Кіраўніцтва раённай лякарні, дзе яна працавала, выдала ёй так званы «воўчы білет» — характарыстыку, зь якой практычна немагчыма ўладкавацца ў мэдычныя ўстановы Беларусі. Празь некаторы час характарыстыку зьмянілі на нэўтральную.
Чаму так адбылося і як звальняюць «нядобранадзейных» мэдыкаў; як мэдработнікі спрабуюць пазьбегнуць звальненьня паводле сьпісаў; у якіх умовах яны вымушаныя цяпер працаваць, лекарка расказала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці. Рэдакцыі вядома імя доктаркі і месца ейнай былой працы.
«Галоўная доктарка цьвердзіла, што нельга быць у складзе незалежнага прафсаюзу»
Летам 2020 году Алена ўступіла ў незалежны прафсаюз мэдыкаў «Панацэя». Празь некаторы час нейкім чынам сьпісы ўсіх сяброў прафсаюзу трапілі да галоўных дактароў мэдычных установаў. Для Алены гэта стала падставай, каб ёй не падоўжылі кантракт.
— У мяне была размова пра гэта з галоўным доктарам. Яна цьвердзіла, што нельга быць у складзе незалежнага прафсаюзу. На што я адказала, што мае палітычныя погляды — па-за маім працоўным часам і не павінны тычыцца кіраўніцтва. Але яна нейкім чынам зьвязала палітычныя погляды з уступленьнем у незалежны прафсаюз. Спачатку мне здалося, што мы дамовіліся, што на працоўным месцы я займаюся працай, а ніякай не «прапагандай». Мне сьмешна стала ад гэтага слова, якое яна выкарыстала. Я дзіцячы доктар, якая прапаганда можа быць маленькім дзецям? Я займалася сваёй працай — лячэньнем дзяцей, дыягностыкай, суправаджэньнем.
Калі Алене не працягнулі кантракт, яна атрымала ад кіраўніцтва ўстановы вельмі кепскую характарыстыку.
— Каб далей уладкавацца на іншае працоўнае месца, патрэбна характарыстыка. У характарыстыцы мне напісалі ня толькі пра сяброўства ў незалежным прафсаюзе, але і пра тое, што я парушала нормы мэдычнай дэанталёгіі (этыкі, зносін з пацыентамі, камунікацыі дактароў паміж сабой, мэдычную тайну). Мяне вельмі засмуціла гэтая характарыстыка, бо яна абсалютна не адпавядала рэчаіснасьці. Прафсаюз называйце, але навошта ўсё астатняе? Калі я атрымала дрэнную характарыстыку, на мяне накінулася маці. Гаварыла, навошта трэба было высоўвацца, «у цябе трое дзяцей, думай пра сябе». Гэта таксама цісьне. З аднаго боку, хочацца, каб людзі разумелі, што адбываецца ў сыстэме аховы здароўя. А тут яшчэ трэба думаць пра тое, як ня трапіць у сьпісы, як захаваць характарыстыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто будзе лячыць? Дактары — пра звальненьні мэдыкаў паводле сьпісаў спэцслужбаў«Які б ні быў дэфіцыт кадраў, гэта не хвалюе: дактары былі проста няўгодныя»
Спадарыня Алена вырашыла дамагчыся справядлівасьці — зьвярталася да кіраўніцтва, калегаў, мэдычных начальнікаў.
— Сказала галоўнаму доктару, што характарыстыка непраўдзівая, пагражала, што ў суд буду падаваць, званіла ў абласное ўпраўленьне аховы здароўя. Там мне сказалі, што нельга ўступаць у незалежны прафсаюз. І так атрымалася, што ў выніку праз тыдзень галоўная доктарка выправіла характарыстыку. Цяпер у мяне ня вельмі добрая характарыстыка, але і не такая жахлівая, як была спачатку.
Запыталіся лекарку, ці не зьвязвае яна выпраўленьне характарыстыкі з тым, што цяпер моцная хваля каранавірусу і ў краіне не хапае мэдыкаў, таму паступіла ўстаноўка, каб «нядобранадзейныя лекары» усё ж маглі працаваць па спэцыяльнасьці.
— Я ня думаю. У нас за год звольнілі чатырох дактароў. Гэта зусім не вялікая раённая лякарня. Звольнілі вельмі патрэбных і каштоўных дактароў — тэрапэўта, хірурга, лора, эндакрыноляга і цяпер мяне, пэдыятра. Які б ні быў дэфіцыт кадраў, гэта нікога не хвалюе. Дактары былі проста няўгодныя.
Алена кажа, што галоўная доктарка лякарні, дзе яна працавала, шчыра верыць у недатыкальнасьць і што «мы ўсе прадажныя».
