Сэрыял «Акрэсьціна» — гэта сумесны прадукт рэжысэра Андрэя Курэйчыка і мэдыйнага праекту «Маланка». «„Акрэсьціна“ стала зборным вобразам зла і несправядлівасьці», — гаварылася ў анонсах да здымак. Фільм павінен апавесьці гісторыі палітвязьняў, якія прайшлі праз катаваньні беларускіх турмаў.
На ўсе прэтэнзіі рэжысэр фільму Андрэй Курэйчык адказаў у інтэрвію Свабодзе.
— Вы чакалі такой бурнай рэакцыі пасьля публікацыі тызэра сэрыялу?
— Тут ёсьць некалькі момантаў. Тызэру няма ніякага. Мы маем справы з рэпартажам «Маланкі» са здымак. То бок гэта здымаў іх апэратар пра тое, як мы здымаем кіно. Там няма ніводнага кадра з камэры, зь якой здымаецца кіно. Там няма нічога майго. Проста ў той дзень на пляцоўку пад’ехаў апэратар Макс, каб зрабіць журналісцкі рэпартаж.
Мне цяжка за ўсё гэта адказваць, ніводзін кадар з гэтага відэа ня ўвойдзе ў кіно. Людзі падумалі, што гэта і ёсьць кіно, але гэта не кіно. Я цяпер увесь у здымках, у мяне няма няма часу і сілаў займацца нейкай тлумачальнай працай. Калі мы адздымем усё, то змантуем тызэр, потым трэйлер і нарэшце прадставім саму стужку. Так адбываецца працэс у кіно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Філёзафу месца ў палітыцы». Хто такі Ўладзімер Мацкевіч, які пачаў галадоўкуМы не пускаем СМІ на пляцоўку. Справа ў тым, што ў нас уся група — гэта беларусы. У кагосьці ў Беларусі сем’і, хтосьці сам адтуль прыехаў зь вялікімі прыгодамі, і ім вяртацца яшчэ туды. Ёсьць дакладныя інструкцыі, каго можна паказваць, каго — не. Хто пад псэўданімам, хто так, хто сяк. Пляцоўка ў нас закрытая, там не было ніводнага СМІ, апроч «Маланкі». Справа ў тым, што «Маланка» — супрадусар і суарганізатар усяго гэтага праекту.
Я нават ня ведаў, што ролік апублікавалі. Яны мне потым скінулі і папрасілі зьмясьціць на маёй старонцы. У выніку атрымаў больш за ўсіх трындзюлёў. Нібыта я маю дачыненьне нейкае да мантажу гэтага роліка. Але Бог зь ім. Рэальны тызэр зьявіцца празь месяц-паўтара.
— Усіх хвалюе тэма расстрэлу на Акрэсьціна. Такая сцэна сапраўды была?
— Так, ёсьць. Ёсьць такая сцэна. Але я адразу ўсіх супакою — гэта кашмарны сон аднаго з герояў. Я ня буду больш спойлерыць, але так бывае, што ў турме табе сьняцца кашмары. Мне расказваў адзін чалавек, як яму сьнілася, што дэманстрацыю, у якой ён браў удзел, расстралялі. Я ня буду гаварыць усіх падрабязнасьцяў, але вырашыў гэта ўзнавіць.
Я не хачу апраўдвацца — гэта ж кіно, і сэнс кіно — расказваць ня толькі навіны, але і эмоцыі, перажываньні, вобразы. Так, аднаму з герояў сьнілася, што ён гіне ў зьняволеньні. Але ўсё зьнята ня так, як гэта паказана ў роліку. Кінакамэра зусім па-іншаму паказвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Райкін стаў голасам Ашурка. 9 сьнежня прэзэнтавалі фільм Курэйчыка «Галасы новай Беларусі». ВІДЭА
— Літаратарка Ганна Севярынец напісала пытаньне: ці не замала часу прайшло для асэнсаваньня ўсіх гэтых падзей?
— Гэта сур’ёзнае пытаньне. Пра расстрэл — гэта непаразуменьне, а тут прынцыпова. Я лічу, што якраз наадварот. Мне цікавыя фільмы пра Другую сусьветную вайну, калі яны зьнятыя відавочцамі падзей. Мне фільмы цяперашнія «Беларусьфільма» пра вайну зусім не цікавыя. Мне цікавыя Калатозаў, Ром, Быкаў. Зь літаратуры цікавыя Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч. Тыя, хто тварыў па гарачых сьлядах, а ня хто цяпер робіць. Важна, каб памяць трымала ўсе дэталі і ты мог іх зафіксаваць. Празь пяць гадоў — гэта будзе легенда проста, дзе кожны будзе хлусіць столькі, на колькі ў яго хопіць сілаў.
У нас кансультантам быў кубінец Рабэрта, які адседзеў год, ён усё ведае. Было шмат кансультантаў зь Менску.
— А хто яшчэ кансультаваў?
— У нас палова каманды сядзела. Палова артыстаў. Сядзеў Паша Гарадніцкі, які выконвае галоўную ролю. Андрэй Ткачоў, у яго адна з галоўных роляў. Куча людзей. Такое ўражаньне, што ў нас збор рэцыдывістаў.
— Тое, што вы не сядзелі, не замінае?
