ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьць
1. Тураўскія крыжы
Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць
У самім горадзе Тураве і ў яго навакольлі — з тузін каменных крыжоў Х—ХІІ стагодзьдзяў. Самыя загадкавыя зь іх — на мясцовых могілках, яны быццам бы растуць зь зямлі. Штогод яны, як кажуць людзі, паднімаюцца на некалькі сантымэтраў.
Паводле паданьня, крыжы ў гэты рэгіён прыплылі супраць плыні па Прыпяці і Дняпру, а затым аказаліся сярод палёў. Найбольш вядомы — двухмэтровы Сьвяты, альбо Тураўскі крыж — захоўваецца цяпер у царкве ў вёсцы Пагост. Іншыя крыжы можна ўбачыць каля сабора Сьвятых Кірыла і Лаўрэнція ў Тураве, у тураўскім храме Ўсіх Сьвятых, у гомельскім музэі, у вёсках Верасьніца, Хлупін, Перароў, Аздамічы.
Мясцовыя жыхары ўшаноўваюць старажытныя крыжы і прыпісваюць ім цуды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Віцебская вобласьць
2. «Каменная дзяўчынка» ў вёсцы Данілевічы
Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць
На ўскрайку вёскі стаіць камень, які па форме нагадвае або крыж, або фігуру чалавека па пояс. Вяскоўцы называюць яго «каменная дзяўчынка». Паводле паданьня, маці пракляла сваю дачку, калі яны зьбіралі ў полі жыта, а дзяўчынка ленавалася. Умомант дзяўчынка стала каменем.
Вяскоўцы апранаюць камень «як дзяўчынку», ушаноўваюць яго. Калі камень спрабавалі перанесьці ў іншае месца, кажуць, у вёсцы адбываліся няшчасьці.
3. Паромныя пераправы праз Прыпяць, Дняпро, Беразіну, Сож
Гомельская вобласьць
*Узімку пераправы прыпынілі ў сувязі з надвор’ем. Перад падарожжам варта спраўдзіць, ці аднавіў паром сваю працу.
У Гомельскай вобласьці можна пераправіцца на пароме праз Прыпяць, Дняпро, Сож, Беразіну па некалькіх маршрутах:
вёска Вышалоў — вёска Сьнядзін (Петрыкаўскі раён), праз раку Прыпяць;
горад Петрыкаў — вёска Велаўск (Петрыкаўскі раён), праз раку Прыпяць;
вёска Абакумы — Лоеў (Лоеўскі раён), праз раку Дняпро;
вёска Парычы — вёска Красны Бераг (Жлобінскі раён); праз раку Беразіну;
санаторый «Залатыя пяскі» — вёска Шарпілаўка (Гомельскі раён), праз раку Сож.
Па кожным з маршрутаў паромы ходзяць некалькі разоў у дзень з ранку да вечара. Дарога займае прыкладна паўгадзіны.
4. Кар’ер у вёсцы Глушкавічы
Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць
Затоплены гранітны кар’ер «Надзея» — недалёка ад мяжы з Украінай, у памежнай зоне. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе крышталічная парода выходзіць на паверхню. Тут мясцовыя пэйзажы трошкі нагадваюць фіёрдавую Скандынавію або Карэлію.
У 1985 годзе ў Глушкавічах пачалі здабываць высакаякасны камень — такім гранітам абліцаваныя некаторыя станцыі менскага мэтро, будынкі ў Гомлі, зробленыя многія помнікі. Пасьля развалу СССР выпрацоўка спынілася, але ў любы момант яе можна працягнуць.
5. Самае старое паселішча Беларусі — вёска Юравічы
Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласьць
Тут знайшлі найдаўнейшую стаянку першабытнага чалавека ў Беларусі, якой больш за 25 тысяч гадоў. Пра гэтую вёску піша Іван Мележ у «Палескай хроніцы».
Езуіты пабудавалі драўляны кляштар у 1673 годзе, прывезьлі туды цудоўны абраз Маці Божай Юравіцкай. Мураваны касьцёл зьявіўся ў першай палове XVIII стагодзьдзя. Месца атрымала статус мястэчка, тут рэгулярна праходзілі кірмашы і таргі. Пры кляштары працавала школа, пазьней калегіюм. Потым кляштар перадалі іншаму каталіцкаму ордэну — бэрнардынам. У 1958 годзе на загад мясцовага старшыні калгасу касьцёл пачалі разьбіраць на цэглу. Цяпер храм аднаўляюць як праваслаўную царкву.
Таксама ў Юравічах варта зазірнуць у музэй, дзе захоўваюцца косткі мамантаў, старажытныя прылады працы, побытавыя рэчы беларускай вёскі.
