Міністэрства абароны Беларусі падвяло вынікі першага дня сумесных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022».
Для адпрацоўкі задач войскамі 10 лютага задзейнічалі два палігоны і дзесяць участкаў мясцовасьці:
- У Горадзенскай вобласьці на Гожаскім палігоне і ўчастку мясцовасьці ў Лідзкім раёне падразьдзяленьні беларускай мэханізаванай брыгады адпрацавалі заняцьце абарончых пазыцый, вядзеньне абарончага бою і прыкрыцьцё ад авіяўдараў.
- У Берасьцкай вобласьці на ўчастку мясцовасьці ў Пінскім раёне падразьдзяленьні сіл спэцапэрацый Узброеных сіл Беларусі правялі контрадывэрсійныя дзеяньні.
- У Баранавіцкім раёне расейская марская пяхота правяла «рэйдавыя дзеяньні», адбіла авіяўдары.
- У Лунінецкім раёне войскі вялі баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне. Зэнітна-ракетныя падразьдзяленьні УС Расеі адбілі адзіночныя і групавыя ўдары сродкаў паветранага нападу, штурмавая авіяцыя Паветрана-касмічных сіл Расеі перахапіла паветраныя цэлі.
- На Берасьцейскім палігоне выведныя групы падразьдзяленьняў беларускіх сіл спэцыяльных апэрацый і расейскіх паветрана-дэсантных войскаў шукалі раёны дыслякацыі ўмоўных незаконных узброеных фарміраваньняў. Дзеяньні адпрацоўваліся ў складзе верталётных пошукава-штурмавых груп падразьдзяленьняў сіл спэцапэрацый УС Беларусі.
- У Гомельскай вобласьці на ўчастках мясцовасьці ў Мазырскім, Рэчыцкім і Гомельскім раёнах расейскія мотастралковыя падразьдзяленьні выконвалі задачы па адбіцьці паветраных удараў праціўніка і «захаваньні жывучасьці».
- На ўчастку мясцовасьці «Палескі» ў Брагінскім раёне ракетныя і артылерыйскія падразьдзяленьні УС Расеі ўдзельнічалі ў «масіраваным агнявым удары», а таксама вялі «сыстэматычныя баявыя дзеяньні».
- У Менскай вобласьці на ўчастку мясцовасьці «Мар’іна Горка» ў Пухавіцкім раёне падразьдзяленьні беларускага і расейскага спэцназу вялі «сумесныя выведна-пошукавыя дзеяньні» з умовай «захаваныя жывучасьці і баяздольнасьці».
- У Магілёўскай вобласьці на ўчастку мясцовасьці ў Асіповіцкім раёне падразьдзяленьні рэактыўнай артылерыі арміі Расеі несьлі баявое дзяжурства і выконвалі вучэбна-баявыя задачы.
Манэўры праходзяць з 10 па 20 лютага. Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідала ў Беларусь войскі і вайсковую тэхніку, у тым ліку дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35С, штурмавікі Су-25СМ, зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыумф», комплексы «Іскандэры» і іншае ўзбраеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя зь Беларусьсю зьмянілася радыкальна». Шрайбман і Марозаў пра вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»У ЗША і краінах Эз асьцерагаюцца, што нейкая частка расейскіх войскаў застанецца ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускіх і расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што пасьля вучэньняў усе войскі вернуцца ў месцы сталай дыслякацыі.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША таксама выказаў асьцярогу, што Расея можа выкарыстоўваць войскі, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Ўкраіну з поўначы. Начальнік Генштаба ВС Беларусі Віктар Гулевіч раней паведаміў, што вучэньні «носяць абарончы характар» і не нясуць ніякай пагрозы «ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяждэпартамэнт ЗША папярэдзіў Макея пра санкцыі ў выпадку ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць УкраіныАфіцыйны прадстаўнік ведамства Нэд Прайс заявіў, што беларускія ўлады папярэджаныя аб наступствах, калі Менск нейкім чынам будзе датычны да расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Карэн Данфрыд паўтарыла папярэджаньне 3 лютага ў тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.