1. Вёска Белая Царква
Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць
Вёска месьціцца на паўвостраве на беразе Чарэйскага возера. Гэта за сто кілямэтраў ад Віцебску. У 2019 годзе тут жылі ўсяго 13 чалавек. Назва вёскі пайшла ад Траецкай царквы, якую Леў Сапега пабудаваў у 1599 годзе. Цяпер ад храма засталіся руіны сьветлага колеру. У Белай Царкве ёсьць пляж, які зрабілі валянтэры, і драўляная вежа, адкуль можна сачыць за птушкамі. Перад пандэміяй у Белай царкве праходзіў папулярны музычны фэстываль Sprava.
2. Вадаспад на рацэ Вяце каля вёскі Пруднікі
Мёрскі раён, Віцебская вобласьць
Каардынаты вадаспаду: 55.7604, 27.61722
Вадаспад утварыўся пасьля пабудовы гідраэлектрастанцыі на рацэ Вяце, якая мелася забясьпечваць электрычнасьцю кардонную фабрыку. Гэта самы вялікі беларускі вадаспад: вышыня — больш за два мэтры, шырыня — каля дзесяці. Яго чуваць прыкладна за кілямэтар. ГЭС ужо не працуе. На берагах Вяты захаваліся таксама рэшткі старога млына.
3. Аграгарадок Ідолта: сядзіба Мілашаў, абраз сьвятога Ісідара
Мёрскі раён, Віцебская вобласьць
Мястэчка ляжыць на беразе аднайменнага возера. Тут жыве 400 чалавек. Касьцёл пабудавалі ў Ідолце ў другой палове ХХ стагодзьдзя, аднак абраз сьвятога Ісідара і 14 стацый Крыжовага шляху адносяцца да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. У аграгарадку аднавілі двухпавярховую сядзібу Мілашаў ХІХ стагодзьдзя. У падвале дома дагэтуль захаваўся калодзеж з халоднай вадой.
4. Вёска Манькавічы: вадаспад, пахавальня, царква
Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць
У вёсцы на 15 чалавек захаваўся шэраг цікавостак. Сядзібна-паркавы комплекс Друцкіх-Любецкіх існаваў у канцы XVIII — пачатку ХІХ стагодзьдзя. Гаспода не захавалася. Аднак у лесапаркавай зоне на ўзгорку можна ўбачыць руіны каменнай капліцы-пахавальні. Таксама захаваўся сьвіран і вадаспад на рэштках плаціны каля былога млына. Дзейнічае царква сьвятога Георгія канца XIX стагодзьдзя, пабудаваная з бутавага каменю з каменнай агароджай.
5. Паставы: палац Тызэнгаўзаў, Рынак, царква, касьцёл
Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць
Невялікае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны на 20 тысяч чалавек, адна з рэзыдэнцый шляхецкага роду Тызэнгаўзаў. Турыстычны цэнтар гораду — калярытная плошча на месцы гістарычнага Рынку з барокавай забудовай з каляровых домікаў, пабудаваных у XVIII–XIX стагодзьдзях. У адным з гэтых будынкаў — краязнаўчы музэй. Гандлёвыя рады зьнішчылі пры савецкай уладзе.
Захаваўся палац Тызэнгаўзаў у стылі клясыцызму разам з паркам. Драўляную сядзібу на гэтым месцы пабудавалі яшчэ ў першай палове XVII стагодзьдзя, пазьней — каменны комплекс. У 1941–1944 гадах у палацы месьцілася кавалерыйская частка Трэцяга райху. З 1960-х гадоў будынак аддалі пад лякарню.
Нэагатычны касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага з чырвонай цэглы стаіць на беразе ракі Мядзелкі. Каталіцкі прыход тут стварылі яшчэ ў 1516 годзе. Гэты касьцёл пачалі будаваць у 1898 годзе. Ён пацярпеў падчас апошняй вайны. Цяпер адноўлены і дзейнічае.
Царква сьвятога Мікалая Цудатворцы месьціцца ў цэнтры гораду. Яе пабудавалі ў рускім стылі ў 1894 годзе. Вядома, што ў 1713 годзе на гэтым месцы стаяла драўляная ўніяцкая царква.
6. Мястэчкі Лынтупы, Камаі, Лучай, Дунілавічы
Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць
У Пастаўскім раёне адно за адным ляжаць цікавыя мястэчкі, якія можна аб’ехаць за некалькі гадзін.
Пасёлак Лынтупы на паўтары тысячы чалавек месьціцца каля мяжы зь Літвой. Тут варта паглядзець палац Бішэўскіх. Паводле легенды, Юзаф Бішэўскі ў Парыжы закахаўся ў францускую акторку. Тая паставіла ўмову, што пойдзе замуж, толькі калі ў жаніха будзе шыкоўны палац. Юзаф пабудаваў двухпавярховую сядзібу (гэта было на пачатку ХХ стагодзьдзя), аднак акторка перадумала. Пазьней у палацы месьціліся канторы, школа, жылі вайскоўцы. Цяпер будынак выкупіў расейскі інвэстар. Ён плянуе зрабіць у палацы гатэль з басэйнам і тэніснымі кортамі.
