Абавязковая сярэдняя адукацыя
Сярэдняя адукацыя згодна з новай рэдакцыяй Кодэксу аб адукацыі становіцца абавязковай — раней абавязковай была базавая адукацыя да 9 клясы ўключна. Завяршыць сярэднюю адукацыю вучні змогуць як у школе ў 10–11 клясах, так і ў каледжах і прафэсійных ліцэях.
На думку экспэрта па адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэя Лаўрухіна, гэта абмяжоўвае свабоду вучняў.
«Раней абавязковай была агульная базавая адукацыя, цяпер уводзіцца агульная сярэдняя адукацыя. Гэта азначае, што пасьля 9 клясы нельга выйсьці на рынак працы. Тым самым абмяжоўваецца свабода, магчымасьць карэляцыі з рынкам працы. Калі мы ізалюем маладых людзей ад рынку працы, яны ўжо не разумеюць, навошта ім патрэбная адукацыя», — кажа Андрэй Лаўрухін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы кодэкс аб адукацыі прызнаў дыстанцыйнае навучаньне самастойнай формай вучобыПашырэньне мэтавай падрыхтоўкі
Паступіць ва ўнівэрсытэт і раней можна было па мэтавым накіраваньні ад уладаў раёну. У такім выпадку выпускнік пасьля ВНУ мусіць адпрацаваць не 2, а 5 гадоў па разьмеркаваньні, але і паступае па асобным конкурсе. Раней мэтавая падрыхтоўка распаўсюджвалася на першую ступень вышэйшай адукацыі — бакаляўраў, а цяпер — і на магістраў.
«Ёсьць яшчэ нюанс, што ў кодэксе пішуць, што канкрэтны тэрмін адпрацоўкі пасьля такой адукацыі можа быць пазначаны ў дамове з працадаўцам, але ўказана, што ён ня меншы за 5 гадоў, то бок можа быць большы. Гэта такі акадэмічны прыгон. Таксама колькасьць падрыхтоўкі па мэтавым накіраваньні павялічваецца», — зважае Андрэй Лаўрухін.
Замест выпускных экзамэнаў — цэнтралізаваныя
Выпускнікі 9–11 клясаў будуць здаваць выпускныя экзамэны. Але з 2023 году ўводзяць цэнтралізаваныя экзамэны, каб прадметы на выпускных экзамэнах і цэнтралізаваным тэставаньні не дубляваліся. Сэртыфікаты аб здачы гэтых экзамэнаў стануць падставай для паступленьня ў ВНУ. Напрыклад, калі выпускніку трэба для паступленьня расейская ці беларуская мова і матэматыка, то ён здае гэтыя экзамэны адзін раз — на цэнтралізаваным экзамэне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выключылі з працоўнай групы Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыіУ школу змогуць браць у 5 гадоў
Раней у школу бралі дзяцей шасьці гадоў, або тых, каму шэсьць гадоў споўніцца да канца верасьня. Цяпер ёсьць магчымасьць прымаць у першую клясу дзяцей, якім спаўняецца шэсьць гадоў да 31 сьнежня першага навучальнага году.
Перад гэтым дзеці павінны атрымаць даведку, што гатовыя да навучаньня ў школе, а канчатковае рашэньне аб іх прыёме будзе за пэдагагічнай радай.
У старэйшыя клясы гімназіі — па конкурсе
Вучні 9 клясаў гімназіі раней проста маглі перайсьці далей у 10 клясу. Цяпер жа ўводзіцца конкурс — браць у старэйшыя клясы гімназій будуць на падставе сярэдняга бала аб агульнай базавай адукацыі і адзнак за прадметы, якія вывучаюцца на павышаным узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе за ўсімі сочаць». Як за год зьмянілася беларуская адукацыяМожна вучыцца ў СІЗА і дома
Новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі ўводзіць магчымасьць навучацца дома, пры наяўнасьці мэдычных паказчыкаў. Дзецям, якія знаходзяцца ў СІЗА, таксама даецца магчымасьць вучыцца.
«Агульная частка кодэксу ўводзіць дыстанцыйную адукацыю, і гэта павінна распаўсюджвацца на школу, згодна зь юрыдычнымі нормамі. Але ёсьць другая частка кодэксу, дзе ўдакладняецца, як павінна разьвівацца дыстанцыйная адукацыя па ступенях адукацыі, і там пра агульную і базавую адукацыю нічога няма. Нібыта там няма чаго ўдакладніць. Гэта гаворыць пра тое, што гэта не прыярытэтна», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Магчымасьць навучацца ў СІЗА экспэрт ацэньвае пазытыўна, але «пакуль не прапісана, як гэта можа быць рэалізавана».
Факультатывы ў суботу
Новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі дае магчымасьць праводзіць факультатывы ў школах у суботу (раней такая магчымасьць была толькі для вучняў старэйшых клясаў). Навучальны год цяпер будзе доўжыцца не да 31 траўня, а да 31 жніўня, то бок круглы год. Гэта ня значыць, што ў дзяцей ня будзе вакацый, — чыноўнікі гэта тлумачаць тым, што «ў школе працуюць летнікі і праводзяцца іншыя мерапрыемствы падчас вакацый».
«Няма свабоды ВНУ, няма самакіраваньня»
Пры ўступленьні Беларусі ў Балёнскі працэс у 2014 годзе замежныя і беларускія экспэрты ня раз казалі пра неабходнасьць надаць ВНУ самастойнасьць, увесьці ў іх самакіраваньне. Нічога з гэтага ў новай рэдакцыі кодэксу не прапісана.
«Як і раней, рэктары будуць прызначацца, будзе насаджацца ідэалёгія. Адукацыйныя ўстановы пазбаўленыя аўтаноміі і самакіраваньня, у гэтым сэнсе ўсё застаецца як было. Экспэрты грамадзянскага Балёнскага камітэту рабілі прапановы наконт гэтага яшчэ ў 2018 годзе. Пераменаў зь якасьцю адукацыі таксама не адбылося», — канстатуе Андрэй Лаўрухін.