Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь выключылі з працоўнай групы Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі


Пратэст беларускіх студэнтаў. 2020 г.
Пратэст беларускіх студэнтаў. 2020 г.

Празь няспынныя акадэмічныя рэпрэсіі Беларусь страціла месца ў кіраўніцтве працоўнай групы Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Такую прапанову ўнёс Эўрапейскі студэнцкі зьвяз.
Як паведамляе нямецкае выданьне Forschung & Lehre, такое рашэньне прынятае на паседжаньні Балёнскай групы ў Славеніі.

Тады ж Беларусі неафіцыйна прапаноўвалася адмовіцца ад сустаршынства ў групе, але Менск на гэта не пайшоў.

Беларусь павінна была прыступіць да кіраўніцтва працоўнай групай у другой палове 2022 году. Паколькі яна ня сябра Эўразьвязу, функцыі належала падзяліць з Чэхіяй. Аднак на паседжаньні краіны-сябры і міжнародныя арганізацыі скрытыкавалі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненьні да выкладчыкаў і студэнтаў у Беларусі.

Студэнцкія асацыяцыі і ініцыятыва «Грамадзкі Балёнскі камітэт» зарэгістравалі амаль 500 арыштаў студэнтаў, 12 чалавек асуджаныя паводле «справы студэнтаў», іх прызналі «схільнымі да экстрэмізму». Блізу 180 навуковых супрацоўнікаў пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі з палітычных матываў.

Згодна са зьвесткамі «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», крымінальныя справы заведзеныя супраць ня менш як паўсотні студэнтаў і выкладчыкаў, справы многіх дагэтуль застаюцца непублічнымі. Усе яны перасьледуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту, якія з 1 верасьня 2020 году практычна штодзень праходзілі ў ВНУ. Байцы АМАП затрымлівалі навучэнцаў проста ў сьценах іх альма-матэр.

Беларусь з другой спробы прынялі ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і Балёнскі працэс у 2015 годзе. Да таго пытаньне здымалася з парадку дня, бо адмысловая рабочая група прыйшла да высновы, што краіна да гэтага не гатовая — няма аўтаноміі ўнівэрсытэтаў, акадэмічных свабодаў, удзелу студэнтаў у самакіраваньні і іншага.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG