«Беларуськалій» трапіў пад амэрыканскія санкцыі, таму супрацоўніцтва зь ім пагражала непрыемнасьцям і літоўскаму боку.
Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка ў камэнтары для дзяржаўнага агенцтва БелТА зазначыў, што Беларусь пераарыентавала транзыт зь Літвы на Расею.
«Мы даўно рыхтаваліся да дадзенай сытуацыі, гэта было анансавана. Мы, як і абяцалі, свае пастаўкі пераарыентавалі. За кошт больш доўгага лягістычнага пляча нашы вытворцы крыху страцілі ў маржынальнасьці, але яна будзе кампэнсаваная ростам сусьветных цэнаў», — сказаў Галоўчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Беларусі паведаміў, чым адкажуць на адмову Літвы ў транзыце каліюТым ня менш расейскае выданьне «Коммерсантъ» піша, што альтэрнатыўных шляхоў паставак на сусьветны рынак беларускага калію папросту не існуе. «Менск нават не спрабаваў дамовіцца аб новых схемах з ключавымі расейскімі кампаніямі, у якіх ёсьць транспартныя магутнасьці», — піша выданьне.
Таксама «Коммерсантъ» лічыць, што беларускі калій на сусьветным рынку можа дастаткова хутка замяніць канадзкая кампанія Nutrien.
«Мне здаецца, што беларускі бок у пытаньні пераарыентацыя калію зь Літвы на Расею выдае жаданае за сапраўднае, — кажа расейскі экспэрт, кіраўнік аналітычнага аддзелу парталу Portnews Віталь Чарноў. — Транспартаваньне празь Літву таньнейшае за расейскі варыянт, але пытаньне нават ня ў гэтым, а ў магчымасьцях расейскіх партоў».
Паводле Чарнова, на сёньняшні дзень Расея ня можа сама абысьціся ў пытаньнях транспартаваньня мінэральных угнаеньняў без замежных партоў.
«У партах Расеі захоўваецца дэфіцыт магутнасьцяў для працы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі: каля 8 мільёнаў тон на год перагружаецца праз Латвію і Эстонію. Адпаведна, калі расейская інфраструктура ня можа пакуль забясьпечыць пераарыентацыю ўласных угнаеньняў, то гаварыць, што яна зможа прымаць 11 мільёнаў тон беларускіх, дастаткова цяжка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Клайпедзе цяпер 700 вагонаў „Беларуськалію“». Што адбываецца на чыгунцы пасьля забароны транзыту беларускіх угнаеньняўЯк вэрсію Чарноў гаворыць, што тэарэтычна беларускія аб’ёмы калію зможа прыняць тэрмінал «Ультрамар» у порце Усць-Луга, што ў Ленінградзкай вобласьці.
«Сёлета гэты тэрмінал выйдзе на магутнасьць у 12 мільёнаў тон у год, аднак трэба ўлічваць, што празь яго будуць ісьці і расейскія ўгнаеньні. Прыняць значны аб’ём беларускіх угнаеньняў, на мой погляд, на гэты момант можна толькі за кошт выцясьненьня расейскіх назад у парты Латвіі і Эстоніі, а гэта было б дастаткова дзіўным».
А ці ня будуць для расейскіх партоў стрымальным фактарам амэрыканскія санкцыі супраць «Беларуськалію»?
«Ніводзін прыватны стывідор (спэцыялізаваныя кампаніі, якія займаюцца пагрузкай і разгрузкай суднаў) не захоча зьвязвацца з санкцыямі. Хіба што толькі на на яго адміністрацыйна націснуць», — лічыць Віталь Чарноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст Леў Львоўскі: Беларускі ўрад ня быў гатовы да спыненьня транзыту калію Літвой