Лукашэнка выказаўся наконт адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Сырыю. Адпаведную заяву ён зрабіў на сустрэчы з Саветам бясьпекі, паведамляе БелТА.
«Учора чарговы фэйк, што нібыта расейскі ўрад прыняў рашэньне ледзь не паслаць нашых вайскоўцаў у Сырыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што па цяперашніх законах гэта немагчыма без прэзыдэнта. Але я нікога туды не пасылаў. Адзінае, пра што ішла гаворка (даўно-даўно яна ідзе), сырыйскі кіраўнік, урад Сырыі папрасілі нас лекарамі дапамагчы. Я кажу: добра, калі хтосьці захоча паехаць з нашых лекараў, першым чынам вайскоўцаў, яны паедуць, але не цяпер. Таму што ў нас сваіх цяпер праблем вышэй даху. Яшчэ гэтая пандэмія так званая ня скончылася», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка дадаў, што гаворка ішла аб падтрымцы.
«З урадам Расеі ішла размова, калі мы будзем кагосьці туды пасылаць, каб Расея нас падтрымала. Калі нейкі шпіталь, пажадана, каб мы з расіянамі працавалі, у іх вялікі досьвед. Вось і ўсё пытаньне», — рэзюмаваў Аляксандар Лукашэнка.
Напярэдадні ТАСС паведаміў, што ўрад Расейскай Фэдэрацыі ўхваліў праект пагадненьня аб разьмяшчэньні гуманітарнага вайсковага кантынгенту Беларусі ў Сырыі.
Журналісты паведамілі аб адпраўцы вайсковага гуманітарнага кантынгенту зь Беларусі ў Сырыю са спасылкай на пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю, апублікаванае на афіцыйным расейскім партале.