Сьцісла:
- Гэта першая канфліктная сытуацыя паміж Менскам і Масквою за апошнія тры месяцы, якая выйшла ў публічную прастору.
- У пачатку 1990-х гадоў у беларускім грамадзтве і палітычнай клясе зьявіўся кансэнсус наконт таго, што ніколі больш беларусы не павінны ваяваць за межамі Беларусі.
- Інфармацыя пра дасыланьне беларускіх вайскоўцаў у Сырыю выглядае вельмі абразьлівай для Менску.
- Цяперашняй рэакцыяй на тэму Сырыі Лукашэнка паспрабаваў паставіць межы сваёй улады над Беларусьсю, за якія Масква не павінна заходзіць.
У канцы дня 7 лютага расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости» паведаміла, што прэм’ер Расеі Міхаіл Мішусьцін даручыў Міністэрству абароны і Міністэрству замежных спраў РФ правесьці перамовы і падпісаць зь Беларусьсю пагадненьне аб накіраваньні беларускіх вайскоўцаў у Сырыю. Больш за тое, распараджэньне Мішусьціна апублікавалі на афіцыйным расейскім інтэрнэт-партале прававой інфармацыі. Там, дарэчы адзначаецца, што праект дакумэнту папярэдне прапрацаваны зь Беларусьсю.
З раніцы 8 лютага Лукашэнка пасьпяшаўся зьняпраўдзіць гэтую інфармацыю: «Учора чарговы фэйк, што нібыта расейскі ўрад прыняў рашэньне ці ледзь не паслаць нашых вайскоўцаў у Сырыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што паводле цяперашніх законаў гэта немагчыма без прэзыдэнта. Але я нікога туды не пасылаў».
Дзіўна, што фэйкам Лукашэнка назваў не інфармацыю пра папярэдняе ўзгадненьне зь Беларусьсю гэтага рашэньня, а сам афіцыйны дакумэнт ураду РФ. Што сьведчыць пра ягоны эмацыйны стан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў навіну пра адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Сырыю фэйкамУ любым выпадку гэта першая канфліктная сытуацыя паміж Менскам і Масквою за апошнія тры месяцы, якая выйшла ў публічную плашчыню. Апошні раз гэта было ў лістападзе мінулага году, калі Пуцін заклікаў Лукашэнку «да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй».
Чаму Лукашэнка абурыўся гэтым інцыдэнтам? Бо ён закрануў вельмі балючую для беларускага грамадзтва тэму ўдзелу беларусаў у ваенных канфліктах далёка за межамі краіны.
Справа ў тым, што пасьля распаду СССР у беларускім грамадзтве зьявіўся моцны «афганскі сындром». Каля 30 тысяч беларусаў удзельнічала ў вайне ў Афганістане. За дзевяць ваенных гадоў Беларусь страціла там больш за 770 чалавек. Тая вайна яшчэ ў савецкія часы была фактычна афіцыйна прызнаная палітычнай памылкай. У пачатку 1990-х гадоў у беларускім грамадзтве і палітычнай клясе зьявіўся кансэнсус наконт таго, што ніколі больш беларусы не павінны ваяваць за межамі Беларусі, тым больш з мала зразумелымі мэтамі, далёкімі ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
А вось апошнім часам Лукашэнка парушыў гэты кансэнсус. Толькі што беларускі вайсковы кантынгент быў задзейнічаны ў апэрацыі ў Казахстане. Мінулым тыднем у інтэрвію Ўладзіміру Салаўёву Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны, калі пачнецца канфлікт на Данбасе. І вось Сырыя. Няхай нават гаворка ідзе пра міратворчую місію.
Пасьля жніўня 2020 году Лукашэнка перастаў гуляць у папулізм. То бок яму цяпер па вялікім рахунку ўсё роўна, што пра яго думае народ. Галоўнае, каб баяліся. Пад беларускім грамадзтвам ён цяпер разумее толькі сваіх прыхільнікаў.
Аднак праблема ў тым, што ўдзел Беларусі ў чужых войнах непапулярны і ў асяродзьдзі прыхільнікаў Лукашэнкі. Невыпадкова, пасьля ягонага выступу з пасланьнем, першым пытаньнем стала пытаньне жанчыны з Магілёва аб тым, ці давядзецца ёй пасылаць сваіх сыноў на вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх вайскоўцаў маюць адправіць у СырыюТым больш што інфармацыя пра адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Сырыю выглядае вельмі абразьлівай. Высьветлілася, што гэтае пытаньне вырашае ўрад Расеі. Ён дае даручэньне, якое павінна выконваць кіраўніцтва Беларусі. Што застаецца ад беларускага сувэрэнітэту? І ці зьяўляецца Лукашэнка ўсё яшчэ кіраўніком Беларусі?
Варта заўважыць, як Лукашэнка апраўдваўся за адпраўку беларускага вайсковага кантынгенту ў Казахстан. Сам прыехаў у аэрапорт сустракаць іх па вяртаньні і некалькі разоў пра гэта згадваў.
Думаю, вельмі неспрыяльнае ўражаньне на беларусаў зрабіла інфармацыя аб магчымым удзеле Беларусі ў вайне з Украінай. Тым больш што гэтаму спадарожнічала вельмі няўклюднае прапагандысцкае абгрунтаваньне. Маўляў, Украіна хоча пачаць вайну зь Беларусьсю (!?).
Ва ўсёй гэтай гісторыі з прыбыцьцём расейскіх войскаў на беларускую тэрыторыю, на тле інфармацыі пра магчымасьць вайны з Украінай Лукашэнка выглядаў, як марыянэтка Расеі, як закамуфляваны прэсавы сакратар Пуціна. Ён гэта адчувае, але ня ў стане выскачыць з той каляіны, у якую трапіў, упісаўшыся ў геапалітычны канфлікт Расеі з Захадам.
На гэтым тле інфармацыю з Расеі пра пасылку беларускіх войскаў у Сырыю стала апошняй кропляй. То бок высьвятляецца, што ня толькі Захад ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі, але ўжо і Расея дэ-факта не прызнае яго беларускі кіраўніком. Адсюль такая рэакцыя.
Цяперашняй заявай на тэму Сырыі ён паспрабаваў паставіць межы сваёй улады над Беларусьсю, за якія Масква не павінна заходзіць.
І нарэшце пра пазыцыю Расеі. Масква, карыстаючыся слабасьцю Беларусі, імкнецца ўключыць яе ў свае амбіцыйныя замежнапалітычныя авантуры: Казахстан, Украіна, цяпер Сырыя. Ня думаю, што была нейкая наўмысная спроба прынізіць Лукашэнку, паказаць яму ягонае месца. Мяркую, была нейкая размова на сырыйскую тэму паміж ім і Пуціным. А стылістыка гаворкі Лукашэнка такая супярэчлівая, што ў адной фразе ён можа выказаць супрацьлеглыя думкі. І Пуцін яго зразумеў так, як выгадна Расеі. А далей пачалася бюракратычная працэдура, якая нечакана вылілася ў такі скандал. Не ўпершыню.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.