «старэйшым братам».
«Ці будуць выведзеныя расейскія войскі пасьля вучэньняў?» — «Выведзем тады, калі вырашым з прэзыдэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэньні. Гэта мы будзем прымаць рашэньне: гэта наша тэрыторыя».
«Як доўга вы думаеце заставацца прэзыдэнтам?» — пытаецца расейскі журналіст.
«Што тычыцца майго прэзыдэнцтва, то вось мы зараз са старэйшым братам параімся і вырашым. Што вы перажываеце? Усё будзе нармальна», — адказвае Лукашэнка.
Цікава, што беларускія афіцыйныя мэдыя гэтую фразу не рэтрансьлююць. Нехта наверсе, відаць, адчуў, наколькі абразьліва і прыніжальна яна гучыць для «сувэрэннага і самастойнага лідэра». (Але расейскія СМІ са зларадным задавальненьнем яе працытавалі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На чужой вайнеЛукашэнка ўжо не кіруе тым, што адбываецца зь Беларусьсю, не кантралюе працэсаў, якія ідуць вакол краіны, — гэта становіцца відавочным для ўсіх удзельнікаў працэсу. Для Захаду, для Крамля, і галоўнае — для грамадзянаў Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.