Упершыню з моманту атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці на Алімпіяду не паехаў трэнэр Мікалай Казека, які ўзначальвае зборную ад 1993 году. Фармальна ён і сёньня зьяўляецца галоўным трэнэрам фрыстайлістаў, але да працы са спартоўцамі яго не дапускаюць.
Казека падтрымаў патрабаваньне новых вольных выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Пасьля гэтага яго пазбавілі прэзыдэнцкай стыпэндыі, а таксама перасталі браць на зборы нацыянальнай каманды.
За сваю багатую біяграфію выхаванцы Казекі ўзялі на Алімпіядах чатыры залатыя мэдалі, адзін срэбны і два бронзавыя. Невядома, ці працягнецца гэтая тэндэнцыя ў Кітаі.
Свабода празь сяброў Мікалая Казекі даведалася, чым цяпер жыве славуты трэнэр.
«Здароўе больш-менш нармалізуецца. Уваходзіць у норму пасьля ковіду, фактычна выйшаў на дахваробны ўзровень», — расказалі суразмоўцы.
Узімку 2021 году Мікалай Казека цяжка перахварэў на каранавірус, было пашкоджана каля 80% лёгкіх, настаўнік знаходзіўся ў рэанімацыі, але здолеў перамагчы хваробу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт Алімбекавай і Солы, фрыстайл без галоўнага трэнэра, няма хакею: што чакае беларусаў на Алімпіядзе«Цяпер ён знаходзіцца ў папяровай творчасьці: робіць статыстыку, аналіз выступаў. Гаворыць, што сумуе па працы зь людзьмі. Тым ня менш паўтарае: «Пакуль мне ніхто ня можа дапамагчы, ды і ня хоча, а сам я не магу прабіць гэтую сьцяну».
Кантракт з Казекам дзейнічае да канца чэрвеня 2022 году. Трэнэр ня цешыць сябе спадзяваньнямі, што яго могуць працягнуць у будучыні.
«Гаворыць, што надзеі вельмі эфэмэрныя. Што тычыцца працы зь іншымі зборнымі, то на гэта адказвае, што, пакуль што дзейнічае кантракт зь Міністэрствам спорту, а далей — дасьць Бог дзень, дасьць і ежу», — расказваюць сябры Мікалая Іванавіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка сымпатызаваць спартоўцам, якія ўхваляюць катаваньне сваіх суайчыньнікаў», — галоўны рэдактар «Трыбуны»Ці не ўпершыню Мікалай Казека глядзіць спаборніцтвы не ўжывую, а праз тэлевізар. Сябры гавораць, што эмоцыі свае ён стрымлівае.
«Кажа: „Ці нешта зьменіцца, калі я буду перажываць?“ Разумееце, ну што ён можа зрабіць у такой сытуацыі: проста сесьці і паехаць? Каманда прасіла, пісала лісты, каб яго адправілі ў Пэкін, але ўсё марна. Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць від спорту. І ягоная думка аказалася мацнейшай за грамадзкае абурэньне».
Цяпер Казеку забаронена даваць інтэрвію і камэнтары для СМІ, хаця раней від спорту заўжды быў адкрытым для кантактаў з прэсай. Настаўнік лічыў, што добрыя стасункі з журналістамі таксама зьяўляюцца адной з цаглінак таго, што ягоны від спорту стаў такім любімым у Беларусі.
«Мікалай Іванавіч кажа, што хлопцы і дзяўчаты добра падрыхтаваныя. Калі ня будзе дурных трэнэрскіх памылак, то выступяць някепска. Каманда збалянсаваная», — спасылаюцца на словы вядомага трэнэра сябры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У спорце поўны заняпад». Лыжнік Сяргей Далідовіч — аб ад’езьдзе з Беларусі