6. Веткаўскі музэй
Веткаўскі раён і горад Гомель, Гомельская вобласьць
Веткаўскі музэй стараабрадніцтва і беларускіх традыцый працуе ў Ветцы, ягоны філіял у 2000 годзе адкрыўся ў Гомлі. Тут сабраныя старажытныя абразы, дэкараваныя рукапісы, тканыя ручнікі, якія зьбіралі падчас экспэдыцый, традыцыйны строй, драўляны разьблёны дэкор дамоў, інструмэнты і станкі. Супрацоўнікі музэю зьбіраюць традыцыйныя абрады, фальклёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кросенцы» — фэстываль беларускага ткацтва на Веткаўшчыне
7. Сядзіба Аскеркаў і Ваньковічаў у вёсцы Рудакова
Хойніцкі раён, Гомельская вобласьць
Сядзібу ў нэагатычным стылі пабудавалі ў ХІХ стагодзьдзі. Аляксандар Аскерка — вядомы паўстанец 1863 году, ягоны брат Генрык Аскерка гаспадарыў у Рудакове, быў павятовым кіраўніком паўстаньня.
Пасьля шлюбу паміж прадстаўнікамі роду Аскерак і Ваньковічаў побач зь сядзібай узьвялі новы палац з чырвонай цэглы ў стылі нэабарока. Тут быў малочны завод, бровар, тартак. Выраблялі дэсэртнае масла, якое вазілі на продаж у Кіеў. Быў тэнісны корт. Гаспадары ўтрымлівалі шпіталь, школы, дзіцячыя прытулкі.
Цяпер палац напаўразбураны.
8. Палац Козел-Паклеўскіх у вёсцы Красны Бераг
Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць
Вёска вядомая з 1528 году. Палац стаіць на ўскрайку вёскі на беразе ракі Добасны. Гэта помнік архітэктуры (у стылі эклектыкі), а парк пры ім — помнік садова-паркавага мастацтва канца XIX стагодзьдзя.
Козелы-Паклеўскія — старадаўні дваранскі род прадпрымальнікаў, вінагандляроў, горнапрамыслоўцаў і золатапрамыслоўцаў, яны валодалі азбэставай прамысловасьцю на Урале і першым параходзтвам на рэках Заходняй Сыбіры.
У 1921 годзе ў палацы месьцілася сельскагаспадарчая вучэльня. У Другую ўсясьветную вайну на базе сядзібы арганізавалі нямецкі шпіталь. У 2015 годзе сядзібу аднавілі як турыстычны аб’ект.
9. «Даліна Анёлаў» у Мазыры
Мазырскі раён, Гомельская вобласьць
«Даліна анёлаў» — гэта раён у Мазыры, дзе ў 1647 годзе каталіцкі ордэн цыстэрцыянцаў пабудаваў кляштар. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў будынку манастыра працавала запалкавая фабрыка «Маланка», у 2000-х гадах — мэблевая фабрыка «Мазырдрэў». У 2017 годзе комплекс будынкаў выкупіў прадпрымальнік Аляксандар Баранаў, аднаўляе іх і стварае тут культурную прастору пад назвай «Даліна анёлаў» для творчых сустрэч, прэзэнтацый, выставаў.
10. Палац Горватаў у Нароўлі
Нараўлянскі раён, Гомельская вобласьць
Палац пабудавалі на беразе Прыпяці ў 1850 годзе. Першым уласьнікам быў Даніл Ігнатавіч Горват. Двухпавярховы будынак мае тоўстыя сьцены. Фасад быў раней упрыгожаны атыкам з ініцыяламі гаспадароў і годам пабудовы. Пры палацы працавала цукерня ў будынках з чырвонай цэглы.
Апошнія ўласьнікі зьехалі з Нароўлі пасьля 1917 году. Дакладна вядомы нашчадак — Аляксандра Ваньковіч, ужо стары, жыве ў Нью-Ёрку. У палацы месьціліся санаторый і беларуская школа. У вайну ён моцна пацярпеў. Пасьля вайны, аж да чарнобыльскай аварыі, там працавала школа-інтэрнат.
З 1986 году палац стаяў закінуты і разбураўся. У 2020 годзе яго набыў пісьменьнік Андрэй Горват разам зь бізнэсоўцам Аляксандрам Баранавым і рэдактарам Пятром Кузьняцовым. Горват дакладна ня ведае, ці ягоныя продкі валодалі гэтым месцам. Ён з паплечнікамі аднаўляе палац за ўласныя і дабрачынныя сродкі. Рэканструкцыю трэба завершыць да канца 2025 году. Тады ў палацы, імаверна, адкрыецца гатэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зь ім на адной хвалі». Як Горват з аднадумцамі купіў нараўлянскі палац ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як аўтар бэстсэлера «Радзіва Прудок» вяртае зь нябыту Нараўлянскі палац