— Ня моцна. Чаму? Бо мы цудоўна разумеем: калі б я сядзеў, то расказаў бы ўласную гісторыю, а не падзяліўся досьведам іншых. У мяне задача — адлюстраваць палітру людзей, якія трапілі і на Акрэсціна, і на «Валадарку», і ў «Амэрыканку», і ў Жодзіна. У людзей гісторыі адбываліся ў розных месцах. Нельга апісваць гісторыю людзей, якія сядзелі толькі на сутках, бо ёсьць Бабарыка, Ціханоўскі, Статкевіч, Калесьнікава, Лосік з галадоўкай, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вітольд Ашурак, Сьцяпан Латыпаў. Пра ўсіх трэба расказаць. Таму наша сэрыяльная турма — гэта зборны аб’ект.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыве Беларусь назаўсёды!». Лія Ахеджакава пра беларускае шчасьце, адплату і спробы забраць у яе званьне народнай артысткі
— У роліку ёсьць пэрсанаж, вельмі падобны да Сяргея Ціханоўскага. То бок рэальныя асобы таксама будуць сярод герояў сэрыялу?
— Вядома, будуць. А як інакш пра гэта расказаць? У мяне няма задачы здымаць біяграфічнае кіно пра Ціханоўскага ці Знака, але яны праходзілі па гэтых калідорах, сядзяць у суседніх камэрах. У любым беларускім СІЗА заўжды сядзіць некалькі ВІПаў.
— Хто мэтавая аўдыторыя фільму?
— Дзьве задачы ёсьць. Безумоўна, гэта беларусы гэтага пакаленьня і наступнага. Пра наступнае — гэта тыя, што празь дзесяць гадоў усё будуць успрымаць, як мы сёньня 2010 год, з дыстанцыі. Другое — мы хочам паказаць міжнароднай аўдыторыі, што ў Беларусі сёньня ГУЛАГ. Ёсьць людзі, як Саша Васілевіч, якія паўтара года праводзяць проста ў СІЗА, яны нават не вінаватыя яшчэ, і зь іх зьдзекуюцца больш, чым у калёніях.
Сусьветны парадак дня ад Беларусі адыходзіць — там то напад на Ўкраіну, то Афганістан, то омікрон. Мы спадзяёмся, што нават праз сэрыял пакажам, што адбываецца ў Беларусі. Час дабівацца рэальнага вызваленьня палітвязьняў. Людзі атрымалі па 10, 15, 18 гадоў. Гэта неадэкватна.
— У камэнтах шмат пішуць пра «хайпажорства», «амаральнасьць», «выродзтва». Вас гэта чапляе — ці гэта, наадварот, дадае фільму рэклямы?
— Не чапляе. Думаю, дадае. У мяне задача, каб яго паглядзелі максымум людзей. Я рэжысэр, я ня ўмею рабіць іншага, таму здымаю кіно і дапамагаю палітвязьням гэтым.
Яшчэ мы дапамагаем беларускай кінагрупе, якая ня можа знайсьці працы. Артысты ня могуць граць на літоўскай, польскай мове. Мне нават сорамна казаць, як беларускія артысты цяпер зарабляюць. Я хачу падтрымаць іх, іхныя сем’і, выкінутых з прафэсіі людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігі, спэктаклі, фільмы. Што ўжо можна паглядзець і прачытаць пра беларускую рэвалюцыю
— Яшчэ Ганна Севярынец уздымае пытаньне: ці адчувае творца, то бок вы, адказнасьць за асэнсаваньне той трагедыі, якая адбываецца сёньня ў Беларусі?
— Вядома, у гэтым і сэнс маёй працы. Я раблю мастацкае абагульненьне. Паказваю нэрву, боль. У адрозьненьні ад навінаў, якія часта страшныя, але проста інфармацыя, мастацтва працуе з эмоцыямі людзей. І мая задача, каб гэтая рана не зарастала, пакуль людзі сядзяць. Яе трэба ўвесь час кранаць. Мы павінны разумець, што нельга супакоіцца, пакуль за гэтымі сьценамі такі аб’ём пакутаў.
Ганну гэта моцна ўкалола, зачапіла, і я лічу, што гэта плюс. Грамадзтва павінна пра гэта ўвесь час гаварыць. А ў фэйсбуку зьніклі допісы пра палітвязьняў. Калі яны зьявяцца праз такое абмеркаваньне, то буду рады.
Мастацкія вартасьці мы абмяркуем, калі фільм выйдзе. Пакуль мы абмяркоўваем тэму, а яна вельмі важная.
— Абураюцца ня толькі прыхільнікі перамен, але і Азаронак.
— Няхай бамбіць. Гэта будзе мэгабомба ва ўсіх сэнсах. Гэта першае ўскрыцьцё гэтай раны нашай турэмнай сыстэмы. Гэта будзе сур’ёзна. Я рады, што дыскусіі ўзьнікаюць. Грамадзтва не павінна самасупакоіцца. Пятнаццаць гадоў далі? Ну ладна! Неяк перажывём у Вільні ці ў Менску. Так не павінна быць.
— Беларуская мова будзе ў фільме?
— Так, будзе. Не скажу як, але будзе.
— Калі чакаць выніку?
— Трэйлер зьявіцца цягам месяца. А сам фільм — праз два-тры месяцы, калі ўсё добра. Праблем хапала: і омікрон, і людзі зь Беларусі ехалі.
— Чаму выбралі форму сэрыялу?
— Каб болей гісторый расказаць. Колькі ў нас будзе рэсурсу зрабіць гісторый, столькі і раскажам.