— Яна ад усёй душы мае непрыязь да лекараў, якія займаюць іншую палітычную пазыцыю. Я думаю, што менавіта таму яна працуе і будзе працаваць, нягледзячы на вялікую колькасьць скаргаў пацыентаў. Яна вельмі ляяльная і вельмі ідэйная. Яна па-свойму добрая: лічыць, што я зусім ня мела рацыі, але я яе папрасіла — і яна мне саступіла, увайшла ў маё становішча. Наўрад ці яна кіравалася думкамі пра складаную сытуацыю з дактарамі ў краіне. Яе і дагэтуль не цікавіў дэфіцыт кадраў ва ўласнай лякарні, чаму яе будзе хваляваць дэфіцыт кадраў у краіне?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паехаў безь сям’і, бо ў аднаго надзея на вяртаньне мацнейшая». Звольнены ў Беларусі доктар апавядае пра жыцьцё і працу ў КіевеЯк мэдыкі спрабуюць пазьбегнуць звальненьня паводле сьпісаў спэцслужбаў
Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі каля 10 тысяч вакансій для мэдычных работнікаў на афіцыйных сайтах. Спадарыня Алена кажа, што дактароў заўсёды бракавала, а цяпер іх вельмі проста звальняюць ці не падаўжаюць кантракты. Цяпер у вельмі многіх лекараў праблемы з працаўладкаваньнем. Мэдыкі паміж сабой у розных чатах абменьваюцца інфармацыяй і парадамі, што можна зрабіць у такой сытуацыі.
— Мы абменьваемся інфармацыяй. Напрыклад, пра тое, што галоўны доктар нейкай раённай лякарні бярэ на працу нават з дрэннымі характарыстыкамі. Ёсьць розныя лайфхакі. Напрыклад, ты ведаеш, што цябе ўключаць у сьпісы, а сьпісы ідуць доўга да галоўных дактароў... Калі затрымлівалі ў жніўні, то дактары пасьпяваюць звольніцца і ўладкавацца ў іншым месцы. А сьпісы прыходзяць на старое месца працы, і галоўны доктар адказвае, што гэты чалавек звольнены і невядома, дзе цяпер. Так лекары стараюцца «згубіцца», каб «чорныя сьпісы» засталіся на старым месцы працы, а яны з больш-менш «чыстай» характарыстыкай «уцяклі» на новае месца.
Якім чынам у новай характарыстыцы ў спадарыні Алены пазначаны пункт аб ляяльнасьці да ўлады?
— У мяне нэўтральная характарыстыка, там мяне ня хваляць, але напісана, што скаргаў ад пацыентаў не было, адміністрацыйных спагнаньняў не было. А ў пункце пра стаўленьне да ўлады, канстытуцыйнага ладу напісана «невядома». Наколькі я ведаю, у большасьці аддзелаў кадраў гэта стандартная фраза.
Доктарка гаворыць пра вялікі дэфіцыт кадраў на былым працоўным месцы. Калегі не спраўляюцца, абяцаюць, што будуць настойваць, каб яе вярнулі на працу. Але цяпер спадарыня Алена будзе спрабаваць уладкавацца на працу ў іншую лякарню.
— Там стацыянар, шпіталь больш высокага ўзроўню. Мяне нібыта бралі, але цяпер невядома, ці возьмуць. Чакаю адказу, я ў падвешаным стане. Я разумею, што я добры спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закрываюць установы і звальняюць мэдыкаў тыя, хто не стварыў нічога». Інтэрвію з былым міністрам аховы здароўя ЗелянкевічамЧаму мэдыкі ўступалі ў незалежны прафсаюз
Заробак у Алены быў, паводле яе, нядрэнны. 600-700 даляраў у эквіваленце — прэміі за перапрацоўку, паўтары стаўкі. Сама стаўка меншая за 200 даляраў. Яна вырашыла ўступіць у незалежны прафсаюз з прычыны вельмі цяжкіх умоваў працы.
— Не выконваюцца нарматывы. Доктар павінен за дзень наведваць 10 пацыентаў дома, а на прыёме па 10-12-15 хвілінаў на чалавека павінна быць. 12 хвілінаў — на дыспансэрны ўлік, пацыент да 3 гадоў — 15 хвілінаў. Ёсьць пэўныя часавыя стандарты на прыём пацыентаў. І ў нас нават паводле запісу пацыенты — кожныя 5 хвілінаў. Гэта ненармальна. Нібыта маем паўтары стаўкі, але працуем за траіх і чацьвярых.
Такая праца вельмі нэгатыўна адбіваецца на якасьці мэдычнай дапамогі, перакананая доктарка.
— У канвэеры па 80 пацыентаў на дзень. Да мяне прыходзіць пацыент і кажа, што быў у мяне пазаўчора, а яго ня памятаю! Гэта ненармальна. Я павінна памятаць пацыента, яго хваробу, як ён сябе адчуваў. Але з такой колькасьцю пацыентаў гэта немагчыма запомніць. І, каб захаваць якасьць мэдычнай дапамогі, трэба, каб быў кантроль за колькасьцю лекараў і пацыентаў, за часам на працы. У нас на паперы штат укамплектаваны, а дзьве траціны — гэта дзяўчаты на разьмеркаваньні, якія знаходзяцца ў дэкрэце. Так паўсюль адбываецца: прыяжджаюць па разьмеркаваньні, крыху папрацуюць — і ідуць у дэкрэт на тры гады. І штат імі запоўнены! І вельмі цяжка працаваць у такой сытуацыі. Я ішла ў прафсаюз, каб абараняць свае прафэсійныя правы і абавязкі. Справа нават не ў палітыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З 2018 году стаю ў чарзе». Ці адчуваецца ў Беларусі недахоп мэдыкаў? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела паглядзець, наколькі сыстэма зможа сабе стрэліць у нагу». Лекарка мяркуе, што яе звальняюць «за палітыку» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы галоўны лекар Максім Ачарэтні расказаў пра падрыхтаваныя сьпісы на звальненьне лекараў, якія не даспадобы ўладам, і новую працу ў Адэсе