Як пандэмія і рэпрэсіі зьмянілі жыцьцё хворых на рак у Беларусі

Дасьледаваньне на ракавыя клеткі. Ілюстрацыйнае фота

4 лютага, у Сусьветны дзень барацьбы з анкалягічнымі хваробамі, гутарым з анколягам Надзяй Пятроўскай пра актуальную сытуацыю ў Беларусі, пра тое, як пандэмія і рэпрэсіі зьмянілі жыцьцё хворых на рак у Беларусі.

Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, дзе працуе анколягам у мясцовым шпіталі.

Сьцісла

  • У сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі і адтокам кваліфікаваных кадраў, пераразьмеркаваньнем нагрузкі на пэрсанал, ковіднымі абмежаваньнямі якасьць дапамогі анкапацыентам зьнізілася, а праграмы раньняга выяўленьня анкапаталёгіі працуюць хутчэй фармальна.
  • Рак лёгкага, рак кішэчніка і рак малочнай залозы займаюць вядучыя пазыцыі ва ўсім сьвеце. Гэта «хваробы ладу жыцьця», як і сардэчна-сасудзістыя захворваньні.
  • Заключэньне пад варту з палітычных матываў анкапацыента і абмежаваньне доступу да спэцыялізаванай дапамогі — вельмі вытанчанае катаваньне.
  • Вакцынавацца варта ўсім, а асабліва пацыентам з анказахворваньнем. Ёсьць нешматлікая група пацыентаў, у якіх карысьць ад вакцынацыі не даказаная. Гэта пацыенты пасьля трансплянтацыі касьцявога мозгу і пацыенты, якія атрымліваюць імунатэрапію.


«У пэрыяд палітычнага крызісу энтузіязму аказалася недастаткова для падтрыманьня наладжанай працы»

— Кожны можа захварэць на рак. Гэта зьвязана з паляпшэньнем узроўню дыягностыкі і павелічэньнем працягласьці жыцьця. Апошнім часам да гэтых двух фактараў дадаліся пандэмія і татальныя рэпрэсіі ў Беларусі. Давайце пачнём з рэпрэсій. Якая тут сувязь з анкалягічнымі хваробамі?

Надзея Пятроўская

— Безумоўна, службай анкалягічнай дапамогі ў Беларусі можна было ганарыцца. Выбудоўвалася яна доўга і старанна з прымяненьнем досьведу заходніх і расейскіх калегаў на падставе сумленнай і адкрытай статыстыкі анказахворваньняў у краіне. У сыстэму анкалягічнай дапамогі актыўна «ўкладалася» дзяржава, і функцыянавала яна ня толькі на энтузіязьме асобных кіраўнікоў і камандаў, але і на прадуманым мэнэджмэнце.

У пэрыяд палітычнага крызісу, калі кардынальна зьмяніліся прыярытэты кіраваньня, энтузіязму аказалася недастаткова для падтрыманьня наладжанай працы. У сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі і ўсё большым адтокам кваліфікаваных кадраў з мэдычнай галіны, пераразьмеркаваньнем нагрузкі на пэрсанал, абмежаваньнямі, абумоўленымі пандэміяй COVID-19, якасьць аказаньня дапамогі анкапацыентам зьнізілася, а праграмы раньняга выяўленьня анкапаталёгіі працуюць хутчэй фармальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настроены аптымістычна». У Рыгора Кастусёва пацьвердзілі анкалягічны дыягназ

— Якая ў такіх умовах павінна быць прафіляктыка? Якія дзеяньні, дасьледаваньні магчыма рабіць нават у такіх умовах?

— Роля грамадзкай сыстэмы аховы здароўя ў папярэджаньні анкалягічных захворваньняў далёка ня самая галоўная. Лад жыцьця дарослых і фармаваньне звычак, накіраваных на здаровы лад жыцьця ў дзяцей, — гэта адказнасьць саміх людзей. Вядома, для раньняга выяўленьня анкапаталёгіі і якаснага лячэньня важна зладжаная супраца розных зьвёнаў сыстэмы аховы здароўя і пацыентаў. Для разьвіцьця неабходныя навуковыя дасьледаваньні, а для творчасьці важная свабода і сумленнасьць. Цяпер, у існуючых умовах, гэта як «прайсьці праз вушка іголкі». Тымі, у каго атрымліваецца прасоўваць навуку і разьвіваць ахову здароўя, я не стамляюся захапляцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне выратавала хвароба». Як гарадзенку з анкалёгіяй асудзілі за счэпку разам з дачкой. ВІДЭА

— Як выглядае Беларусь у сьвеце паводле ўзроўню разьвіцьця анкалёгіі, што ў нас нароўні з разьвітымі краінамі, у чым адстаём?

— На прыкладзе Чэхіі, дзе я цяпер працую, магу сказаць, што тут даступныя самыя перадавыя тэхналёгіі ў дыягностыцы і лячэньні анказахворваньняў на ўзроўні абласных цэнтраў, а ў Беларусі такія магчымасьці ёсьць толькі ў галаўных установах і навукова-практычных цэнтрах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьведчыць аб маштабнасьці гэтых асобаў і іх прынцыповасьці». Чаму забралі дзяржпрэміі ў вядучых анколягаў

«На сёньняшні дзень слабое месца — адсутнасьць выбару вакцынаў»

— Якія анкахваробы тыповыя для беларусаў?

— Статыстыкай анказахворваньняў у Беларусі за апошнія пару гадоў я не валодаю, але ня думаю, што яна істотна адрозьніваецца ад сусьветнай. Рак лёгкага, рак кішэчніка і рак малочнай залозы займаюць лідзіруючыя пазыцыі ва ўсім сьвеце. Гэта «хваробы ладу жыцьця», роўна як і сардэчна-сасудзістыя захворваньні. Таму яшчэ раз падкрэсьлю важнасьць сьвядомага стаўленьня да свайго здароўя.

— Як пандэмія паўплывала на анкадапамогу ў Беларусі?

— На сёньняшні дзень слабыя месцы — адсутнасьць выбару вакцынаў, дэфіцыт супрацьвірусных прэпаратаў (Ремдэсівір / Веклуры), інгібітараў JAK-кіназ (Барыцыцініб) і монакланальных антыцелаў, якія выкарыстоўваюцца ў пацыентаў з высокай рызыкай цяжкага цячэньня каранавіруснай інфэкцыі. Анкапацыенты адносяцца якраз да гэтай катэгорыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анколяг тлумачыць, чаму хворым на рак трэба рабіць вакцыну супраць каранавірусу ў першую чаргу

«Работнікам пэнітэнцыярных устаноў трэба памятаць, што катаваньне — гэта злачынства супраць чалавечнасьці, у якога няма тэрміну даўнасьці»

— Вельмі важная тэма — анкалягічная дапамога за кратамі, яе даступнасьць, своечасовая дыягностыка. Ёсьць дзясяткі выпадкаў хворых за кратамі, якія ня могуць атрымаць найперш дыягностыку і, адпаведна, дапамогу... Як гэта адбывалася раней і як можна кваліфікаваць неаказаньне анкалягічнай дапамогі зьняволеным?

— Захаваньне мінімальных стандартаў утрыманьня зьняволеных — гэта гуманітарная канцэпцыя, прапісаная ў Правілах Нэльсана Мандэлы (паводле іх дзяржава мае абавязак прадстаўляць зьняволеным мэдыка-санітарнае абслугоўваньне, а адносіны паміж мэдычнымі спэцыялістамі і зьняволенымі павінны рэгулявацца тымі ж этычнымі і прафэсійнымі стандартамі, якія прымяняюцца да пацыентаў у грамадзтве) і ў Хэльсынскай Дэклярацыі. Усё, што тычыцца правоў чалавека, цяпер трактуецца дзейнай уладай як экстрэмізм. Заключэньне пад варту з палітычных матываў онкапацыента і абмежаваньне доступу да спэцыялізаванай дапамогі — гэта вельмі вытанчанае катаваньне. Работнікам пэнітэнцыярных устаноў трэба памятаць, што катаваньне — гэта злачынства супраць чалавечнасьці, у якога няма тэрміну даўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зона — тая самая дзяржава». Палітвязень з анкалягічнай хваробай Аляксей Раманаў шчыра расказвае пра жыцьцё ў калёніі

«Першае, чаго б я пажадала б дзеля папярэджаньня сур’ёзных захворваньняў, у тым ліку анкалягічных, — гэта перастаць баяцца»

— У Беларусі новая хваля каранавірусу. Чаму анкахворым варта рабіць прышчэпку ад ковіду найперш? Як пераносяць анкахворыя каранавірус?

— Вакцынавацца варта ўсім, а асабліва пацыентам з анказахворваньнем. Ёсьць нешматлікая група пацыентаў, для якіх карысьць ад вакцынацыі не даказаная. Гэта пацыенты пасьля трансплянтацыі касьцявога мозгу і пацыенты, якія атрымліваюць імунатэрапію. Тым ня менш рызыкі непажаданых наступстваў ад вакцынацыі нашмат меншыя, чым рызыка цяжкага цячэньня інфэкцыі і верагоднасьць сьмерці ад ковіднай пнэўманіі.

— Якія парады анколяга Надзеі Пятроўскай у справе прафіляктыкі анкахваробы?

— Першае, чаго б я пажадала суайчыньнікам дзеля папярэджаньня сурʼёзных захворваньняў, у тым ліку анкалягічных, — гэта перастаць баяцца. Страх — гэта моцная дэструктыўная эмоцыя, якую можна і трэба кантраляваць. Нельга дазваляць страху кіраваць вашым жыцьцём.

Далей, больш мець стасункаў і абдымацца кожны раз, калі ёсьць такая магчымасьць. Сацыяльная актыўнасьць — важны фактар якасьці і працягласьці жыцьця.

Атрымлівайце задавальненьне ад магчымасьці рухацца. Танцуйце, бегайце, хадзіце са скандынаўскімі палачкамі, і зноў жа — лепей з аднадумцамі.

Пазьбягайце курэньня і пераяданьня, нават калі вельмі хочацца.

Ня грэбуйце штогадовымі прафіляктычнымі аглядамі. Гэта, да таго ж, магчымасьць пагутарыць з разумным чалавекам, няхай і стомленым, які, хутчэй за ўсё, на вашым баку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што анколягі не размаўляюць са сваімі пацыентамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міты і праўда пра рак. Эксклюзіўнае інтэрвію дырэктара анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах