Пра вучэньні на тэрыторыі былога палігону паведаміла лельчыцкая раённая газэта «Светлае жыццё». Выданьне папярэдзіла мясцовых жыхароў, што знаходзіцца ў зоне баявых вучэньняў небясьпечна для жыцьця. Акрамя таго, дзяржаўная газэта падкрэсьліла, што ў зоне вучэньняў «катэгарычна забараняецца збор мэталічнага лому і асабліва неразарваных набояў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы ў сьмяротнай небясьпецы». Як беларускія «раёнкі» выдаюць месцы вучэньняў на ўкраінскай мяжыЯк адзначаюць абаронцы прыроды, саюзныя вайсковыя вучэньні пройдуць на тэрыторыі, якая мае асаблівы ахоўны статус. На мапе, паказанай «Зялёным парталам», Нацыянальны парк пазначаны цёмна-зялёным колерам.
Прыродаахоўнікі сьцьвярджаюць, што вайсковыя вучэньні ў гэтым месцы «несумненна паўплываюць на флёру і фаўну Нацыянальнага парку».
Факты пра нацыянальны парк «Прыпяцкі»
- 1969. Заснаваны запаведнік.
- 1994. Запаведнік плошчай больш за 65 тысяч га перададзены ў кіраваньне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
- 1996. Рэарганізаваны ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі» з галоўным офісам у вёсцы Ляскавічы. Непадалёк — адна з рэзыдэнцыяў Лукашэнкі.
- Нацыянальны парк займаецца лясной дрэваапрацоўкай, турыстычнай дзейнасьцю, прапаноўвае паслугі паляваньня і рыбалкі.
- Плошча нацпарку — 236,6 тысячы гектараў.
- Эколягі неаднаразова адзначалі парушэньні закону з боку нацпарку. У 2010 годзе італьянскія паляўнічыя і егер палявалі на качак у пэрыяд забароны.
- Паводле ініцыятывы «Захаваем прыпяцкія дубровы», гаспадарчая дзейнасьць нацыянальнага парку пагражае зьнішчэньнем унікальных прыродных ляндшафтаў.
- У 2019 годзе парк пажадаў далучыць да сваіх угодзьдзяў возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне, трэцяе па плошчы ў Беларусі пасьля Нарачы і Асьвейскага. Мясцовыя жыхары паўсталі супраць гэтых плянаў, уладам давялося скіроўваць дэлегацыю зь Менску, каб залагодзіць канфлікт.
Вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»
З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Акрамя іх, для правядзеньня вучэньняў плянуюць выкарыстаць чатыры вайсковыя аэрадромы — у Мачулішчах, Лідзе, Баранавічах і Лунінцы. Гэтак вынікае з паведамленьняў Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.
У той жа час відавочцы паведамляюць, што зборы расейскай вайсковай тэхнікі і салдатаў заўважалі і ў іншых месцах Беларусі. Нават там, дзе вайсковых палігонаў няма і ніколі не было. Найбольш такіх паведамленьняў з Рэчыцы, што за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Паводле сьведчаньняў жыхароў гораду, расейцы ў Рэчыцы ня толькі разгружаюць зброю з чыгуначных плятформаў, але і занялі як мінімум два закінутыя заводы.
Беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы пачнуцца 10 лютага. Да іх прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама органы вайсковага кіраваньня, шэраг воінскіх частак і падразьдзяленьняў Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі. Манэўры будуць цягнуцца дзесяць дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Эўрапарлямэнту: «Лукашэнка — раб Крамля і бясьсільны слуга Пуціна»