Яшчэ адна адметнасьць Лынтупаў — касьцёл сьвятога Андрэя на цэнтральнай плошчы. Яго пабудавалі на пачатку ХХ стагодзьдзя. Першы драўляны храм на гэтым месцы ўзьвялі ў 1459 годзе.
У аграгарадку Камаі варта паглядзець на стары мураваны касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля, пабудаваны ў 1603–1606 гадах.
Яшчэ адзін стары касьцёл месьціцца ў аграгарадку Дунілавічы. Драўляны храм тут пабудавалі ў 1500 годзе. Цяперашні — 1773 году.
І яшчэ адзін стары каталіцкі храм Пастаўскага раёну стаіць у вёсцы Лучай — гэта касьцёл сьвятога Тадэвуша, пабудаваны ў стылі барокавага клясыцызму ў XVIII стагодзьдзі.
7. Вёска Друя
Браслаўскі раён, Віцебская вобласьць
Друя вядомая з 1386 году. Ляжыць на самай мяжы з Латвіяй, на беразе Дзьвіны. Тут жыве больш за 1000 жыхароў. Месца цікавае тым, што гістарычнае мястэчка ў 1990-х канчаткова разьдзялілі на два паселішчы: Друя — у Беларусі, Піедруя — у Латвіі. Паміж імі 200 мэтраў і мяжа, якая праходзіць па рацэ.
Калісьці людзі штодня плавалі праз раку без абмежаваньняў. Да таго, як Беларусь закрыла межы, трапіць з Друі ў Піедрую можна было толькі праз аўтамабільны пераход — а гэта 90 кілямэтраў.
Яшчэ адна цікавостка Друі — востраў пасярэдзіне Дзьвіны. Калісьці на ім быў пляж, дзе ўлетку адпачывала друйска-прыдруйская супольнасьць. Цяпер востраў належыць Беларусі, але каб туды трапіць, трэба браць дазвол у памежнікаў нават беларусам. Без дазволу можна дабрацца да вострава ўплаў або па лёдзе.
У наш час на востраве пасьвяць кароў: увесну прывозяць, а забіраюць увосень. Штодня гаспадары плаваюць на востраў, каб іх падаіць. Таксама туды прыяжджаюць парыбачыць. Беларускія рыбакі з вострава нават могуць перакрыквацца з латвійскімі «калегамі».
8. Вёска Росіца
Верхнядзьвінскі раён, Віцебская вобласьць
Вёска Росіца вядомая з 1552 году. Цяпер там жыве каля 250 чалавек, да вайны была амаль тысяча. Вёска вядомая праз «росіцкую трагедыю» падчас апошняй вайны.
Падчас Другой усясьветнай вайны Росіцу акупавалі фашысты. У жніўні 1942 году нямецкі гарнізон разграмілі партызаны. У адказ акупанты правялі над мірнымі жыхарамі вёскі карную апэрацыю «Зімовае чараўніцтва». Забілі 206 чалавек. Вяскоўцаў заганялі ў дамы і ў стайню і падпальвалі будынкі, некаторых расстралялі.
Разам са сьвецкімі загінулі і два каталіцкія сьвятары, якія адмовіліся пакінуць сваіх парафіянаў: ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Першага спалілі, другога застрэлілі пасьля ягоных просьбаў выратаваць дзяцей. Каталіцкі касьцёл ушаноўвае абодвух сьвятароў як блаславёных. У Росіцу езьдзяць паломніцтвы.
9. Пячора ля возера Гінькава
Глыбоцкі раён, Віцебская вобласьць
55.30457, 28.1381
На схіле возера Гінькава каля вёскі Сахнавічы Глыбоцкага раёну знаходзіцца бадай што адзіная ў краіне пячора — унікальны аб’ект для раўніннай Беларусі. У пячоры тры ўваходы, але толькі праз адзін туды можа прапаўзьці чалавек. Памеры пячоры ня надта вялікія: адзін мэтар увышкі, два мэтры ўшыркі, і цягнецца яна на некалькі мэтраў углыб. Адначасова там можа зьмясьціцца 5–7 чалавек.
10. Балота Казьяны
Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць
Казьяны складаюцца з сотняў малых азёраў. Іх форма і колькасьць асабліва ўражваюць з вышыні птушынага палёту. Увосень цёмна-сінія плямы вылучаюцца на жоўта-тэракотавым фоне. Большыя па плошчы азёры Мошна, Расалай, Красамай маюць забалочаныя берагі. Сфармаваны ледавіком рэльеф Казьянаў — комплекс верхавых балотаў, заліўных лугоў, лясоў і азёраў — знаходзіцца пад асаблівай аховай. З 1999 году тут ляндшафтны заказьнік.
11. Балота Ельня
Мёрскі раён, Віцебская вобласьць
Адно з найбуйнейшых эўрапейскіх балотаў. Апошнім часам балота Ельня набывае ўсё большую папулярнасьць. Сюды прыяжджаюць гуляць па экасьцяжыне, замаўляюць экскурсіі на выжываньне па сапраўднай дрыгве, назіраюць за птушкамі, валянтэраць на летніках, каб прыбраць сьмецьце. Мы не маглі не ўключыць гэты пункт у наш топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць на Віцебшчыне.