Памочніца дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Карэн Донфрыд у тэлефоннай размове зь беларускім міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем 3 лютага падняла тэмы, «які выклікаюць трывогу: нарошчваньне расейскіх войскаў у Беларусі і працяг парушэньняў правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі».
«Яна чарговы раз выказала заклапочанасьць ЗША наконт анансаванага Расеяй пляну прыцягнуць 30 тыс. вайскоўцаў да вучэньняў на тэрыторыі Беларусі ў сытуацыі, калі больш за 100 тысяч ужо разьмешчаныя на мяжы Расеі і Ўкраіны, — гаворыцца на старонцы бюро Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі ў Twitter. — Памочніца дзяржсакратара Донфрыд падкрэсьліла, што Беларусь сутыкнецца з тымі ж наступствамі, што і Расея, калі стане часткай пляну далейшага ўварваньня ва Ўкраіну».
«Яна таксама падкрэсьліла, што цяперашнія санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі зьяўляюцца адказам на парушэньні правоў чалавека, якія працягваюцца. Яна заклікала рэжым вызваліць больш за тысячу палітвязьняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах», — адзначана ў паведамленьні.
Прэс-служба МЗС Беларусі аб размове Макея з Донфрыд не згадвае.
Раней Дзярждэпартамэнт ЗША ўжо выказваў асьцярогу, што Расея можа выкарыстоўваць войскі, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022», для нападу на Ўкраіну з поўначы. Афіцыйны прадстаўнік ведамства Нэд Прайс заяўляў, што беларускія ўлады папярэджаныя аб наступствах, калі Менск нейкім чынам будзе датычны да расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны.
На прэс-канфэрэнцыі 3 лютага генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг заявіў, што ў Беларусі адбываецца найбуйнейшае з часоў халоднай вайны разгортваньне расейскіх войскаў.
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу ў Менску заявіў, што асноўнымі задачамі маючых адбыцца манэўраў зьяўляецца навучаньне беларускіх войскаў выкарыстаньню расейскай тэхнікі і дапамога ва ўмацаваньні мяжы з Украінай.